Лёгкаатлетычны сезон у разгары. На жаль, нашы спартсмены ўсё яшчэ не могуць выступаць на міжнароднай арэне. Аднак свае здольнасці беларусы не страцілі. Гэта яны прадэманстравалі на чэмпіянаце Расіі, які прайшоў у Казані.
Канешне, беларускім лёгкаатлетам вельмі не хапае канкурэнцыі з рознымі сапернікамі. Але спецыялісты не раз адзначалі, што і спаборніцтваў з расійскімі спартсменамі хапае для падтрымання формы: лёгкая атлетыка ў Расіі развіваецца і папаўняецца новымі імёнамі пастаянна. Таму магчымасцяў набрацца спаборніцкага досведу і практыкі ў нашых лёгкаатлетаў хапае, асабліва ў маладых. Гэта паказаў і чэмпіянат Расіі, дзе беларусы заваявалі 16 узнагарод, сярод якіх пяць залатых.
Пераможцам спаборніцтваў стаў Аляксандр Шымановіч, які закінуў молат на 73,89 метра. Віталь Парахонька першым прыбег да фінішу на дыстанцыі 110 метраў з бар’ерамі
(13,63 секунды). Сапраўднае шоу паказалі беларускія спартсменкі ў сектары для кідання кап’я. У апошняй спробе беларуска Юлія Каткавец адправіла снарад на 59,43 метра, што прынесла ёй перамогу. Яшчэ адна беларуска Ганна Каліноўская з вынікам 56,05 замкнула тройку прызёраў.
Як заўсёды вельмі напружанай атрымалася барацьба дзесяціборцаў. І тут наймацнейшым быў беларускі спартсмен Максім Андралойць. Ён стаў найлепшым у штурханні ядра і кіданні дыска, паказаў другі вынік у бегу на 100 і 400 м, бегу на 110 м з бар’ерамі, скачках у даўжыню, у вышыню і з шастом, а таксама быў чацвёртым у кіданні кап’я. Для выніковай перамогі беларусу хапіла нават 15-га часу ў забегу на 1500 м. Усяго ён набраў 8080 балаў.
Беларускія спартсмены ў Казані пацвердзілі высокі клас айчыннай школы штурхання ядра. Алена Дубіцкая ўжо ў першай спробе адправіла снарад на 18,21 метра — і ніхто з саперніц не змог пераўзысці гэты вынік. У мужчынскай частцы спаборніцтваў Алег Тамашэвіч у найлепшай спробе штурхнуў ядро на 20,73 метра, што прынесла яму другое месца.
На дыстанцыі 1500 метраў беларус Вячаслаў Скудны паказаў другі вынік — 3 хвіліны 40,81 секунды, саступіўшы пераможцу ўсяго сем сотых секунды. Беларус Уладзіслаў Пучко закінуў дыск на 59,77 метра, што прынесла яму сярэбраны медаль. У фінале на дыстанцыі 400 м другі час паказала Кацярына Жываева (51,53 сек.), саступіўшы першаму месцу адну секунду. Аднак выступленне спартсменкі можна лічыць удалым: яна на дзевяць сотых палепшыла свой вынік Кубка наймацнейшых спартсменаў і тым самым аднавіла ўласны рэкорд.
У кіданні молата трэцяе месца заняла Алена Собалева: яе вынік — 67,95 метра. На дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі
з вынікам 56,76 секунды Кацярына Белановіч фінішавала трэцяй. У сектары для скачкоў у вышыню Лізавета Валуева паказала вынік у 1,89 метра і замкнула тройку прызёраў. Трэці вынік на дыстанцыі 3000 метраў з перашкодамі паказала наша Таццяна Шабанава. У сектары для скачкоў у даўжыню вынік 7,62 метра прынёс Уладзіславу Булахаву трэцяе месца. У забегу на 5000 м трэцім фінішаваў Ілья Карнавухаў: беларус паказаў вынік 13 хвілін 43,30 секунды, абнавіўшы асабісты рэкорд больш чым на паўхвіліны.
Валерыя СЦЯЦКО