Top.Mail.Ru
0

У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі распрацавалі інавацыйную лінейку мясных вырабаў з паніжанай каларыйнасцю для дзяцей

Баланс смаку і карысці

Дзіцячае атлусценне набывае трывожныя маштабы: у Беларусі ад яго пакутуе кожнае пятае дзіця. Прычым у 95 % выпадкаў залішняя вага не звязана са спадчыннымі фактарамі, яе прычына — у незбалансаваным харчаванні, празмерным спажыванні фастфуду. Адзін са шляхоў выхаду з гэтай сітуацыі — стварэнне для юных беларусаў даступных карысных і смачных прадуктаў.

— У нашых каўбасных вырабах і сечаных паўфабрыкатах — збалансаваны склад, які забяспечвае высокае ўтрыманне бялку (не менш за 12 %) і зніжэнне каларыйнасці на 30 % у параўнанні з традыцыйнымі аналагамі. Дасягаецца гэта за кошт выкарыстання высакаякаснай мясной сыравіны і аптымізацыі рэцэптур, — адзначае навуковы супрацоўнік сектара навукова-прыкладных распрацовак аддзела тэхналогій мясных прадуктаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Вікторыя НАПРЭЕНКА. — У нашых вырабах аптымальны амінакіслотны склад і, у адпаведнасці з сучаснымі рэкамендацыямі СААЗ па прафілактыцы артэрыяльнай гіпертэнзіі ў дзяцей, на 10% зніжана ўтрыманне кухоннай солі.

Асаблівую каштоўнасць інавацыйным прадуктам надалі фітакомплекс «Маяк» і вітамінна-мінеральны комплекс «Калейдаскоп», узбагачаныя вітамінамі групы В, харчовымі валокнамі і магніем. 100 г такіх мясных вырабаў у ранішнія гадзіны дазволяць нармалізаваць абменныя працэсы арганізму ў перыяд яго росту. Іх можна рэкамендаваць з мэтай карэкцыі дыет працяглага прымянення для дзяцей з павышанымі індэксамі масы цела.

Мясную прадукцыю з паніжаным утрыманнем кухоннай солі паспяхова выпускаюць фермерская гаспадарка «Астравецкая» і Гродзенскі мясакамбінат. Сумесна з Бярозаўскім мясакансервавым камбінатам і фермерскай гаспадаркай «Васілёк» наладжана вытворчасць разнастайных прадуктаў з бараніны — пажыўныя кансервы («Бараніна Апетытная»), каўбасы (напрыклад, «Фермерская»), паўфабрыкаты мясныя кавалкавыя.

Інавацыйныя прадукты спалучаюць у сабе традыцыйную якасць беларускіх мясных вырабаў з сучаснымі тэндэнцыямі здаровага харчавання.

— Кожнае наша даследаванне — гэта крок да стварэння новых тэхналогій, якія мяняюць да лепшага мясаперапрацоўчую галіну, — пераканана Вікторыя Напрэенка. — Калі лабараторныя распрацоўкі ўвасабляюцца ў карысныя і смачныя для спажыўцоў прадукты, гэта вельмі натхняе.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ. 

Фота дадзена суразмоўцам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю