Вынікі першага паўгоддзя для Парка высокіх тэхналогій выклікаюць асцярожны аптымізм, адзначыў Аляксандр Турчын.
— Расце колькасць рэзідэнтаў парка, колькасць работнікаў у гэтых кампаніях, выручка, экспарт, тым не менш гэта не падстава для самазаспакаення. Мы бачым рэзервы, якія ў нас ёсць, бачым, куды нам рухацца, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Прэм’ер-міністра, на пасяджэнні будуць разгледжаны некалькі важных пытанняў. У прыватнасці, адно з іх было ўзнята Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам падчас даклада старшыні Нацбанка Рамана Галоўчанкі аб развіцці банкаўскай сферы — выкарыстанне крыптавалют.
— Гэтае пытанне актуальнае не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Гэтая сфера вельмі адчувальная, таму яе рэгуляторыка, з аднаго боку, павінна надаць імпульс гэтай дзейнасці, а з другога — мы павінны разумець усе нашы абавязацельствы як краіны, каб не дапусціць негатыўных наступстваў, — звярнуў увагу кіраўнік урада.
Найважнейшае пытанне, якому таксама была ўдзелена асаблівая ўвага на пасяджэнні, — адукацыйныя праекты ПВТ.
— Сёння адукацыя з’яўляецца найважнейшым складнікам, у тым ліку і для ІT-галіны. Мы дамаўляліся аб шэрагу нашых праектаў, якія павінны запусціць, — сказаў Прэм’ер-міністр.
Удзялілі ўвагу на пасяджэнні таксама і пілотным праектам у сферы лічбавага развіцця, якія рэалізоўваюць у ПВТ.
Па матэрыялах БелТА.
У тэму
У ПВТ з пачатку года зарэгістравана больш за 100 рэзідэнтаў
У прыватнасці, у Парку высокіх тэхналогій з пачатку 2025-га зарэгістраваны 101 новы рэзідэнт. Пра гэта расказала журналістам начальнік Сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Ганна Рабава перад пачаткам пасяджэння.
Яна адзначыла, што Беларусь была фактычна піянерам у галіне рэгулявання крыптасферы.
— Усе мы памятаем Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» ад 21 снежня 2017 года, які тады прагучаў па ўсім свеце. Мы ўжо падводзім нейкія прамежкавыя вынікі і, натуральна, даём ім ацэнку, — сказала начальнік Сакратарыята Назіральнага савета ПВТ.
Ганна Рабава канстатавала, што ў ПВТ выразна адладжаны механізм работы з крыптарэзідэнтамі, якіх у парку налічваецца 15.
— Ніякіх скаргаў і прэтэнзій няма. Мы адладзілі рэгуляторыку на ўзроўні Назсавета, — звярнула яна ўвагу.
Начальнік Сакратарыята Назіральнага савета падкрэсліла, што сёлета ў парку адзначаецца традыцыйны ўстойлівы рост па ўсіх паказчыках, уключаючы экспарт, выручку і колькасць кампаній.
— Ужо з пачатку года мы прынялі дадаткова яшчэ 101 рэзідэнта ў парк. Гэта значыць, устойлівая цікавасць да нашага прававога рэжыму не зніжаецца, а нават павялічваецца, — сказала на заканчэнне Ганна Рабава.