Для яго гэта не першы даклад у кабінеце кіраўніка дзяржавы, але першы на дадзенай пасадзе. Найперш беларускі лідар пацікавіўся меркаваннем Рамана Галоўчанкі аб стане эканомікі краіны на сёння. Спытаў як у чалавека дасведчанага, на што трэба звярнуць увагу перш за ўсё.
«У банках лішніх грошай быць не павінна»
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў кіраўніка Нацбанка, што гэты даклад не адмяняе нарады па рабоце банкаўскай сферы, якую запланавана правесці на ўзроўні Прэзідэнта. Па словах кіраўніка дзяржавы, неабходна сустрэцца са спецыялістамі і кіраўнікамі нашых банкаў і Нацыянальнага банка для таго, каб раз і назаўжды канчаткова заявіць пра тое, якая палітыка будзе праводзіцца у найбліжэйшы час, якая асабістая пазіцыя Прэзідэнта ў дачыненні да Нацыянальнага банка.
Адно з пытанняў, якое Прэзідэнт паставіў перад кіраўніком Нацбанка, — павелічэнне сукупнага прыбытку банкаў у краіне. З аднаго боку, гэта можа быць пазітыўным паказчыкам. З іншага, можа ўзнікнуць дысбаланс і адцягванне банкамі грошай з эканомікі. У якасці адной з мер на ўзроўні дзяржавы прынята рашэнне браць частку прыбытку ў банкаў і накіроўваць яе на фінансаванне эканомікі.
- «У банках лішніх грошай быць не павінна. І прыбытак гэты ўсё роўна ад тых, хто гэтыя грошы там захоўвае. У асноўным так. Я ў гэтым плане вельмі спадзяюся, што так і будзе. Эканоміка павінна развівацца, і трэба, каб банкаўская сістэма спрыяла росту эканомікі», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй з трансгранічнымі плацяжамі ва ўмовах санкцый, аб’ём якіх, па яго словах, зніжаецца. Удзялілі ўвагу і інфляцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што інфляцыю трэба рэгуляваць вельмі ўважліва, каб не трапіць у складаную сітуацыю.
«Золатавалютныя рэзервы выраслі, але трэба разумець, што і золата падаражэла. Якія тут пытанні?» — акрэсліў яшчэ адну тэму беларускі лідар.
Акцэнт Прэзідэнт зрабіў на крыптавалюту. «Як мы ёю скарыстаемся, асабліва цяпер, для таго каб забяспечыць плацяжы? Шмат пра гэта гаворыцца, але ўсё ж не такі развіты ў нас гэты рынак па крыптавалюце. Як мы будзем у далейшым дзейнічаць?» — абазначыў кіраўнік дзяржавы кола пытанняў па тэме. Ён нагадаў, што гэта пытанне ўзнімалася яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Беларускі лідар канстатаваў, што гэта важна для яго асабіста і для краіны ў цэлым.
Першая манета — першаму ПрэзідэнтуСвой даклад Раман Галоўчанка пачаў з сімвалічнага моманту. «Грошы прынёс?» — пажартаваў Прэзідэнт. «Грошы прынёс, — адказаў Раман Галоўчанка. — Я ва ўрадзе імпартазамяшчэннем займаўся актыўна і тут вырашыў працягнуць гэту тэматыку. Усім вядома, што Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятныя і інвестыцыйныя манеты, у тым ліку з каштоўных металаў. Але для мяне было сюрпрызам даведацца, што ўсе яны выпускаліся за мяжой, па заказе Нацыянальнага банка, але за мяжой. Спачатку ў Еўрасаюзе, потым у дружалюбных краінах — Кітаі, Расіі, Казахстане». Кіраўнік Нацбанка расказаў, што і метал для выпуску гэтых манет прыходзілася купляць у тых краінах, дзе яны выпускаліся. Пры гэтым беларуская сыравіна — лом каштоўных металаў, які здае насельніцтва, і прамысловая нарыхтоўка — застаецца незапатрабаванай. «Таму мы з міністрам фінансаў падумалі, чаму самі не можам зрабіць? Трохі даабсталявалі наш Гомельскі завод «Крышталь», які працуе з каштоўнымі металамі і камянямі. І ўпершыню больш чым за 30 гадоў, як гэта ні дзіўна гучыць, мы адчаканілі ў Беларусі першую нашу залатую манету, якая называецца «Славянка», — расказаў Раман Галоўчанка.
Першы экзэмпляр гэтай манеты кіраўнік Нацбанка перадаў першаму Прэзідэнту. Гэта першая манета зроблена ў Беларусі цалкам з беларускай сыравіны. «Гэту практыку мы будзем працягваць не проста дзеля прынцыпу, але і каб задзейнічаць нашы рэзервы і зарабіць дабаўленую вартасць», — удакладніў Раман Галоўчанка.
Прэзідэнт даручыў змясціць дадзеную манету ў музей (спачатку ў музей Палаца Незалежнасці, затым у новы Нацыянальны гістарычны музей). «Гэта вельмі важна і прынцыпова», — адзначыў ён.
Вяртаючыся да галоўнай тэмы даклада, Раман Галоўчанка нагадаў, што пры кадравым прызначэнні Прэзідэнтам быў сфармуляваны шэраг канкрэтных задач. «Пасля прызначэння прыйшлося пачаць з пытанняў дысцыпліны, выканаўчасці і выбудоўвання новых правілаў работы з банкамі. У чым навізна? Да банкаў даведзены прынцып, што няма ніякіх дрэнных і добрых, няма ніякага суб’ектывізму, а ёсць тыя, хто выконвае задачы, і тыя, хто гэтыя задачы не выконвае. Прынцып ацэнкі адзін — вынік. І канкрэтныя задачы былі сфармуляваны перад банкаўскай сістэмай», — адзначыў ён.
Даслоўна
Галоўчанка: Банкаўская сфера са сваімі задачамі спраўляецца
Асноўнай мэтай даклада кіраўніка Нацбанка, паводле яго слоў, было інфармаванне лідара дзяржавы аб тым, як вырашаюцца пастаўленыя перад Нацыянальным банкам задачы. «Сітуацыю ў гэтай сферы я ацэньваю як здавальняючую, нават добрую. Прэзідэнт з такой ацэнкай пагадзіўся. Таму што задачы, пастаўленыя перад банкаўскай сістэмай і Нацыянальным банкам, выконваюцца і таму ёсць пацвярджэнне на ўзроўні лічбаў і фактаў», — адзначыў Раман Галоўчанка ў размове з журналістамі.
Большасць доўгатэрміновых укладаў — у нацыянальнай валюце
На дадзеным этапе забяспечана і цэнавая, і фінансавая стабільнасць. Насельніцтва, юрыдычныя асобы праводзяць актыўныя аперацыі на фінансавым рынку. Сфера дэпазітаў дэманструе рост. Прыемна, што самы вялікі прырост назіраецца ў нацыянальнай валюце: практычна 73 % усіх укладаў — гэта ўклады ў беларускіх рублях тэрмінам больш за год. Гэта добрая рэсурсная база для інвесціравання".
Стварыўшы такі падмурак, Нацыянальны банк прымае ўсе неабходныя рашэнні для таго, каб стымуляваць інвестыцыйнае крэдытаванне ў нашай краіне. «Тут мы таксама дасягнулі пэўных поспехаў: за 6 месяцаў каля трох мільярдаў рублёў укладзена ў інвестыцыйныя праекты, якія ствараюць дабаўленую вартасць у нашай краіне», — расказаў Раман Галоўчанка. Ён адзначыў, што працэнтная палітыка банкаў, на якую аказвае ўплыў і Нацыянальны банк, дазваляе ажыццяўляць інвестыцыі на камфортных умовах, сярэдняя працэнтная стаўка на такія крэдыты — менш за 10 %.
