Літаральна два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка наведваў гэта сельгаспрадпрыемства, дзе назіраў за ходам уборачнай кампаніі. На палетках Смалявіцкага раёна размова ішла і пра асаблівасці жніва на Міншчыне, у цэлым па краіне. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ўздымаў актуальныя пытанні для аграрнага сектара эканомікі: нарыхтоўка і захоўванне кармоў, пасеў будучага ўраджаю, эфектыўнае выкарыстанне ўгнаенняў, эксплуатацыя айчыннай тэхнікі, кадры ў сельскагаспадарчай сферы. У полі зроку беларускага лідара і праблема падзяжу жывёлы. Затым Прэзідэнт выказаў жаданне кіраўніку «Азярыцкага-Агра» Анжаліцы Гушчэні, каб яго запрасілі на ўборку рапсу.
Сказана — зроблена. Аляксандр Лукашэнка ў гэты адказны для сельскай гаспадаркі, у цэлым для краіны, час — зноў на палетках, у эпіцэнтры барацьбы за ўраджай. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам уборкі рапсу, перспектывамі вырошчвання гэтай культуры. Традыцыйна Прэзідэнт пашырыў кола пытанняў, якія з’яўляюцца важнымі для забеспячэння харчовай бяспекі краіны.
«Мы павінны сваё рабіць»
Падчас прыбыцця на азярыцкія палеткі Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прызначаючы намеснікам Прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча, які адказвае за прамысловы сектар эканомікі, ён ставіў перад ім дзве канкрэтныя задачы: зрабіць прэс не горшы за імпартны і робат для даення кароў.
«У нас вялізная колькасць саломы, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І ёй (кіраўніку „Азярыцкага-Агра“ Анжаліцы Гушчэні. — „Зв“.) прасцей убраць ураджай, чым потым вызваляць палі ад саломы. Але калі будуць добрыя прэсы, яна, як кажуць, будзе ў шакаладзе. У яе не будзе праблем. Але давайце шчыра казаць, як бы сумна ні было, у нас імпартны прэс на сёння лепшы, чым наш».
«Ён дамінуе», — сказаў намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Шулейка.
«Я не ведаю, дамінуе ён або не па забяспечанасці сельскай гаспадаркі, але раз ты кажаш, напэўна, так. Але мы павінны сваё рабіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У гэтай сувязі ён нагадаў пачатак сваёй прэзідэнцкай кар’еры, калі МАЗ мала што вырабляў, акрамя аўтобусаў «Neoplan». Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў жорсткую задачу — праз некалькі гадоў адмовіцца ад усялякага замежнага. «Тэхналогіі яны атрымалі ад немцаў, праз некалькі гадоў яны сышлі ад замежнікаў, — канстатаваў ён. — Мы сёння маем свой аўтамабіль. Там таксама нешта можа быць імпартнае, але гэта наша машына. Ніхто не скажа, што яна імпартная».
- Па такім жа прынцыпе, па словах кіраўніка дзяржавы, варта працаваць і з вытворчасцю прэспадборшчыкаў. «Рабіце! Нам патрэбен прэс. Для таго, каб даць ім магчымасць вызваліць своечасова палі, прыбраць салому». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзесьці спрабуюць высушыць сена па-старому. Аднак з-за ўмоў надвор’я, якое апошнім часам усталявалася ў Беларусі, нарыхтаваць і захаваць якаснае сена для наступнага кармлення жывёл няпроста. Адным з варыянтаў нарыхтоўкі кармоў з’яўляецца іх кансервацыя ў плёнку. Такі эксперымент Прэзідэнт праводзіў, і ўдала, на ўласнай ферме.
«Хочам мы таго або не, атрымаецца сена — нарыхтуем, загорнем як салому, — канстатаваў беларускі лідар. — Добры гаспадар пад дах пакладзе, а не ў сетку загарнуў і кінуў на краі поля, а яно ўсё згніло. Не атрымліваецца — у плёнку загарнулі, кансерву гэту скармілі жывёле. Таму прэс патрэбен не толькі для таго, каб прыбраць салому, а і для таго, каб прыгатаваць замест сена падобнае нешта на сена. Вось для чаго нам патрэбны прэс. Мы без яго не абыдземся. Калі камбайн мы сёй-той атрымалі, быццам ён не ўступае замежнаму. Ёсць над чым працаваць».
Што датычыцца вырабу айчыннага робата для даення кароў, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна ісці па шляху інтэнсіўнай механізацыі ў сельскай гаспадарцы і іншых сферах. «Людзей усё менш і менш становіцца, таму нікуды не дзенемся, будзем ісці, як Захад калісьці ішоў, — заўважыў ён. — У іх таксама людзей няма. Гэта (робат для даення кароў. — "Зв.") нам вельмі патрэбна».
«Нам трэба мільён атрымаць дакладна»
«Люба-дорага паглядзець на поле, — даў высокую ацэнку палеткам "Азярыцкага-Агра" Прэзідэнт. — Апрацавана, усё прыгожа. Акультурылі. Калі б у нас так палі апрацоўвалі ўсюды, і рапс, і нашы гібрыды мелі б ураджайнасць калі не 50 цэнтнераў з гектара, то 45 дакладна».
