Top.Mail.Ru

Указ кіраўніка дзяржавы дае магчымасць задаволіць патрэбы пакупнікоў

09.08.2025 | 11:00

У васьмі раёнах краіны ствараюцца дадатковыя ўмовы для развіцця гандлю на вёсцы. Пра гэта заявіла журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч, каментуючы Указ Прэзідэнта № 294 ад 4 жніўня 2025 года.



Нагадаем, што ўказ дае магчымасць пашыраць гандлёвыя плошчы суб’ектам гандлю, доля ў аб’ёме рознічнага тавараабароту якіх у межах пэўных раёнаў перавышае 20 %. У 2018 годзе абмежаванне было знята на тэрыторыі Аршанскага раёна. Цяпер у гэты спіс трапілі Браслаўскі, Вілейскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Касцюковіцкі, Талачынскі, Хоцімскі і Шаркаўшчынскі.

— Сур’ёзных праблем у рабоце гандлю ў гэтых раёнах, у тым ліку і ў абслугоўванні насельніцтва ў сельскай мясцовасці, не назіраецца. Аднак, каб пашырыць зону гандлёвага абслугоўвання і ўдзельнікаў гандлю на вёсцы, гэты ўказ быў падпісаны на ўзроўні Прэзідэнта, — тлумачыць Святлана Караткевіч.

Паводле яе слоў, сёння гандлёвае абслугоўванне на сяле ажыццяўляецца пераважна суб’ектамі спажыўкааперацыі.

Намеснік міністра выказала ўпэўненасць, што навацыі ўказа дазволяць не толькі стварыць ім канкурэнцыю, але і пашырыць сацыяльную нагрузку на тыя гандлёвыя прадпрыемствы, якія ў большасці сваёй вядуць дзейнасць у вялікіх гарадах:

— Мы думаем, што гэты ўказ дазволіць палепшыць гандлёвае абслугоўванне на вёсцы. Такое рашэнне прынята ў выглядзе эксперымента, бо ў Аршанскім раёне, дзе такія меры ўводзіліся раней, атрыманы станоўчыя паказчыкі.

Такім чынам, суб’екты гандлю, якія ў гэтых васьмі раёнах ужо дасягнулі тавараабароту 20 %, змогуць развівацца далей, павялічваць сваю прысутнасць і аб’ёмы продажаў. Гаворка ідзе аб буйных гандлёвых сетках і іншых ахвотных суб’ектах гаспадарання. Ім будзе дадзена больш магчымасцяў у разліку на тое, што абслугоўванне пакупнікоў на вёсцы палепшыцца і неабходныя паслугі ім будзе аказваць не толькі спажыўкааперацыя.

Павялічваць гандлёвую плошчу можна будзе толькі пасля заключэння з райвыканкамам дагавора аб арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Таксама абавязкова ўзгадняць з райвыканкамамі маршруты руху аўталавак, якія гандлююць у сельскай мясцовасці.

— Гэта ўзгадненне маршруту і графіка руху, часу прыпынку, знаходжання ў тым ці іншым населеным пункце. Графік руху павінен быць прад’яўлены ў райвыканкам для таго, каб яго размясцілі на інтэрнэт-пляцоўках і ў месцах правядзення гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, — удакладніла намеснік міністра.

Працягвае дзейнічаць і Указ № 345 ад 22 верасня 2017 года

«Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», у тым ліку і ў частцы прэферэнцый, якія прадастаўляюцца суб’ектам гандлю на вёсцы.

У тэму

А што на месцы?

Якія станоўчыя змяненні прынёс указ, што ўжо дзейнічаў у Аршанскім раёне з 2018 года? Наколькі палепшылася гандлёвае абслугоўванне, мы даведаліся ў начальніка аддзела гандлю і паслуг Аршанскага райвыканкама Ірыны Марціновіч, якая адзначыла:

— Да 2018 года асноўная нагрузка па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, якое пражывае ў сельскай мясцовасці, прыходзілася на Аршанскае райспажыўтаварыства. Удзельная вага яго магазінаў у сельскіх населеных пунктах раёна складала 63 працэнты.

Аднак гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў прадпрыемствамі спажыўкааперацыі не забяспечвалася належным чынам. Аршанскае райспажыўтаварыства было стратным, мела вялікую крэдыторскую запазычанасць, у тым ліку пратэрмінаваную перад пастаўшчыкамі. Па прычыне вялікай запазычанасці перад прадпрыемствамі ўзніклі цяжкасці з пастаўкай тавараў у гандлёвую сетку, і ў выніку магазіны дрэнна забяспечваліся таварамі. Гэта выяўлена ў час маніторынгаў, праведзеных у 2017 годзе Кіраўніцтвам спраў Прэзідэнта сумесна з 

Камітэтам дзяржаўнага кантролю. Было ўстаноўлена, што Аршанскае райспажыўтаварыства не выконвала ў поўным аб’ёме функцыі па абслугоўванні сельскага насельніцтва раёна і не забяспечвала неабходны асартыментны пералік тавараў. Цэны на многія тавары значна перавышалі кошт аналагічнай прадукцыі гандлёвай сеткі горада Оршы.

