Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка бачыць перспектыву супрацоўніцтва з Чалябінскай вобласцю ў прамысловай кааперацыі

Перспектывы далейшага супрацоўніцтва абмеркавалі на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Чалябінскай вобласці Аляксеем Тэкслерам.


Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў сумесную работу, вынік якой — больш за паўмільярда долараў тавараабароту ў год. Але звярнуў увагу і на тое, што ёсць пэўныя недахопы і адставанні. Напрыклад, па аб’ёме закупак БелАЗаў. Але, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэта агульная тэндэнцыя, якую магчыма пераадолець.

«Ёсць над чым працаваць. І я хачу вас запэўніць, што наш урад, усе мы будзем над гэтым працаваць і расшываць вузкія месцы», — перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што рост тавараабароту — гэта добра. «Але вельмі важна, каб людзі размаўлялі, вашы людзі прыязджалі да нас, нашы — да вас. Хоць "вашы" — "нашы" меж у нас няма, мы не дзелім. Мы адзінае цэлае. Наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока так і застаецца», — заявіў ён. Па словах беларускага лідара, дзве дзяржавы знаходзяць агульныя падыходы і нядрэнна супрацоўнічаюць. 

«Наша апошняя сустрэча з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным была вельмі прадукцыйнай і вельмі карыснай. Абмяркоўваючы некаторыя праблемы, мы перш за ўсё глядзелі на перспектыву нашых адносін», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што перспектыва бачыцца перш за ўсё ў прамысловай кааперацыі. Беларусы пастаўляюць нямала камплектуючых, тавараў расійскім прадпрыемствам. Напрыклад, аўтакампаненты. Але толькі імі не абмяжоўваюцца. Адзін з кірункаў, які вылучыў кіраўнік дзяржавы, — сельгастэхніка. «Чалябінская вобласць закупляла і закупляе дастаткова сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі. Мы павінны падумаць аб кааперацыі падобнай тэхнікі, — сказаў ён. — Ваша вобласць, наша вобласць Чалябінская — вельмі прасунутая вобласць. Мы можам лакалізаваць вельмі многія кампетэнцыі ў частцы нашай тэхнікі ў вас. І з задавальненнем будзем працаваць не толькі на чалябінцаў, але і на блізкія рэгіёны Расійскай Федэрацыі»

Вельмі важным кірункам для Беларусі і для Расіі Аляксандр Лукашэнка назваў станкабудаванне. «Мы сёе-тое зрабілі разам з вамі для развіцця гэтай галіны. Напэўна, зможам распрацаваць нейкі план сумесных дзеянняў, так званую дарожную карту на перспектыву», — прапанаваў ён. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, узровень якой у расійскім рэгіёне досыць высокі. «У нас таксама ёсць адпаведныя школы, спецыялісты, кампетэнцыі, якія мы можам перадаваць нашым чалябінскім сябрам і ўзаемна атрымліваць тое, чаго няма ў нас», — падкрэсліў Прэзідэнт.

256679-03.jpg

Па словах беларускага лідара, гэта не ўсе кірункі супрацоўніцтва, у рабоце з Чалябінскай вобласцю можа быць шэраг іншых кірункаў і падпраграм. Але пералічаныя — аснова асноў. «І мы зможам гэтыя паўмільярда пераадолець і як мінімум у найбліжэйшы час, за пяцігодку, калі такімі тэмпамі, падыдзем і да мільярда. Вельмі хацелася б, мы ў гэтым вельмі зацікаўлены, паколькі з Чалябінскай вобласці мы атрымліваем велізарную колькасць матэрыялу, асабліва металу і іншых карысных для нас рэчаў. Мы гатовыя ў гэтым напрамку рухацца і супрацоўнічаць з вамі. Вы ведаеце, што ў Беларусі, тут, на крайнім захадзе Айчыны, у вас добрыя, надзейныя сябры», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама прапанаваў дэлегацыі Чалябінскай вобласці паглядзець на новыя кірункі, якім маглі б зацікавіць іх у Беларусі.

Аляксей Тэкслер у сваю чаргу адзначыў, што сёння наладжаны прамы дыялог як паміж органамі ўлады, так і бізнесам Беларусі і Чалябінскай вобласці. Ён падзякаваў Прэзідэнту за стварэнне беспрэцэдэнтных умоў для супрацоўніцтва. «Па вашым даручэнні ў 2023 годзе Чалябінскую вобласць наведаў Прэм’ер-міністр Беларусі з членамі ўрада, з губернатарамі абласцей. Мы пастаянна ў кантакце. У рамках традыцыйных рабочых груп вядзём пастаяннае ўзаемадзеянне, уключаючы міжрэгіянальны фармат. Наш партнёр - Гомельская вобласць, — адзначыў губернатар. — У суботу і ў нядзелю мы пабывалі на Гомельшчыне — цудоўны край. Вызначылі шмат перспектыўных кірункаў, у тым ліку абсалютна новых».

Даслоўна

Пастаўкі тавараў беларускіх вытворцаў у Чалябінскую вобласць штогод павялічваюцца

У размове з журналістамі па выніках сустрэчы Аляксей Тэкслер назваў нашу краіну для свайго рэгіёна стратэгічным партнёрам, які ўваходзіць у першую тройку па тавараабароце. «У нас ёсць гісторыя ўзаемаадносін, нашы прадпрыемствы супрацоўнічаюць яшчэ з савецкіх часоў. Наша кааперацыя толькі развіваецца, і цяпер гэта вельмі актуальна. Пастаўкі тавараў беларускіх вытворцаў у Чалябінскую вобласць растуць штогод. І мы такім чынам вырашаем нашу стратэгічную задачу — замяшчаем тавары з краін далёкага замежжа, часцей за ўсё недружалюбных краін, на прадукцыю беларускіх вытворцаў», — адзначыў губернатар, звярнуўшы ўвагу на тое, што развіваюцца пастаўкі і тавараў з Чалябінскай вобласці ў Беларусь. 

256679-14.jpg
 
Аляксей Тэкслер расказаў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўвалі новыя праекты. У прыватнасці, Чалябінская вобласць — лідар у сферы прамысловай рабатызацыі. «У нас добры патэнцыял супрацоўніцтва. Мы дамовіліся, што будзем прыцягваць партнёраў з Рэспублікі Беларусь спачатку для інтэграцыі ў вытворчасць нашых робатаў, а потым, магчыма, і для зборкі робатаў у Беларусі. Задача росту прадукцыйнасці працы агульная і датычыцца ўсіх прадпрыемстваў, і расійскіх, і беларускіх, таму гэта вельмі важна», — адзначыў ён. Таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы. Чалябінская вобласць — моцны аграпрамысловы рэгіён, лідар па вытворчасці многіх прадуктаў харчавання. І па словах губернатара, у гэтай сферы Беларусь і Чалябінская вобласць могуць быць карысныя адна адной. 

Гаварылі і аб развіцці гуманітарнага супрацоўніцтва. Аляксей Тэкслер расказаў, што разам з дэлегацыяй яны наведалі шэраг мемарыяльных комплексаў, сярод якіх - Хатынь і Красны Бераг. «Тое, што ў Беларусі захоўваюць гэту памяць, — вельмі важна і каштоўна. Мы дамовіліся аб абмене маладзёжнымі дэлегацыямі, каб захоўваць і перадаваць гэту памяць», — расказаў губернатар. 

Беларусь і Чалябінская вобласць развіваюць пабрацімскія сувязі, 8 гарадоў рэгіёна з’яўляюцца пабрацімамі беларускіх. Гомель — пабрацім Магнітагорска, Жлобін — пабрацім Златавуста. У пятніцу было падпісана пагадненне аб пабрацімстве Чалябінска і Магілёва. «Гэта важна для развіцця нашых адносін. Тут важная і эканоміка, і сацыяльная сфера. І самае галоўнае — кантакты паміж людзьмі. У нас ёсць прамыя авіязносіны, і я думаю, што колькасць рэйсаў будзе толькі павялічвацца. Гэта дае магчымасць людзям кантактаваць асабіста, і бізнесу супрацоўнічаць», — упэўнены Аляксей Тэкслер. 

«Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін ставіць перад намі задачу нарошчваць інтэграцыю ў рамках Саюзнай дзяржавы. Мы над гэтым працуем і будзем працаваць далей», — рэзюмаваў губернатар Чалябінскай вобласці.

У тэму

Гомельшчына адказвае за краінавыя ўзаемаадносіны з Чалябінскай вобласцю Расіі

Перспектывы развіцця супрацоўніцтва Гомельскай і Чалябінскай абласцей абмеркавалі на сустрэчы ў горадзе над Сожам старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер, перадае карэспандэнт БелТА.

Як нагадаў Іван Крупко, пастановай Савета Міністраў Гомельская вобласць вызначана адказнай за краінавыя ўзаемаадносіны з Чалябінскай вобласцю. Кіраўнікі рэгіёнаў у маі падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве ва ўсіх сферах. 

«Мы сур’ёзна супрацоўнічаем з Чалябінскай вобласцю ў металургіі, машынабудаванні: пастаўкі камунальнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. Вельмі сур’ёзная работа прадаўжаецца па пастаўцы ліфтавага абсталявання», — канстатаваў старшыня аблвыканкама.

Аляксей Тэкслер адзначыў, што да трэці ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі, якая набываецца ў Чалябінскай вобласці — збожжаўборачныя агрэгаты, жняяркі, — вытворчасці «Гомсельмаша».

Губернатар падзяліўся, што вялікае ўражанне зрабіў і «Гомельагракамплект», які дэлегацыя расійскага рэгіёна наведала ў час цяперашняга візіту. «Прадпрыемства прапаноўвае комплекснае рашэнне і па малочным кірунку, і па свінакомплексах, і халадзільнае абсталяванне. Спадабалася, што можна выбраць праект пад ключ з магчымасцю сэрвісу па эксплуатацыі абсталявання», — сказаў ён.

Іван Крупко зрабіў акцэнт: «Немагчыма займацца толькі эканомікай без сацыяльнай накіраванасці, гуманітарнай сферы. Гэта медыцына, адукацыя, культура, моладзь». Кіраўнік беларускага рэгіёна перакананы: важна рэалізоўваць праекты і ў сферы аздараўлення. «І па дарагім нашым народам кірунку — памяці аб подзвігу савецкага салдата, савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І аб гэтай гісторыі важна даносіць да нашай моладзі праўду», — перакананы старшыня аблвыканкама.

Казалі на сустрэчы і аб развіцці рэкрэацыйнай сферы. «Арганізаваны прамы рэйс Чалябінск — Мінск. Ён цяпер лётае два разы на тыдзень, думаю, будзе яшчэ часцей. У нас ёсць зімовы гарналыжны курорт, ёсць магчымасць адпачываць у нацыянальных парках і летам. Думаю, што жыхароў Беларусі гэта зацікавіць. Мы ўжо бачым перапоўненыя рэйсы ў Мінск, у Беларусь. Ужо наш турыст паехаў. І гэтае супрацоўніцтва будзем развіваць. Тут у нас таксама вялікі патэнцыял», — упэўнены губернатар Чалябінскай вобласці.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю