Трэба сказаць, інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі амерыканскаму выданню, якое ў публічнай прасторы з’явілася ў мінулую пятніцу, выклікала шырокі рэзананс у грамадстве: яго трапныя ацэнкі і выказванні літаральна расцягвалі на цытаты, як гэта звычайна здараецца. Наш Прэзідэнт, як заўсёды, быў вельмі шчыры і дакладны ў вызначэнні прычын з’яўлення геапалітычных вузлоў. Усе выхадныя інтэрв’ю было ў цэнтры ўвагі медыяпрасторы, што і нядзіўна, бо тэмы, закранутыя ў гутарцы, датычацца дасягнення міру ў розных пунктах планеты, ініцыятыў сусветных лідараў і неабходных крокаў па вырашэнні канфліктаў. Нашы эксперты пракаментавалі пасылы гэтага магутнага і яркага па сваёй танальнасці інтэрв’ю.
Абсалютная шчырасць і глыбокае разуменне матэрыялу
Галоўная адметная рыса Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якая праяўляецца ў кожнай гутарцы з журналістамі, — гэта абсалютная шчырасць і глыбокае разуменне матэрыялу, тэматыкі, пра якую ідзе размова. Такім меркаваннем падзяліўся міністр інфармацыі Марат МАРКАЎ у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё».
Госць студыі, кажучы пра інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі часопісу, адзначыў:
— Насамрэч, самая, напэўна, галоўная адметная рыса Прэзідэнта, якая праяўляецца ў кожным інтэрв’ю, — гэта абсалютная шчырасць і глыбокае разуменне матэрыялу, тэматыкі, пра якую ідзе размова. Зразумела, што напярэдадні інтэрв’ю захоўвалася інтрыга, і, можа быць, гэта было такім дадатковым бонусам непасрэдна для журналіста, які яго праводзіў.
На думку міністра інфармацыі, Сайман Шустэр, які ўзяў інтэрв’ю ў Прэзідэнта, — няпросты журналіст:
— Па-першае, гэта выхадзец з былога Савецкага Саюза, чалавек, напэўна, дастаткова добра разумее ментальнасць славян, выдатна разумее сітуацыю, якая адбываецца цяпер. Я абсалютна ўпэўнены, што ён якраз ведае праўду. Але па выніках інтэрв’ю мы бачым, якім чынам гэты матэрыял быў паднесены ў амерыканскай прэсе, у самім часопісе. Мы выдатна разумеем, што і сам журналіст, і выданне з’яўляюцца ў пэўнай ступені заложнікамі сітуацыі, якую яны стваралі на працягу многіх гадоў у дачыненні да Беларусі і беларускага Прэзідэнта. І тут як міністр скажу: узнікае такі лёгкі інфармацыйны дысананс. У Беларусі, калі меркаваць па дадзеным інтэрв’ю, мы даём поўную інфармацыю, аб’ектыўна прапаноўваючы гледачу, слухачу магчымасць паглядзець на сітуацыю пад рознымі ракурсамі. І, з іншага боку, амерыканская дэмакратыя, выдатная краіна, якая вучыць увесь свет, падае гэта так, як яна бачыць, не даючы магчымасці прааналізаваць у комплексе ўсю інфармацыю
Гаворачы аб тэматыцы інтэрв’ю, Марат Маркаў адзначыў, што ў размове знайшлі адлюстраванне самыя важныя і балючыя тэмы:
— Гэта ўсё, што звязана з вайной ва Украіне, з неабходнасцю дамаўляцца. Прэзідэнт яшчэ раз агучыў тэмы, звязаныя і з бяспекай дзяржавы, і з інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца ў інфармацыйнай вайне супраць Расіі, супраць Беларусі. Ён успомніў Бучу, шэраг пытанняў, звязаных непасрэдна з тым, як падаецца гэта інфармацыя для заходняга гледача і чытача.
Госць таксама адзначыў, што падчас інтэрв’ю былі агучаныя тэмы наступных выбараў у Беларусі і размяшчэння «Арэшніка» на тэрыторыі нашай краіны.
— Прэзідэнт даў зусім канкрэтныя і дакладныя адказы, — падкрэсліў міністр.
Цвёрдая пазіцыя — мір
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ігар СЯРГЕЕЎ падкрэсліў: агучана цвёрдая пазіцыя Прэзідэнта — мір!
— Аляксандр Лукашэнка выступіў як аналітык, стратэг і міратворац, — канстатаваў сенатар. — Асноўная ўвага засяроджана на тэме міру. Прэзідэнт глыбока занепакоены канфліктам паміж брацкімі народамі.
Спікер нагадаў, што беларускі лідар заўсёды выступаў за ўрэгуляванне канфлікту, неаднойчы арганізоўваў пляцоўку перагавораў, каб падпісаць мінскія дамоўленасці, неаднойчы даваў інтэрв’ю і звяртаўся да прэзідэнтаў Амерыкі і Украіны з прапановай сесці за стол перагавораў.
— І ў інтэрв’ю Аляксандр Рыгоравіч заклікае не проста да перамір’я, а перш за ўсё — да міру, — акцэнтаваў увагу парламентарый. Ігар Сяргееў адзначыў, што сувязь будзе страчана паміж брацкімі народамі на пэўны час:
— Аднак чалавечая памяць уладкаваная такім чынам, што з часам сціхае боль ад жахаў мінулага, надыходзіць перамір’е паміж варожымі дзяржавамі і нават выбудоўваецца супрацоўніцтва на розных узроўнях.
Што датычыцца ўзаемаадносін нашай краіны з дружалюбнымі нам партнёрамі, сенатар звяртае ўвагу вось на што:
— У Беларусі з Расійскай Федэрацыяй саюзніцкія адносіны ва ўсім: ваенныя, ваенна-тэхнічныя, эканамічныя, палітычныя, культурныя, адукацыйныя, навуковыя, агульная гісторыя. Гэты спіс можна працягваць далей. Калі ж Еўропа не жадае з намі супрацоўнічаць, будзем стукацца туды, дзе адчыняюць дзверы. Калі раней нашу прадукцыю пастаўлялі ў тым ліку і ў Еўропу, і ва Украіну, сёння мы экспартуем яе ў Расійскую Федэрацыю і Кітай. Актыўна асвойваюцца новыя рынкі збыту ў краіны Індыі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і іншыя. Нашы партнёры надзейныя і маюць патрэбу ў беларускай індустрыі.
Ігар Сяргееў заўважыў, што Прэзідэнт мудра і адкрыта адказаў на правакацыйныя пытанні:
— Зацікаўленыя бакі павінны ўспрыняць прапанаваную беларускім лідарам тактыку аб’ектыўна, і ў бліжэйшы час будзем чакаць рэакцыю.
Прыярытэты вызначаны
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар АЗАРОНАК акцэнтаваў увагу на абстаноўцы ў свеце ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне:
— Украінскі канфлікт даўно выйшаў за межы адной краіны, значыць, яго спыненне — справа, якая сёння так ці інакш датычыцца літаральна кожнага. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз выразна пазначыў пазіцыю Беларусі: мы ні з кім не ваюем, ні на каго ніколі не нападалі і не нападаем, але і страляць у спіну сабе ці сваім братам і бліжэйшым саюзнікам — расіянам — не дазволім.
Дэпутат звярнуў увагу і на той факт, што і Расія, і Беларусь цвяроза ацэньваюць сітуацыю і могуць упэўнена заявіць, што ў нас ёсць рэсурсы для таго, каб абараніць сябе.
— Гаворачы аб неабходнасці хутчэйшага мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размовы ўкраінскага боку аб тым, што Расія не ідзе на перамір’е, сведчаць не аб незацікаўленасці Уладзіміра Пуціна ў міры, а аб няздольнасці або негатоўнасці Уладзіміра Зяленскага прымаць абдуманыя мудрыя рашэнні: «Калі разумна правесці перагаворы, Расія ніколі больш не будзе ваяваць з Украінай», — прывёў спікер прэзідэнцкі тэзіс, дадаўшы, што кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз прама выказаўся аб неабходнасці вырашыць украінскае пытанне хутка і канчаткова: «Каб селі і дамовіліся не толькі аб перамір’і, але і аб міры».