Аршанскі райвыканкам інфармаваў кіраўніка дзяржавы аб становішчы спраў у гандлёвай галіне і аб прапанове, якая паступіла з боку ААТ «Еўрагандаль» аб рэалізацыі эксперыментальнага праекта па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна.

— У рамках рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе ў гэтым раёне адбылася замена асноўнага гандлёвага аператара ў сельскай мясцовасці — Аршанскага райспажыўтаварыства на ТАА «Еўрагандаль», — тлумачыць Ірына Марціновіч. — Так, да 2018 года ў раёне было 57 магазінаў Аршанскага райспажыўтаварыства. З іх у маі 2018 года 38 (адзін быў зачынены ў 2021 годзе) было перададзена ТАА «Еўрагандаль», тры пункты не былі прыняты таварыствам у сувязі з аварыйным станам, чатыры — перададзены іншаму ўласніку (у той час — «Орыс»), а 12 гандлёвых пунктаў на момант прыняцця рашэння аб іх перадачы (люты 2018 года) не функцыянавалі.

Але, адзначае суразмоўніца, у сувязі з наяўнасцю заканадаўчых норм абмежавання ў адносінах да дзейнасці гандлёвых сетак ТАА «Еўрагандаль» не мела магчымасці набываць, арандаваць дадатковую гандлёвую плошчу для ажыццяўлення гандлю:

— Калі ж у ліпені 2018 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 297 «Аб правядзенні эксперымента» (яго дзейнасць закончылася 31 снежня 2022 года), якасць і культуру гандлёвага аб-

слугоўвання жыхароў Аршаншчыны ўдалося палепшыць. ТАА «Еўрагандаль» атрымаў значныя прэферэнцыі для пашырэння рознічнай гандлёвай сеткі ў раёне. У рамках гэтага ўказа ў 2018–2022 годзе ТАА «Еўрагандаль» на Аршаншчыне адкрыла 15 магазінаў.

Паводле слоў Ірыны Марціновіч, у цяперашні час мясцовыя пакупнікі маюць магчымасць наведваць 56 магазінаў «Еўраопт», з іх 37 — у сельскай мясцовасці, 15 — у Оршы, два — у Барані і столькі ж — у гарпасёлку Арэхаўск.

— Вяскоўцаў Аршаншчыны, дзе адсутнічаюць стацыянарныя магазіны, у адпаведнасці з графікамі руху абслугоўваюць пяць аўтамагазінаў «Еўраопт». Нараканняў і скаргаў ад жыхароў няма. Цэны на тавары, якія рэалізоўваюцца ў ТАА «Еўраопт» у магазінах і аўтамагазінах у сельскай мясцовасці, такія ж, як і ў гарадскіх магазінах. Асартымент складае ад 1400 да дзвюх тысяч таварных пазіцый, у аўтамагазінах — 500-600. Аўтамагазіны «Еўраопт» абслугоўваюць 202 сельскія населеныя пункты раёна колькасцю каля 18,3 тысячы чалавек за сезон. Чатыры аўтамагазіны «Еўраопт» — гэта магазіны самаабслугоўвання, у якія можна зайсці як у звычайныя, — тлумачыць суразмоўніца.

Яна дадала, што доля другога па значнасці буйнога сеткавага аператара — ЗАТ «Дабраном» — у аб’ёмах рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах Аршанскага раёна за 2018 год — фінансавы год па статыстычных даных — склала 5,7 %, за 2019-ы — 6,9 %, за 2020-ы — 6,6 %, за 2021-ы — 9,08 %, за 2022-ы — 13,2 %, за 2023-ы —16,16 %, за 2024-ы — 18,17 %.

— Лічбы гавораць самі за сябе, — падсумоўвае Ірына Марціновіч. — Можна з упэўненасцю сказаць, што дзякуючы Указу Прэзідэнта «Аб эксперыменце» гандлёвае абслугоўванне жыхароў сельскіх населеных пунктаў Аршанскага раёна развіваецца актыўным тэмпамі. Мясцовых пакупнікоў задавальняюць і магчымасць выбару гандлёвых прадпрыемстваў, і шырокі асартымент тавараў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ і паводле БелТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю