Top.Mail.Ru

Лейтэнант міліцыі Мікіта Лукашэвіч расказаў пра афіцэрскую дынастыю, шлях да пагон і будні супрацоўніка крымінальнага вышуку

Вышук вядзе малады спецыяліст

Маладыя спецыялісты па ўсёй краіне прыступілі да выканання прафесійных абавязкаў. На сваім першым рабочым месцы яны пачынаюць асвойваць выбраную спецыяльнасць на практыцы, пераймаць вопыт старэйшых таварышаў, прыносіць карысць эканоміцы. У ліку тых, хто распачаў сваю прафесійную кар’еру, — больш як паўтысячы лейтэнантаў міліцыі, якія пасля выпуску з Акадэміі МУС і Магілёўскага інстытута МУС папоўнілі розныя ведамасныя падраздзяленні і адпаведна сталі на варту правапарадку і законнасці.

7.1 045A1218.JPG

Якія задачы даручаюць наваспечаным супрацоўнікам органаў унутраных спраў, ці ахвотна вопытныя праваахоўнікі дзеляцца тонкасцямі прафесійнага майстэрства, — карэспандэнты «Звязды» высвятлялі на прыкладзе Першамайскага РУУС г. Мінска.

Прапанова, ад якой не адмовіўся

Дадзеная тэрытарыяльная структура сталічнай міліцыі сёлета папоўнілася 11 учарашнімі курсантамі. Толькі ў аддзел крымінальнага вышуку прыйшло пяцёра маладых супрацоўнікаў. Гэта падраздзяленне крымінальнай міліцыі заўсёды ў авангардзе барацьбы са злачыннасцю, таму лішніх рук тут дакладна не бывае.

Яшчэ толькі трэці тыдзень пайшоў, як оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Мікіта Лукашэвіч знаходзіцца ў новым статусе, аднак у распрацоўцы афіцэра — адначасова некалькі спраў. Лейтэнант міліцыі высвятляе абставіны крадзяжу грошай з кашалька, выкрадання мабільнага тэлефона, устанаўлівае вінаватых у падробцы валюты, здадзенай у адзін з валютна-абменных пунктаў на падпарадкаванай маладому спецыялісту тэрыторыі

«Заступіўшы на службу, ні аднаго дня не прасядзеў без справы, калегі адразу падключылі да работы, — расказвае міліцыянер. — Нічога новага для мяне, бо з самай першай практыкі ў падраздзяленнях органаў унутраных спраў курсантам не давалі заседжвацца. Адразу ўключалі ў вышуковы працэс, даручалі канкрэтныя задачы і, адпаведна, патрабавалі выніку».

3.2 045A1035.JPG

У Першамайскім РУУС сталіцы да маладога чалавека прыгледзеліся падчас яго пераддыпломнай практыкі ў падраздзяленні. За час трохмесячнай стажыроўкі курсант даў зразумець, што не баіцца складаных і, на першы погляд, заблытаных спраў, гатовы да выканання любых задач. Дысцыплінаваны, дапытлівы, адказны, рашучы — менавіта такія тут і патрэбны. Невыпадкова па заканчэнні практыкі Мікіту зрабілі прапанову, ад якой, як у народзе кажуць, ён не змог адмовіцца, — у выніку афіцэр заключыў з падраздзяленнем свой першы кантракт.

Служба — у генах

Шлях у органы ўнутраных спраў у Мікіты быў прадыктаваны самім жыццём. З аднаго боку, гэта працяг дынастыі, што пасля гібелі бацькі пры выкананні службовага абавязку гучала асабліва пераканаўча і матывавана. З іншага, унутранае жаданне дапамагаць людзям, якое сфарміравалася ў маладога чалавека ў зусім юным узросце.

Лейтэнант родам з гарадскога пасёлка Целяханы. У органах унутраных спраў служыў яшчэ дзядуля, які выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам міліцыі. І ён, і яго сын (Мікітаў бацька) былі ўчастковымі інспектарамі міліцыі Івацэвіцкага РАУС Брэсцкай вобласці.

  • Трагедыя, якая здарылася ў вышэйназваным раёне ў 2018 годзе, выклікала рэзананс не толькі на Брэстчыне, а ўвогуле ў краіне. У міліцыю паступіла паведамленне, што жыхар адной з вёсак у неадэкватным стане перамяшчаецца па населеным пункце са зброяй і пагражае сваім аднавяскоўцам забойствам. На месца выехалі трое супрацоўнікаў унутраных спраў. Мужчына не падпарадкоўваўся загадам міліцыянераў скласці зброю, аказваў супраціўленне. Адзін з супрацоўнікаў быў цяжка паранены (каб не суседка з медыцынскай адукацыяй, якая своечасова аказала яму дапамогу, наўрад ці ён выжыў бы), другі атрымаў смяротнае раненне. Гэта быў бацька Мікіты...

