Дзеці працуюць у рамках Дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці насельніцтва». Часовая занятасць непаўналетніх аплачваецца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Дзеці набываюць новыя навыкі, атрымліваюць свой першы заробак. Работадаўцы маюць дапамогу, бо лета — сезон водпускаў. Бацькі таксама бачаць станоўчы эфект — школьнікі занятыя карыснай справай.
Некаторыя арганізацыі на сталай аснове бяруць на падпрацоўку школьнікаў. Напрыклад, Мастоўскае РУП ЖКГ. Як расказаў намеснік дырэктара РУП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Аляксандр ШНЫРЫН, згодна з рашэннем райвыканкама для дзяцей выдзелены 54 месцы. Аднак, як адзначаюць у арганізацыі, звычайна колькасць заўсёды перавышае запланаваную, бо дзеці праяўляюць цікавасць да падпрацоўкі.
— Акрамя таго, у летні перыяд да працы прыцягваюцца дзеці супрацоўнікаў ЖКГ, а таксама школьнікі, якія ўдзельнічаюць у розных праектах і ініцыятывах арганізацыі. Напрыклад, летась Мастоўскае РУП ЖКГ праводзіла конкурс школьных ініцыятыў «Мастоўшчына будучыні», у рамках якога хлопчыкі і дзяўчынкі пісалі эсэ на тэму будучага горада. Усе ўдзельнікі мелі магчымасць працаваць у арганізацыі ў летні перыяд у прыярытэтным парадку, — расказаў Аляксандр Шнырын.
Усе дзяўчынкі, якія працуюць у арганізацыі, падпарадкоўваюцца майстрам зялёнай гаспадаркі. Яны займаюцца доглядам кветак: дапамагаюць высаджваць расліны, праполваюць клумбы і ствараюць кветкавыя кампазіцыі. Хлопчыкі размяркоўваюцца па розных участках. Некаторыя з іх працуюць разам са сталярамі, нехта заняты на дарожным палатне або праполвае тэрыторыю.
Дзеці станоўча ацэньваюць вопыт сваёй работы, гавораць, што не супраць папрацаваць і наступным летам. Навучэнец Гімназіі № 1 імя Д. І. Ваўковіча Ігар Кавалеўскі прымаў удзел у добраўпарадкаванні горада, гэта быў яго першы досвед:
— Пра падпрацоўку мне мама падказала, вырашыў паспрабаваць. Бо да фізічнай працы я прывычны, заўсёды бабулі дапамагаю. Усё было добра падчас працы, вядома, прыходзілася рана ўстаць, але гэта дробязі. Асабліва разумееш гэта, калі атрымліваеш першы заробак, вельмі прыемныя адчуванні!
Навучэнец СШ № 5 г. Масты імя В. Л. Валадося Канстанцін Кохан ужо трэці раз працуе летам, кажа, што яму важна мець уласныя зберажэнні:
— У першы раз, калі працаваў, дапамагаў рыхтаваць школу да першага верасня, таксама ўдалося займець работу ў экалагічным цэнтры. На гэты раз працаваў у сістэме ЖКГ. У афіцыйным працаўладкаванні мне падабаецца тое, што гэта надзейна. Ты ведаеш, што ў цябе ёсць гарантыі і пасля заканчэння атрымаеш заробак.
Улад Леўчанка гэтак жа, як і Канстанцін, вучыцца ў СШ № 5 г. Масты імя В. Л. Валадося. Працаваў упершыню, можа падзяліцца толькі станоўчымі эмоцыямі.
— Мне спадабалася, што аб’ём работы суадносіцца з заработнай платай — за час працы я зарабіў больш за 300 рублёў. Нам дапамагалі старэйшыя калегі, праводзілі інструктаж, ды і ў цэлым можна было звярнуцца за парадай, падказкай. Гэта быў каштоўны досвед.
Праца ў Мастоўскім РУП ЖКГ дапамагае школьнікам зарабіць грошы і дае магчымасць атрымаць вопыт і навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучыні. Арганізацыя імкнецца стварыць умовы для ўсебаковага развіцця і прафесійнага станаўлення маладых людзей.
Дарэчы
Можна зарабіць тысячу і больш
Каля 30 тысяч маладых людзей працаўладкавана за два летнія месяцы, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
У ведамстве расказалі, што ў чэрвені-ліпені на работу выйшлі 29,6 тысячы студэнтаў і школьнікаў, што на 1,1 тысячы чалавек больш, чым у чэрвені-ліпені 2024 года.
Актуальныя вакансіі для падлеткаў можна знайсці на сайце Дзяржаўнай службы занятасці. На партале прадстаўлена 12,7 тысячы вакансій для працаўладкавання моладзі, сярод якіх шмат прапаноў з зарплатай каля 800 рублёў. Работадаўцы гатовы ўзяць маладых людзей на пасады паляводаў, падсобных рабочых, работнікаў па доглядзе жывёл, прадаўцоў (без матэрыяльнай адказнасці) і інш.
Да таго ж летні перыяд дыктуе сезоннасць. Так, наймальнікі актыўна прапаноўваюць падсобныя работы на збожжатаках, у лесагадавальніках і цяпліцах, а таксама работы па праполцы і зборы ягад. Напрыклад, у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці за праполку саджанцаў плацяць ад 800 да 1000 рублёў, у Вілейскім раёне Мінскай вобласці шукаюць афіцыянтаў з заработнай платай 1100 рублёў, а ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці — падсобных рабочых на збожжаскладзе з заработнай платай да 1200 рублёў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.