Top.Mail.Ru

Лета 2025 года пабіла рэкорды па колькасці штармавых папярэджанняў

Апошні лівень — не апошні

Кліматычныя зрухі адбіваюцца не толькі на надвор’і, але і на сельскай гаспадарцы, здароўі людзей, інфраструктуры, экалогіі. Лета 2025 года стала асабліва паказальным у гэтым сэнсе. Аналізам бягучых кліматычных умоў падзяліліся эксперты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет).

Залевы і хвалі цяпла

Вельмі моцныя ліўні (34-40 мм) абрынуліся на Мінск 15 ліпеня. У цэлым жа за два летнія месяцы ў Беларусі выпала 222 мм ападкаў — столькі звычайна прыпадае на ўвесь сезон. Можна сказаць, што летні «ліміт» дажджоў краіна вычарпала датэрмінова. Такія аб’ёмы фіксуюцца ў сярэднім толькі раз на 12 гадоў.

  • Адна з трывожных тэндэнцый апошніх гадоў — хвалі цяпла. Раней яны былі рэдкімі і кароткімі, цяпер жа паўтараюцца кожны год і значна больш доўгія. Акрамя таго, Алена Камароўская, вядучы інжынер-метэаролаг аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Белгідрамета, зазначае: «Тэмпература паветра ў Беларусі кожныя 10 гадоў павышаецца на 0,4 °C. Лічыцца, што гэта звязана з антрапагеннай дзейнасцю, якая прыводзіць да росту канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы». У ліпені 2010 года ў Гомелі была зафіксавана тэмпература +38,9 °C, якая стала абсалютным рэкордам. Ранейшае дасягненне —+38,0 °C, — адбылося ў Васілевічах і трымалася ажно з 1946 года.

А што наконт небяспечных з’яў надвор’я? У норме на працягу года ў Беларусі іх рэгіструецца ад 9 да 20. Гэта ў асноўным лакальныя выпадкі: шквалы, праліўныя дажджы, моцны вецер. Аднак бываюць і тыя, што закранаюць адразу большую частку краіны. Да іх спецыялісты адносяць замаразкі, хвалі цяпла і перыяды высокай пажарнай небяспекі. Паводле слоў Алены Камароўскай, больш за палову інцыдэнтаў (52 %) звязана з інтэнсіўнымі ападкамі — моцнымі дажджамі і ліўнямі. Прычым 85 % усіх небяспечных з’яў прыпадае менавіта на цёплую пару.

Колер небяспекі — аранжавы

Згодна са статыстыкай, толькі за чэрвень і ліпень гэтага года аранжавы ўзровень пагоднай небяспекі аб’яўляўся 49 разоў. Гэта найвышэйшы паказчык за апошнія 10 гадоў. Для параўнання: у 2024 годзе — 48, у 2023 — 35, а ў 2019-м — усяго 21 папярэджанне. У 2025-м часцей за ўсё гаварылі аб навальніцах (38 разоў), шквалах (29), моцных ліўнях (32), градзе (11) і высокіх тэмпературах (13):

— Вельмі часта да аранжавага ўзроўню ставяцца легкадумна. Але ён азначае рэальную пагрозу, — расказвае Таццяна Чатырка, начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета. — За апошнія 50 гадоў колькасць катастроф, звязаных з надвор’ем і кліматам, ва ўсім свеце павялічылася ў 5 разоў.

Сёння такія катастрофы складаюць каля 50 % усіх бедстваў, якія адбываюцца штогод. І больш за ўсё, у тым ліку і ў Беларусі, пакутуе сельская гаспадарка:

— У апошнія гады зіма бясснежная, што з’яўляецца вельмі сур’ёзным выпрабаваннем для азімых культур. У першую чаргу, вядома, для азімага рапсу, які найбольш уразлівы да перападаў тэмпературнага рэжыму і адсутнасці снежнага покрыва, — канстатуе Кацярына Істоміна, начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета. — Не варта забываць і вясновы час, калі з-за вельмі працяглага перыяду з нізкімі тэмпературамі гаспадаркі краіны недаатрымалі ўраджай пладовых і ягадных культур, шматгадовых траў. А недахоп цяпла ў першых двух летніх месяцах неспрыяльна адбіваўся на развіцці такіх культур, як кукуруза, грэчка, памідоры, агуркі і інш.

Калі раней галоўнай праблемай была засуха, то цяпер —пераўвільгатненне. У Віцебскай вобласці, напрыклад, глеба заставалася празмерна вільготнай больш за месяц, што прывяло да застою вады і палягання пасеваў, распаўсюджвання фітафторы на бульбяных палях. У развіцці большасці культур адзначаецца таксама адставанне ад леташніх тэрмінаў.

Тым не менш не ўсё так змрочна: умераныя тэмпературы і дастатковая вільгаць спрыялі добраму наліву збожжа і росту караняплодаў. Ураджай збожжавых, як абяцаюць спецыялісты, сёлета чакаецца дастойны, хоць дажджы і запавольваюць уборку ўраджаю.

Папярэджаны — значыць жывы-здаровы

Якія сюрпрызы надвор’я могуць чакаць беларусаў у найбліжэйшыя дні? Ці ёсць рызыка новых тэмпературных скачкоў або экстрэмальных ападкаў? Па папярэдніх даных, яны могуць вярнуцца ўжо ў выхадныя. Дождж і моцны вецер трэба чакаць у нядзелю і панядзелак. Што да доўгатэрміновага прагнозу, то тэмпература паветра ў жніўні, хутчэй за ўсё, будзе ў межах кліматычнай нормы або крыху цяплей — да аднаго градуса вышэйшая за звычайныя значэнні.

Месяц пачаўся спакойна, але метэаролагі папярэджваюць: атмасферны фронт можа прынесці новыя ліўні, навальніцы і шквалы. У цэлым жа жнівень застанецца нестабільным і можа рабіць сюрпрызы, да якіх заўсёды трэба быць гатовымі. Асабліва, калі плануецца адпачынак на прыродзе.

— Вопыт апошніх гадоў паказвае: шмат людзей становяцца пацярпелымі не з-за адсутнасці інфармацыі аб надвор’і, а з-за яе ігнаравання. Людзі працягваюць адпачываць каля вады ў навальніцу, ставяць машыны пад дрэвамі пры штармавым папярэджанні і вераць, што «пранясе», — адзначае спецыяліст

У бягучым годзе Белгідрамет удалося павялічыць своечасовасць папярэджанняў амаль на 4 гадзіны. У сярэднім час паміж іх складаннем і надыходам неспрыяльнай або небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы за два летнія месяцы склаў 17 гадзін 42 хвіліны. Раней гэты інтэрвал быў прыкметна карацейшы — 13 гадзін 47 хвілін. Розніца можа здацца камусьці малаважнай, але ва ўмовах імклівых навальніц, ліўняў ці шквалістага ветру яна можа сыграць вырашальную ролю ў папярэджанні шкоды або выратаванні жыцця.

Метэаролагі адзначаюць: сістэма папярэджанняў працуе ўсё больш дакладна і аператыўна, забяспечвае важную перавагу ва ўмовах нарастаючай кліматычнай нестабільнасці. Тым не менш далёка не ўсё ў руках чалавека. «Ні Белгідрамет, ні МНС не могуць стаць сцяной і спыніць стыхію, — падкрэслівае Таццяна Чатырка. — Але падрыхтавацца да яе — у нашых сілах».

Аміна Назарава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю