Новы сістэматызаваны дакумент закліканы аб’яднаць нормы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалагічнай бяспекі. Кодэкс павінен стаць асноўным заканадаўчым актам, які рэгулюе экалагічныя праваадносіны, замяніць шэраг прыродаахоўных законаў апошніх дзесяцігоддзяў.
Праект Экалагічнага кодэкса складаецца з 10 раздзелаў, 43 глаў і 349 артыкулаў. У дакумент увайшлі прававыя інстытуты і механізмы, закладзеныя на сённяшні час у законах «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб ахове атмасфернага паветра», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб абыходжанні з адходамі» і іншых. Уключаны і асобныя палажэнні кодэксаў аб зямлі, нетрах, ляснога і воднага кодэксаў, законаў «Аб раслінным свеце» і «Аб жывёльным свеце».
— Паколькі дакумент уключае палажэнні васьмі законаў і шасці заканадаўчых актаў па пытаннях аховы кампанентаў прыроднага асяроддзя, у ім аб’яднаны масіў існуючага паняційнага апарату. Гэта больш за 200 тэрмінаў і іх вызначэнняў. Таксама падчас работы па кансалідацыі і кадыфікацыі заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя ў праект кодэкса ўключаны нормы 12 палажэнняў, зацверджаных пастановамі ўрада. Гэта прыменена ў адносінах да Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя і ўсіх відаў маніторынгу, экалагічнага аўдыту, рэестра тарфянікаў і іх інвентарызацыі, пераліку службовых асоб Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органаў, якія маюць права кантраляваць галіны аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання прыродных рэсурсаў, грамадскай экалагічнай экспертызы, — расказаў начальнік упраўлення экалагічнай палітыкі, навукі і інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Раман ЛАБАЗНАЎ.
Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды Сцяпана ДУБНІЦКАГА, у праекце кодэкса вызначаны асноўныя мэты кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, пералік дзяржаўных органаў, якія праводзяць яго ў адпаведнасці з існуючай сістэмай і актамі заканадаўства кантрольнай дзейнасці. Устаноўлены парадак кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, — такі ж, як і ў дзеючым заканадаўстве.
Сярод новаўвядзенняў — парадак ліквідацыі назапашанай шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта комплекс мерапрыемстваў па ліквідацыі шкоды навакольнаму асяроддзю, што ўзнікла ў выніку мінулай гаспадарчай і іншай дзейнасці юрыдычных або фізічных асоб, абавязкі па ліквідацыі якой не былі выкананы або выкананы не ў поўным аб’ёме.
— Вызначаны аб’екты назапашанай шкоды навакольнаму асяроддзю, кампетэнцыі органаў дзяржкіравання на ўстанаўленне парадку выяўлення, ацэнкі рэестра такіх аб’ектаў, а таксама арганізацыя работ па ліквідацыі шкоды, — адзначыў Сцяпан Дубніцкі.
Для распрацоўкі праекта Экалагічнага кодэкса Мінпрыроды сфарміравана рабочая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі практычна ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання, эксперты Мінпрыроды і навукоўцы.
Праект дакумента прайшоў першы этап узгаднення з органамі дзяржаўнага кіравання. У дапамогу Мінпрыроды для распрацоўкі праекта кодэкса Пастаянная камісія па экалогіі і прыродакарыстанні праводзіць выязныя пашыраныя пасяджэнні. Адно з іх адбылося ў мінулым кастрычніку на базе РУП «Бел НДЦ „Экалогія“» і датычылася перапрацоўкі адходаў.
— З цягам часу практыка, жыццё, вопыт паказваюць, што адходаў становіцца больш, а працэнт перапрацоўкі і канфіскацыі не вельмі вялікі. На базе РУП «Бел НДЦ «Экалогія» і дадаткова яшчэ ў рамках Саюзнай дзяржавы мы выязджалі, напрыклад, у Ніжагародскую вобласць і там вывучалі вопыт перапрацоўкі адходаў і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, наведвалі прадпрыемствы. Вопыт нам дапамагае ўбачыць тыя ці іншыя пытанні, якія мы можам прымяніць тут, у Беларусі, — растлумачыла старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ.
На выязных пашыраных пасяджэннях у сакавіку і чэрвені 2025 года былі абмеркаваны пытанні гідраметэаралагічнай дзейнасці, а таксама практыка прымянення заканадаўства аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.
— Так, сёння ёсць нюансы і пытанні па крытэрыях адбору гэтых тэрыторый: хто імі будзе займацца, у чыім яны карыстанні, як ідзе работа і фінансаванне ў тым ліку, таму што гэтыя работы патрабуюць пэўнай увагі, —падсумавала дэпутат.
Як адзначыў Раман Лабазнаў, быў сабраны вялікі масіў прапаноў з улікам практыкі прымянення дзеючых законаў. Цяпер ідзе дапрацоўка праекта кодэкса, ён рыхтуецца да паўторнага ўзгаднення, пасля чаго дакумент будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне.
— У цэлым значных змяненняў у дзеючае заканадаўства праектам не прадугледжваецца. Гэта абумоўлена двума фактарамі: сталай і стабільнай сістэмай заканадаўчых актаў, якія рэгулююць дадзеныя пытанні, і комплекснай перапрацоўкай законаў, — падкрэсліў прадстаўнік Мінпрыроды.
Александрына ПАРШЫНА