Інтарэсы краіны вышэйшыя за ўсё
— Прэзідэнт ва ўласцівай яму манеры, як заўсёды дакладна і па справе, даў вычарпальныя і аргументаваныя адказы, падмацаваныя канкрэтнымі данымі і фактамі, — ахарактарызаваў інтэрв’ю намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый БАСКАЎ. — Кіраўнік дзяржавы выразна пазначыў прыярытэты нашай унутранай і знешняй палітыкі, падкрэсліўшы, што ў яе аснове ляжыць прыхільнасць нацыянальным інтарэсам. І, ведаючы, што наш Прэзідэнт — чалавек справы, можна быць упэўненым у яго словах. Я вельмі спадзяюся, што гэта інтэрв’ю будзе прагледжанае тымі, хто прымае рашэнні ў заходніх краінах.
Спадзяюся, яны зразумеюць, што ў свеце ёсць краіны, гатовыя абараняць свае інтарэсы і не дазваляюць сябе падпарадкоўваць. Ёсць лідары, такія як наш Прэзідэнт, які ўжо даўно не баіцца санкцый і іншых пужалак, заўсёды ставіць інтарэсы сваёй краіны вышэйшымі за ўсё. Бо толькі з такім разуменнем магчымы канструктыўны дыялог па выхадзе краін, якія знаходзяцца ў стане канфлікту, з таго крызісу, у які іх завялі краіны Захаду, якія спрабуюць дыктаваць свае ўмовы ўсяму свету".
У сваю чаргу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Алег ЦЫЛЬКО дадаў:
— Гэта была адкрытая, шчырая, даверная размова. Наш Прэзідэнт агучыў асноўны кірунак нашай і знешняй палітыкі — мір на планеце. Беларусь — міралюбная краіна і гатовая зрабіць усё, каб спыніць вайну паміж брацкімі народамі. Прагучаў вельмі магутны пасыл, адрасаваны ўсім сусветным палітыкам: для захавання міру патрабуюцца вялізныя намаганні ўсіх бакоў. Наш Прэзідэнт чарговы раз пацвердзіў, што Беларусь на баку міру, міру на планеце.
Тым часам
Прэзідэнты Расіі і ЗША Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп правядуць сустрэчу на Алясцы 15 жніўня
Пра гэта заявіў памочнік расійскага лідара Юрый Ушакоў, паведамляе БелТА са спасылкай на ТАСС.
«Амерыканскі бок абвясціў аб дасягнутай дамоўленасці арганізаваць сустрэчу прэзідэнтаў Расіі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа 15 жніўня, у пятніцу, на Алясцы. Расія і ЗША — блізкія суседзі, мяжуюць адно з адным. І ўяўляецца цалкам лагічным, каб наша дэлегацыя проста пераляцела праз Берынгаў праліў і каб менавіта на Алясцы быў праведзены такі важны і чаканы саміт лідараў дзвюх краін», — сказаў Юрый Ушакоў.
Ён дадаў, што на Алясцы і ў Арктыцы перасякаюцца эканамічныя інтарэсы абедзвюх дзяржаў, праглядаюцца перспектывы рэалізацыі маштабных і ўзаемавыгадных праектаў. «Але самі прэзідэнты, несумненна, засяродзяцца на абмеркаванні варыянтаў дасягнення доўгатэрміновага мірнага ўрэгулявання ўкраінскага крызісу», — падкрэсліў памочнік расійскага лідара.
Акрамя таго, Юрый Ушакоў адзначыў: Крэмль чакае, што наступная пасля Аляскі сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Злучаных Штатаў адбудзецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. «Адпаведнае запрашэнне прэзідэнту ЗША ўжо перададзена», — сказаў ён.