Спачатку я ўбачыла на выставе ў Пушкінскай бібліятэцы фатаграфіі Марыі КОРВІН-КУЧЫНСКАЙ. Вось дзеці, запэцканыя мукой, гатуюць печыва. Вось хлопчык з бацькам запускае паветранага змея. Вось дзяўчына пяшчотна гладзіць каня. А вось дзеці бягуць уздоўж возера, пырскі вады ляцяць ім у твар, і яны шчасліва смяюцца. Цудоўныя імгненні звычайнага чалавечага быцця!
Захацелася пазнаёміцца з жанчынай, у якой атрымліваецца не толькі гадаваць пяцёра дзяцей (пра гэта згадвалася ў анатацыі да выставы), але і заўважаць прыгажосць штодзённасці, атрымліваць асалоду ад самых простых, даступных кожнаму рэчаў!
І вось я ў спальным раёне Мінска, у гасцях у Марыі Корвін-Кучынскай. У іх з мужам Мікітам пяць дзяцей: 16-гадовая Сафія, 14-гадовая Варвара, 12-гадовая Стэфанія, 8-гадовы Савелій і 3-гадовы Сцяпан. Мікіта Валер'евіч — намеснік галоўнага ўрача па медчастцы паліклінікі № 15 г. Мінска. Сама Марыя доўга працавала інспектарам галоўнага ўпраўлення кантролю і справаводства Мінэканомікі і толькі пасля заканчэння пятага дэкрэтнага водпуску вырашыла змяніць прафесію.
— Я даўно захаплялася фатаграфіяй, — расказвае мая суразмоўніца. — Калі малодшаму сыну Сцёпу было паўгода, скончыла спецыяльныя курсы і вось ужо тры гады прафесійна займаюся фатаграфіяй, а цяпер яшчэ і выкладаю ў фоташколе.
- Ва ўласнай творчасці Марыя Корвін-Кучынская прытрымліваецца кірунку lіfestyle, імкнецца адлюстраваць тое, што характарызуе чалавека, яго спосаб існавання, сутнасць. Ёй не падабаюцца пастановачныя здымкі, героі фатаграфій не стаяць навыцяжку, а бегаюць, размаўляюць, смяюцца, сумуюць, сябруюць — фатограф «ловіць» камерай увесь гэты цуд жыцця. Быццё, на думку Марыі, цудоўнае якраз сваёй непрадказальнасцю, непасрэднасцю, экспромтам. Колькі раз на сваім уласным досведзе яна пераконвалася, што нельга ў ім усё распланаваць і прадугледзець. І тое добра.
Сама Марыя вырасла ў шматдзетнай сям'і, як старэйшая з дзяцей дапамагала бацькам даглядаць пяць малодшых. Калі выходзіла замуж, у дзяўчыны і ў думках не было прытрымлівацца прыкладу бацькоў. Але побач аказаўся Мікіта, які ахінаў клопатам, падтрымліваў, і з кожным дзіцем у яе з'яўляліся новыя сілы.
— Калі ў мяне пытаюцца, як я ўсё паспяваю, шчыра адказваю, што ў мяне гэта не атрымліваецца, — прызнаецца Марыя. — Побыт, безумоўна, адымае шмат часу. Штодня даводзіцца хадзіць у краму па прадукты, гатаваць. Часта двойчы на працягу дня ўключаю пральную машыну.
У нашай сям'і няма цвёрдага замацавання за кожным нейкіх абавязкаў. Хто вольны, той звычайна і дапамагае. Часам усе занятыя — таксама не страшна. Стараюся не ўскладняць, стаўлюся да ўсяго максімальна лёгка, проста, з гумарам. З узростам, каб не выгараць, навучылася ўключаць рэжым энергазберажэння. Галоўнае — мы з мужам і дзецьмі любім сваю сям'ю, нам цёпла і цікава разам. Астатняе — «справа жыццёвая».
Марыя запэўнівае, што з кожным дзіцем іх побыт рабіўся цікавейшы. Яна не згодна з тым, што колькасць нашчадкаў трэба планаваць выключна з улікам сваіх фінансавых магчымасцяў. У іх з мужам таксама здараліся сітуацыі, калі падавалася, што сродкаў для вырашэння тых ці іншых пытанняў відавочна не хапае. Але яны «заплюшчвалі вочы» і прымалі выклік. І нейкім цудам выхад знаходзіўся, грошы аднекуль «падцягваліся».
У гэтай сям'і ўсе дзеці, за выключэннем трохгадовага Сцёпы, нечым захапляюцца. Старэйшая Сафія шмат гадоў прысвяціла коннаму спорту, выканала норму КМС. Варвара раней займалася мастацкай гімнастыкай, цяпер разам са Стэфаніяй — танцамі. Савелію стала мала трэніровак па скачках у ваду, ён дадаў каратэ і запісаўся на барабаны. Здаецца, гэта якія ж даходы павінны быць у бацькоў, каб не толькі пракарміць, апрануць пяцярых дзяцей, але яшчэ і даць магчымасць развіваць свае здольнасці
— Нам не занадта дорага абыходзяцца захапленні дзяцей: амаль усе гурткі, якія яны наведваюць, бясплатныя, — не згаджаецца Марыя. — І наогул сям'я павялічвалася паступова і з чарговым «папаўненнем» з'яўляліся ўсё новыя рэсурсы. Памятаю, праз некалькі тыдняў пасля нараджэння Сцёпкі я прачытала, што для здымак у серыяле патрэбна немаўля, і мы з ім зусім нечакана папоўнілі сямейны бюджэт.
Было б памылкай думаць, што гэтым людзям неяк выключна шанцуе, і ўсе цяжкасці абыходзяць іх бокам. Зразумела, не: шматдзетная маці Марыя Корвін-Кучынская ведае, што такое бяссонныя ночы і стомленасць, і ў гэтай сям'і дзеці часам сварацца. Але тут умеюць размаўляць і чуць адно аднаго. Марыя і Мікіта перакананы: шчасця дзеці дораць значна больш, чым праблем.
— Мне здаецца, калі б не дзеці, я столькі б цікавага не ўбачыла, не даведалася, не зразумела, — заўважае Марыя. — Хіба паехала б адна пагуляць каля возера? Наўрад ці! А калі дзіця просіць, еду, і атрымліваю асалоду, і зусім не шкадую аб прамарнаваным часе. Часта падаецца, што нішто мяне ўжо не можа здзівіць. А дзіця нешта такое скажа ці зробіць, і ты проста дар мовы губляеш: нічога сабе!
У гэтай сям'і не прытрымліваюцца нейкіх сістэм выхавання. Дарослыя і дзеці проста імкнуцца паважаць адно аднаго, лічыцца з асаблівасцямі і запытамі кожнага, больш часу праводзіць разам, размаўляць на самыя розныя тэмы.
Цікава, што ажаніліся Мікіта і Марыя ў вельмі прыгожую дату: 8.08.2008 года, але, як яны сцвярджаюць, гэта чыстая выпадковасць. У магію лічбаў сужэнцы не вераць — затое вераць у сябе, у каханне. Вераць, што сям'я — гэта сапраўдная каштоўнасць, шчасце ў жыцці ўсё ж такі ёсць і яго проста важна трымаць «у фокусе».
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з архіва Марыі КОРВІН-КУЧЫНСКАЙ.