Як павысіць эфектыўнасць функцыянавання ланцужка «ідэя — фундаментальныя даследаванні — прыкладныя даследаванні — укараненне ў вытворчасць», навошта акадэмічным навукоўцам, вытворцам чытаць лекцыі студэнтам і як вопыт навукоўцаў дазваляе аператыўна праводзіць імпартазамяшчэнне ва ўмовах санкцый? Пра гэта і многае іншае расказаў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік у інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны» па выніках нядаўняй нарады ў кіраўніка дзяржавы.
Задача — павысіць эфектыўнасць
«На нарадзе абмяркоўваліся розныя праблемы, у тым ліку неаптымальная структура Акадэміі навук. Трэба падумаць, якім чынам зрабіць яе больш эфектыўнай, каб захаваць і прымножыць наяўныя вынікі. Другая праблема — частка тэм не валодае навуковай навізной і вялікай актуальнасцю, але работу па іх выконваюць для таго, каб забяспечыць бягучую дзейнасць навуковых устаноў. Таму абмяркоўвалася магчымасць падзяліць падыходы па фінансаванні бягучай дзейнасці і непасрэдна навуковых праектаў», — сказаў Уладзімір Каранік.
Таксама на нарадзе адзначана неабходнасць павысіць эфектыўнасць функцыянавання ланцужка «ідэя — фундаментальныя даследаванні — прыкладныя даследаванні — укараненне ў вытворчасць».
- «Ужо не раз мы падступаліся да такой тэмы, як падыходы да фінансавання рызыкоўных праектаў або, як цяпер модна казаць, венчурнага фінансавання. Мы з Саветам Міністраў будзем і далей выпрацоўваць механізмы, каб гэтая частка ланцужка працавала больш эфектыўна і не пладзіла ўтрыманства, але, з іншага боку, каб быў прастор для новых ідэй, якія пасля становяцца паўсядзённай рэальнасцю, прыносяць фінансавыя даходы, павышаюць прэстыж нашай навукі. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні павінны завяршацца стварэннем эксперыментальнай устаноўкі, эксперыментальнага ўзору, доследна-прамысловай партыі. Калі мы ідзём да ўкаранення на вытворчасць, мы павінны быць абсалютна ўпэўненыя ў тым, што гэтая распрацоўка сапраўды адпрацуе так, як трэба, не прыйдзецца доўгі час даводзіць яе да розуму і пагаршаць якасць гатовай прадукцыі. Якім чынам забяспечыць магчымасць аператыўнага выпуску доследна-прамысловай партыі, за кошт чаго забяспечыць дафінансаванне, давядзенне да ладу навуковых распрацовак — цяпер з гэтым ёсць пэўныя пытанні. Акадэміі навук, Савету Міністраў даручана гэтыя пытанні ўрэгуляваць. А што тычыцца ўкаранення, гэта адказнасць заказчыка. Калі хтосьці з дзяржрэгулятараў у навукоўцаў замаўляе рашэнне нейкага пытання і навукоўцы вырашылі гэтае пытанне якасна, выдалі нейкі прадукт, то далей ужо заказчык нясе адказнасць за тыражаванне распрацоўкі, за тое, каб яна не ляжала на паліцы да лепшых часоў», — падкрэсліў Старшыня Прэзідыума НАН.
На яго думку, таксама вельмі важна, каб акадэмічныя навукоўцы, работнікі вытворчасці, прадстаўнікі галіновых навуковых устаноў мелі магчымасць чытаць лекцыі студэнтам. «Гэта павышае прэстыж нашых ВНУ, робіць іх больш практыкаарыентаванымі. А яшчэ дазваляе па бляску ў вачах, па пытаннях пасля лекцый, па выказаных ідэях адбіраць у ВНУ будучых даследчыкаў», — сказаў Уладзімір Каранік.
Ні на адным прадпрыемстве канвеер не спыніўся
У інтэрв’ю Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук закрануў і тэму ўдзелу навуковай супольнасці ў найважнейшых для краіны эканамічных працэсах. Так, напрыклад, вопыт вучоных Беларусі дазваляе аператыўна праводзіць імпартазамяшчэнне ва ўмовах санкцый.
«Нягледзячы на абмежаванні па пастаўках запасных частак, камплектуючых, уключэнне нашых вядучых заводаў у санкцыйны спіс, ні на адным прадпрыемстве канвеер не спыніўся. Аператыўна праводзіліся імпартазамяшчэнне, замена камплектуючых, выкарыстоўваўся вопыт айчынных навукоўцаў, каб максімальна хутка зрабіць элементы, якія адсутнічаюць, для забеспячэння ўстойлівасці тэхналагічнага працэсу.
Машынабудаванне апынулася ў такой сітуацыі, калі рашэнні трэба было прымаць хутка і эфектыўна. Над гэтым працавалі канструктарскія бюро нашых заводаў-флагманаў, Міністэрства прамысловасці, навуковыя інстытуты. І гэтая работа пад кантролем урада і кіраўніка дзяржавы была паспяховай. Цяпер знойдзены новыя партнёры, але работа па павышэнні лакалізацыі працягваецца, яна не спынілася, таму што мы разумеем: у нашым неспакойным свеце заўсёды трэба мець запасныя варыянты», — расказаў Уладзімір Каранік.
Традыцыйна праводзіцца работа ў галіне фармацэўтыкі. «Даручэнне кіраўніка дзяржавы — забяспечыць лекавую незалежнасць, бяспеку нашай краіны. Мы паціху падступаемся да новага класа прэпаратаў. Гэта не толькі таблеткі альбо стандартная хіміятэрапія, але і элементы імунатэрапіі. Біятэхналогіі павінны развівацца для забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту, яны патрэбны не толькі медыкам, але і ў сельскай гаспадарцы», — адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН.
«У сферы будаўніцтва пачалі больш выкарыстоўваць айчынныя матэрыялы. У перапрацоўчай прамысловасці перайшлі на свае кампаненты, і якасць ад гэтага, па-мойму, абсалютна не пагоршылася, а па многіх кірунках нават і палепшылася», — звярнуў увагу Уладзімір Каранік.
Па матэрыялах БелТА