Пры гэтым так не па ўсёй краіне. «Чаму вы ўвесь час мне абяцаеце, але дагэтуль вы не зрабілі ўстойлівыя да палягання культуры?» — пацікавіўся ў спецыялістаў Прэзідэнт і прывёў у прыклад мясцовы рапс, назваўшы яго «лесам».
Загадчыца аддзела алейных культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Ядвіга Пілюк падрабязна расказала пра асаблівасці вырошчвання азімага рапсу, забеспячэнне насеннем гэтай культуры, яе тэрміны ўборкі і высадкі. Акурат на полі, дзе вялася размова, ішла ўборка рапсу, а насупраць высейвалі будучы ўраджай беларускага золата, як гэту культуру ўжо ахрысцілі ў народзе.
«Я баюся, каб мы не паспяшаліся і рапс не перарос», — выказаў свае апасенні кіраўнік дзяржавы.
Ядвіга Пілюк запэўніла, што пасяўная ідзе па плане. «Найперш рапс — гэта алей, — сказала яна пра перавагі гэтай культуры. — Мы займаем шостае месца ў свеце па рэалізацыі алею. Рапс — гэта бялок. Мы выкарыстоўваем яго ў жывёлагадоўлі. І рапс — гэта добры папярэднік. Усе палі пасля рапсу засяваюцца пшаніцай, высокапрадукцыйнымі культурамі, якія даюць нам прыбаўку. Гэта культура сучаснасці і будучыні».
Азімы рапс сёлета займае плошчу 370 тысяч гектараў, яравы рапс — 48 тысяч гектараў. Калі ў 1980-х гадах гэту культуру ўвогуле не апрацоўвалі ў краіне, а потым, паводле ацэнкі замежных экспертаў, лічылі, што для рапсу падыходзяць толькі пэўныя глебы, то цяпер дзякуючы распрацаванай у Беларусі тэхналогіі вырошчвання, падтрымцы дзяржавы і асабіста Прэзідэнта азімы рапс усё часцей можна сустрэць на нашых палетках
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідзе работа па вытворчасці айчынных гібрыдных сартоў рапсу. Па словах загадчыцы аддзела алейных культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, прапорцыя выкарыстання насення свайго і імпартнага — 80 і 20 адпаведна. Аляксандр Лукашэнка арыентуе на нарошчванне долі ўласнага насення, паляпшэнне яго якасці.
«Толькі за апошнія 10 гадоў мы стварылі 30 сартоў рапсу, пастаянна абнаўляем вытворчасць — попыт вялікі, — праінфармавала Ядвіга Пілюк. — Мы толькі на сёння прадалі 110 тон насення». І гэта ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з больш як 20 найбуйнейшымі фірмамі свету!
Беларускі лідар арыентуе аграрыяў на атрыманне ўраджаю масланасення рапсу каля мільёна тон. «Нам трэба мільён атрымаць дакладна», — падкрэсліў ён.
«Сёлета мы яго атрымаем, валавы збор, — сказала Ядвіга Пілюк. — Будзем глядзець, як дадасць нам яравы рапс». Па словах спецыяліста, нягледзячы на ўмовы надвор’я, атрымаецца сабраць не менш за мільён тон рапсу, алейнага семя будзе крыху менш. Летась, удакладніла яна, ураджай алейнага семя склаў мільён тон.
«Нам бы на гэтым і ўтрымацца», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Будзе ўвага да культуры — чакаць добрага выніку. «Мне адзін фермер казаў: «40 разоў на поле заязджаю, маю 40 з лішнім цэнтнераў...», — сказаў беларускі лідар, кажучы аб тым, як трэба адносіцца да працы.
«Хочаш быць здаровым — трэба выкарыстоўваць рапсавы алей»
Размова на палетках, безумоўна, ішла і пра карысць рапсавага алею для здароўя. «Чаму мы так кажам пра гэты рапс? Ніяк не можам народ прывучыць да гэтага алею. Сапраўды, вельмі карысны прадукт. Сланечнікавы алей — не тое. Адным словам, тое, што рапс — карысная культура, мы гэта ўжо ведаем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што сам ужывае рапсавы алей, і параіў прыгледзецца да гэтага прадукту тым, хто пакуль яшчэ яго не выкарыстоўвае ў сваім рацыёне. «Вельмі карысны алей. Вельмі карысны, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — І ўвогуле я прыхільнік таго, каб харчавацца тым, што ў цябе расце».
Віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка заўважыў, што за два гады спажыванне гэтага прадукту ў Беларусі павялічылася на 20 %. «Ну і добра. Вельмі добрая штука. Хочаш быць здаровым — трэба выкарыстоўваць гэты алей», — парэкамендаваў кіраўнік дзяржавы і асабіста ацаніў на смак алей, які вырабляецца на сельгаспрадпрыемстве.
Таксама Аляксандр Лукашэнка пачаставаў гэтым прадуктам журналістаў. Шклянку алею Прэзідэнт перадаў і старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксею Кушнарэнку, які 8 жніўня адзначае 50-годдзе. На пачатку сустрэчы ў «Азярыцкім-Агра» кіраўнік дзяржавы ўручыў губернатару падарунак, які прывёз з Валаама, — ікону Георгія Перамоганосца.
«Таму рапсу — быць! — канстатаваў беларускі лідар. — Мы ўжо памацалі, а ў сельскай гаспадарцы наскокам не возьмеш. Мы паступова прыйшлі да таго, што нам трэба мільён тон мінімум рапсу пасля дапрацоўкі. Тэхналогію трэба жорстка выконваць. Тады будзе вось такі "лес" (як на палетках ААТ "Азярыцкі-Агра". — "Зв.") Лепшага я не бачыў рапсу. Лепшы — толькі ў Гродзенскай вобласці, у асобных гаспадарках».
Звяртаючыся да Ядвігі Пілюк, Прэзідэнт папрасіў стварыць добрыя беларускія сарты рапсу. «Дай беларускі гібрыд! Можаш нічога не рабіць, але дай два сарты», — сказаў ён.
«Сяляне — малайцы»
Прэзідэнт канстатаваў: умовы надвор’я сёлета няпростыя, што ўплывае на тэмпы і ўмовы ўборачнай кампаніі. Аднак нягледзячы на гэта, аграрыі дэманструюць вельмі прыстойныя вынікі. Аляксандр Лукашэнка пахваліў Брэсцкую вобласць, якая перасягнула планку мільёна тон па намалоце (без рапсу). Дарэчы, каравай ад першага рэгіёна-мільённіка — ужо ў Палацы Незалежнасці.
«Скажу публічна: сяляне — малайцы ў гэтым годзе, — сказаў ён. — Мы людзі такія, славяне: калі складаней, мы пачынаем напружвацца і працаваць па-сапраўднаму. Па-мойму сёлета асабліва механізатары, камбайнеры бачаць, што ўраджай добры (сыпецца добра), і пачынаюць па-чалавечы працаваць. Сёлета малайцы! Як ніколі. Я вось гэта адчуваю».
«Захаваем карову і атрымаем тое, што трэба»
Асобна Прэзідэнт спыніўся на вытворчасці плёнкі, якая выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы кармоў прэс-падборшчыкамі і іх наступнай кансервацыі. Па словах старшыні Мінаблвыканкама, гэты матэрыял займае вялікую ўдзельную вагу ў агульным кошце (да 60%) пры выкананні гэтых работ. Па яго словах, рабіць нарыхтоўку кармоў такім спосабам значна даражэй, чым звыклай тэхналогіяй закладкі кармоў у траншэі. Аднак пры кансервацыі ў плёнку захаванасць кармоў, а таксама іх якасць значна вышэйшая, што, безумоўна, уплывае на захаванасць жывёлы, якая ўжывае гэты корм.
Выслухаўшы спецыялістаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кансервацыя кармоў у плёнку — справа добрая. «Калі тэхналагічна зрабіць усё як трэба, атрымаецца ідэальная, стапрацэнтная захаванасць, — удакладніў ён. — У сянажнай траншэі мы заўсёды маем страты. А якасць кармоў... Накармілі карову — цяляты загінулі. Ды і сама карова загіне».
- Аляксей Кушнарэнка праінфармаваў, што ў Мінскай вобласці выкарыстоўваецца плёнка пяці вытворцаў, з якіх два -- беларускія і тры -- кітайскія. Па характарыстыках і цане — прыкладна супастаўныя. Прэзідэнт адзначыў, што сяляне скардзяцца на дарагавізну плёнкі, а таму паставіў задачу знізіць кошт айчыннай плёнкі, каб яе доля ў сабекошце работ па кансервацыі кармоў знізілася з цяперашніх 60 % да прыкладна 30-35 %.
«Але гэта (такую нарыхтоўку кармоў. — "Зв.") нават пры 60% трэба рабіць, бо захаваем цялят, захаваем карову і атрымаем тое, што трэба, — зарыентаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтаму трэба ўдзяляць сур’ёзную ўвагу».
Пры гэтым для работы на прэсах, удакладніў Прэзідэнт, патрэбны добрыя механізатары. «Добры механізатар — прэс любы працуе, — сказаў ён. — Такі, які шалтай-балтай, не вельмі акуратна працуе, — бяда».
У завяршэнні работы на палетках Аляксандр Лукашэнка удакладніў, якая цяпер лакалізацыя пры вытворчасці прэс-падборшчыкаў на айчынных прадпрыемствах. Высветлілася, што яна складае каля 35-40 %, але асноўныя вузлы — замежнай вытворчасці. «Прэс — гэта цуд! Гэта вялікая справа — толькі з сабекоштам трэба папрацаваць», — сказаў ён.
Зноў прагучала задача па імпартазамяшчэнні, бо без прэсаў-падборшчыкаў абысціся нельга. «Калі будзе прэс айчынны добры, мы не толькі купляць яго будзем, а будзем яго прасоўваць усюды, асабліва ў Расіі. Я ж з губернатарамі пастаянна сустракаюся, але вы зрабіце сваё!» — рэзюмаваў беларускі лідар.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Смалявіцкі раён