12 жніўня стартуе ІV З’езд малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей, які працягнецца да 15 жніўня. Маштабная падзея аб’яднае ўдзельнікаў у адзіным імкненні — абмяняцца вопытам і выбудаваць сумесную стратэгію развіцця рэгіёнаў. Вядома, форум пасадзейнічае наладжванню ўзаемадзеяння і прыцягненню інвестыцый. Таксама будзе падпісаны шэраг дакументаў.
Праграма маштабнай падзеі прадугледжвае рабочую сустрэчу старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Караева з намеснікам старшыні Урада Ніжагародскай вобласці Ігарам Зотавым. Удзельнікі з’езда наведаюць ААТ «Малочны Мір», СТАА «ЗОВ-ЛЕНЕВРОМЕБЕЛЬ», іншыя аб’екты. Асноўным месцам падзей стане горад Масты.
Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, у беларускага і расійскага рэгіёнаў сапраўды сфарміраваліся трывалыя асновы народнай дыпламатыі, якія не толькі садзейнічаюць развіццю чалавечых адносін, але і дапамагаюць выяўляць праблемы і вызначаць кірункі развіцця на будучыню.
- — З’езд малых гарадоў — гэта мерапрыемства, дзе мы абменьваемся вопытам, абмяркоўваем пытанні, якія хвалююць людзей. Лейтматывам ІV З’езда стала святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі, — расказала Алена Пасюта. — Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю кадравага патэнцыялу маладых спецыялістаў у вёсцы. У нашых рэгіёнах кадравая палітыка ажыццяўляецца на высокім узроўні, што прыносіць свой плён. Аднак ёсць пытанні, якія датычацца недахопу кваліфікаваных спецыялістаў, якія гатовы жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Мы правядзём сустрэчу з моладдзю, каб абмеркаваць дадатковыя меры, якія могуць дапамагчы вырашыць бытавыя пытанні і стварыць умовы для жадання застацца ў сельскай мясцовасці.
Вельмі вялікую цікавасць уяўляе вывучэнне ўзаемнага вопыту ў перапрацоўчай галіне. У найбліжэйшы час плануецца правесці даследаванне гэтай сферы, у тым ліку ў галіне вытворчасці мяса і малочных прадуктаў. Вядома ж, у рамках з’езда будуць абмяркоўвацца і пытанні культурнага абмену, бо і Расійская, і Беларуская землі багатыя на разнастайныя культурныя мерапрыемствы. Партнёры імкнуцца да таго, каб творчыя калектывы і таленавітыя людзі маглі ўдзельнічаць у гэтых абменах і садзейнічаць іх развіццю.
Дзякуючы супрацоўніцтву Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Заканадаўчага Сходу Ніжагародскай вобласці ажыццяўляюцца розныя праекты, накіраваныя на развіццё маладзёжнага парламентарызму і маладзёжнай палітыкі. Цягам года паміж з’ездамі адбываецца абмен дэлегацыямі. Звычайна ў склад дэлегацый уваходзяць кіраўнікі муніцыпалітэтаў і іх супрацоўнікі. У ходзе сустрэч адбываецца абмен вопытам у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання і сацыяльнай сферы.
Дарэчы, напярэдадні форуму журналісты з расійскіх рэгіёнаў змаглі даведацца больш пра Беларусь, людзей, якія жывуць у невялікіх гарадах, пра тое, як яны захоўваюць традыцыі і карані свайго народа, як любяць сваю краіну і гатовы абараняць яе ў складаных геапалітычных умовах. Удзельнікі наведалі знакавыя культурныя і вытворчыя аб’екты Слонімскага, Зэльвенскага, Ваўкавыскага, Свіслацкага і Шчучынскага раёнаў.
Вераніка Казлоўская