«Важна, каб і крэдытаванне фізічных асоб не было бескантрольным, каб не расла фінансавая нагрузка на нашых грамадзян. Каб асноўны паток крэдытавання на спажывецкія мэты ішоў на тавары і паслугі айчыннай вытворчасці. Тут мы таксама дасягнулі пэўных поспехаў. За гэтыя паўгода прырост крэдытавання на тавары беларускай вытворчасці склаў каля 35 %», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Рэзюмуючы, кіраўнік Нацбанка падкрэсліў, што банкаўская сфера са сваімі задачамі спраўляецца і зарабляе нядрэнны прыбытак. Разам з Банкам развіцця па выніках паўгоддзя прыбытак банкаў склаў каля трох мільярдаў рублёў, істотна павялічыўшыся ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года. А прыбытак банкаў — гэта крыніца для нарошчвання ўласнага статутнага капіталу і далейшага інвесціравання ў выгадныя для краіны праекты.
Рэкордны ўзровень золатавалютных рэзерваў
«Сам Нацыянальны банк выконвае свае задачы. Нядаўна мы дасягнулі рэкорднага ўзроўню сваіх золатавалютных рэзерваў - больш за 12 мільярдаў долараў. Упершыню ў нашай гісторыі гэту планку пераадолелі. Часткова гэта звязана з ростам кошту золата, якое знаходзіцца ў актывах Нацбанка. Але гэта таксама невыпадкова, мы мэтанакіравана захоўвалі высокую долю каштоўных металаў, актыўна запасаліся валютай і прадумана размяшчалі гэту валюту ў фінансавых інструментах, што дазволіла таксама нарасціць золатавалютныя рэзервы», — расказаў Раман Галоўчанка. Сітуацыя на валютным рынку, паводле яго слоў, стабільная, курсавая палітыка беларускага рубля, напрыклад, у адносінах да расійскага рубля, з’яўляецца стымулюючай для беларускіх экспарцёраў.
Рынак крыптавалют мадэрнізуюць
Што датычыцца рынку крыптавалют, то Раман Галоўчанка адзначыў, што гэты рынак ужо ў нашай краіне функцыянуе праз крыптабменнікі, крыптабіржы, якія існуюць у Парку высокіх тэхналогій. Абароты на дадзеных пляцоўках растуць дастаткова ўпэўнена і дэманструюць значныя лічбы. «Зразумела, што ад крыптавалюты мы нікуды не сыдзем. Таму нам трэба правільна і своечасова ўбудавацца ў гэту сферу», — паведаміў кіраўнік Нацбанка.
Нацыянальны банк ужо выпрацаваў адпаведныя падыходы. Як звярнуў увагу Раман Галоўчанка, параметры, закладзеныя Дэкрэтам Прэзідэнта № 8, па лічбавых фінансавых актывах, па токенах, трэба мадэрнізаваць. Таму што сфера лічбавых фінансавых актываў пашырылася. «Мы бачым перспектыву не толькі ў рэгуляванні, каб не дапусціць фінансавай шкоды. У нас ёсць прапановы, як дасягнуць некаторых прарыўных вынікаў з пункту гледжання задзейнічання крыптавалют або лічбавых фінансавых актываў у нашай фінансавай палітыцы», — расказаў Раман Галоўчанка. Гэтыя падыходы Прэзідэнтам у цэлым падтрыманы і будуць разгледжаны на адпаведнай нарадзе.
У адной звязцы з урадам
«Прэзідэнт даволі настойліва падкрэсліў неабходнасць удзелу Нацыянальнага банка ў рэалізацыі і правядзенні эканамічнай палітыкі разам з урадам, парламентам і іншымі структурамі. Прэзідэнт лічыць, што кіраўнік Нацыянальнага банка павінен актыўна працаваць у сістэме ўрада, і дасць даручэнні ўключыць старшыню праўлення ў склад Прэзідыума Савета Міністраў, каб больш комплексна разглядаць пытанні, якія стаяць перад эканомікай. Нацыянальны банк настроены і будзе працаваць разам з урадам на дасягненне агульнай мэты. Мэта ў нас адна — развіццё нашай краіны і павышэнне дабрабыту нашых людзей», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Валерыя СЦЯЦКО