Пасля трагічнай гібелі ўчастковага інспектара Івацэвіцкага РАУС праваахоўнікі не пакінулі ў бядзе гэту сям’ю. Адзінага сына міліцыянера ўзялі пад апеку і прапанавалі хлопцу папоўніць шэрагі Спецыялізаванага ліцэя МУС. Мікіта пагадзіўся — у выніку 9-11 класы заканчваў у ведамаснай установе ў сталіцы. У яго былі сур’ёзныя планы на будучыню.

Школы прафесіяналізму і сталення

Вучоба ў ліцэі праляцела імгненна. Куды паступаць пасля яго заканчэння, у сям’і нават не абмяркоўвалася. Мара была адна — стаць міліцыянерам. Тым больш што па заканчэнні ведамаснай установы пры паступленні ў Акадэмію МУС дзейнічаюць пэўныя льготы: неабходна набраць мінімальна дазволеную колькасць балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, каб стаць курсантам галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны, — пры ўмове, вядома, добрай ранейшай вучобы. Адпаведным чынам і Мікіта паступіў на факультэт крымінальнай міліцыі.

«Прызвычайвацца да дысцыпліны і распарадку дня ўжо было не трэба: усё гэта знаёмае ліцэістам, — заўважае лейтэнант міліцыі. — Але ўжо з першых дзён навучання прыйшло разуменне, што ў папярэдняй установе да нас адносіліся яшчэ як да дзяцей, — у акадэміі ж адразу далі зразумець, што мы самі адказваем за свой лёс, а таму тое, чаго мы хочам дасягнуць, залежыць выключна ад нас».

4.1 045A1050.JPG

Пытаюся ў Мікіты, чаму не пайшоў па лініі ўчастковых, як дзядуля і бацька.

«Оперупаўнаважаныя прыдумляюць усялякія камбінацыі, шукаюць шляхі, як раскрыць злачынства, — кажа ён. — Ва ўчастковага таксама цікавая работа, але з іншым кантынгентам асоб, і кола вырашэння праблем таксама іншае. Як правіла, яно датычыцца пытанняў адміністрацыйнага характару. Я палічыў, што мне будзе больш цікава працаваць у крымінальным вышуку, таму і зрабіў выбар, аб якім не пашкадаваў».

З апорай на вопыт

Калектыў, у якім пачынае службу Мікіта, для яго не чужы: па-першае, са сталымі супрацоўнікамі ён знаёмы яшчэ з часоў практыкі, а па-другое, разам з маладым чалавекам у Першамайскае РУУС прыйшлі і яго таварышы, з якімі яны спасцігалі тонкасці міліцэйскай прафесіі ў сценах акадэміі, а з некаторымі вучыліся яшчэ ў Спецыялізаваным ліцэі МУС.

Лейтэнанту імпануе, што ён не старонні назіральнік, а актыўны ўдзельнік вышуковага працэсу. «У першы ж дзень на службе паехаў затрымліваць злачынцу, які краў веласіпеды, — канкрэтызуе ён. — Калектыў згуртаваны, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Вельмі вопытны начальнік вышуку, які пры неабходнасці падставіць плячо. Да любога чалавека ў аддзеле можна падысці — табе дапамогуць».Як звяртае ўвагу начальнік аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Першамайскага РУУС г. Мінска падпалкоўнік міліцыі Аляксей АСУШЧАНКА, у сістэме органаў унутраных спраў працуе інстытут настаўніцтва, які шмат гадоў прыносіць станоўчыя вынікі. «За маладымі супрацоўнікамі замацоўваюць больш дасведчанага, які на працягу шасці месяцаў навучае і кантралюе выкананне службовых задач, — удакладняе ён. — Да настаўніка можна звярнуцца па любую параду: запаўненне працэсуальных дакументаў, тактыка раскрыцця злачынстваў, узаемадзеянне з іншымі службамі раённага ўпраўлення. У аддзел прыходзяць ініцыятыўныя і лёгкія на ўздым хлопцы. Яны з энтузіязмам бяруцца за задачы любой складанасці, не баяцца цяжкасцяў, гатовы вучыцца, прымаюць да ўвагі канструктыўную крытыку. Выпускнікі Акадэміі МУС прыходзяць падрыхтаванымі, бо прайшлі навучанне з практыка-арыентаванымі выкладчыкамі ў адной з найлепшых вышэйшых навучальных устаноў краіны».

6.2 045A1179.JPG

Яшчэ падчас стажыроўкі за кожным курсантам замацаваны вопытны супрацоўнік. «Разам яны займаюцца раскрыццём злачынстваў, выязджаюць у складзе следча-аператыўнай групы, хлопцы выконваюць пасільныя даручэнні і знаёмяцца з калектывам», — тлумачыць Аляксей Асушчанка.

Мікіта Лукашэвіч лічыць вельмі важным, што ў нашай краіне кожнаму выпускніку ўстаноў адукацыі гарантавана першае рабочае месца, дзе можна набрацца вопыту. «Стабільны заробак, камфортныя ўмовы працы, сацыяльная падтрымка — толькі працуй, — падкрэслівае ён. — Свой выбар я зрабіў свядома. Больш ні ў якой іншай прафесіі ніколі сябе не ўяўляў і не ўяўляю».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю