Аграрыі не проста добра выконваюць сваю працу, але і ставяць рэкорды. Так, камбайнер з ААТ «Кухчыцы» Павел Шуціла, які ўжо не раз станавіўся героем публікацый «Звязды», першым у краіне пераадолеў мяжу ў 5 тысяч тон намалочанага збожжа. Раней герой жніва паставіў новы рэкорд намалоту за дзень на беларускім камбайне GS2124.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Здрок хваліцца вынікамі жніва і эканамічнымі паказчыкамі не прывык. А вось пра людзей, прызнаецца, можа казаць бясконца. Ён жа і сам калісьці пачынаў шлях у сельскай гаспадарцы простым механізатарам, называе сваю каманду адданай сваёй справе і малой радзіме. Іх любоў да роднай зямлі настолькі моцная, што яны за дзень жнуць двайную норму. І ім нават мала! «Нашы людзі — без перабольшання гонар не толькі гаспадаркі, але і ўсёй Беларусі, — адзначае ён. — Гэта яны ўслаўляюць наша прадпрыемства, а не валавыя аб’ёмы атрыманай сельгаспрадукцыі».
Дарэчы, рэкардсмены жніва працуюць на беларускай тэхніцы, якая не падводзіць. «Камбайн выдатны, малоціць чыста. Калі ставілі рэкорд, намалацілі, напэўна, 617 тон пшаніцы. Я працую на камбайне 15 гадоў, у гаспадарцы — 18. І ў гэтым годзе надвор’е не асабліва дапамагала. Даводзілася выходзіць на працу нават ноччу», — адзначыў адказны хлебароб-рэкардсмен Павел Шуціла.
На думку вадзіцеля ААТ «Кухчыцы» Андрэя Аляксейчыка, які з’яўляецца рэкардсменам па перавозцы, стымул да працы дае не толькі добрая тэхніка, але і дружны калектыў. Андрэй працуе ў гаспадарцы ўжо 13 гадоў. З дзяцінства захапляўся тэхнікай, ды і перад вачыма быў прыклад дзеда-трактарыста. Таму, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, вырашыў стаць вадзіцелям: «І ведаеце, ні разу не пашкадаваў! Стараюся дзеля сям’і: дома чакаюць жонка і дзве дачкі. Яны прывыклі, што летам магу падоўгу затрымлівацца. Але нават за рулём увесь час пра іх успамінаю».
Без сумневу, на ААТ «Кухчыцы» можна раўняцца. Быць першымі тысячнікамі сярод камбайнераў і вадзіцеляў у краіне — місія ганаровая і адказная, але за ёй стаіць велізарная праца хлебаробаў. «У нас працуюць прафесіяналы. Наш калектыў пастаянна ўдасканальваецца, кожны раз ўкараняем нешта новае. Думаю, на гэтым тыдні мы выканаем здачу дзяржаўнага заказу і ў максімальна кароткія тэрміны пастараемся завяршыць уборачную кампанію», — падсумаваў Сяргей Здрок.
На подзвігі аграрыяў падштурхоўвае не толькі ўсеагульнае прызнанне, але і ўзровень заработнай платы, які дазваляе забяспечыць годнае існаванне сем’ям хлебаробаў. Яе памер, вядома, — камерцыйная тайна, але можна быць упэўненым: лідары жніва дакладна не скардзяцца.
Дарэчы
З рэкамендацый Мінсельгасхарча па аплаце працы на ўборцы ўраджаю
- Узровень заработнай платы ў аграрыяў у значнай ступені залежыць ад ураджайнасці. Таму і даходы ўдзельнікаў жніва ў гаспадарках могуць істотна адрознівацца. У кожнай арганізацыі ў залежнасці ад стану хлебастою, ураджайнасці сельскагаспадарчых культур і іншых вытворчых умоў канкрэтна вызначаецца парадак аплаты працы.
- Для паляпшэння арганізацыі працы ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях патрабуецца стварыць спецыялізаваныя атрады (звёны) па ўборцы ўраджаю, устанавіць канкрэтныя нормы выпрацоўкі па відах работ, выкарыстоўваючы тыпавыя нормы, а таксама матэрыялы хронаметражных назіранняў. Пры гэтым вызначаецца сярэдняя даўжыня гону, ураджайнасць збожжавых, саломістасць, забруджанасць і палегласць хлебастою. На аснове нормаўтваральных фактараў і спосабаў уборкі ўраджаю вызначаецца норма выпрацоўкі ў дачыненні да маркі камбайна і з улікам біялагічнай ураджайнасці ўстанаўліваюцца расцэнкі для аплаты працы.
- У мэтах павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці механізатараў аплату іх працы рэкамендуецца ўстанаўліваць па здзельных расцэнках за тону намалочанага збожжа. Яны дыферэнцыююцца ў залежнасці ад якасных параметраў выканання работ.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.