Школа размешчана якраз у месцы ўпадзення Зяльвянкі ў Нёман, што дазваляе спартсменам трэніравацца ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Трэніровачны працэс не спыняецца нават зімой. У халодную пару года Зяльвянка застаецца рухомай і выхаванцы цэнтра могуць трэніравацца. Трэніроўкі ў дзяцей да 12 гадоў доўжацца каля паўтары гадзіны, для старэйшых — 4 гадзіны. Пад наглядам дасведчаных трэнераў яны вучацца кіраваць байдаркамі і каноэ, асвойваючы тэхніку веславання. Асаблівы ўпор у навучанні — на індывідуальны падыход да кожнага спартсмена, які ўлічвае яго фізічныя даныя, узрост і ўзровень падрыхтоўкі. На гэты момант у цэнтры вучацца 138 чалавек. Дарэчы, тут было падрыхтавана 15 майстроў спорту міжнароднага класа.
Бачыць, як дзеці растуць
Як расказаў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Павел Нікіціч, хлопцы і дзяўчаты добра сябе паказваюць на розных спаборніцтвах. Так, з апошняга чэмпіянату краіны па вяслярных відах спорту мастоўскія выхаванцы прывезлі 13 медалёў і ўзялі пуцёўкі на маладзёжны чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод спартсменаў да 23 гадоў.
— Нашы спартсмены добра выступілі на міжнародных спаборніцтвах «Кубак наймацнейшых па веславанні на байдарках і каноэ» ў Заслаўі. Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў свеце ўплывае на спорт, нашы выхаванцы маюць магчымасць рэалізоўваць сябе і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Для дзяцей малодшага ўзросту праводзім абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы. А старэйшыя юнакі і дзяўчаты паспяхова выступаюць на розных замежных спаборніцтвах.
У цэнтры працуюць вопытныя трэнеры, якія маюць глыбокія веды ў галіне веславання і педагогікі. Навучанне ўсе дзеці пачынаюць з байдаркі, пасля ім прапануюць паспрабаваць свае сілы на каноэ. І ўжо потым сам спартсмен вырашае: займацца на каноэ або застацца на байдарцы. Марыя Рудзевіч амаль 10 гадоў рыхтуе спартсменаў. Яна пайшла па шляху свайго бацькі, які быў дырэктарам цэнтра, што носіць яго імя.
— З самага дзяцінства гэты від спорту быў нумарам адзін для маёй сям’і. Я спачатку працавала інструктарам-метадыстам. Потым давялося папрацаваць з маленькімі дзеткамі, мне спадабалася — вырашыла стаць трэнерам. Калі сама трэніравалася, назірала, як працуюць мае настаўнікі, мне было цікава, якія падыходы выкарыстоўваюць. Калі ўпершыню ўбачыла вынік дзяцей, адчула неверагоднае пачуццё. Дзіця прыйшло маленькае, нічога не ўмела, а цяпер упэўнена сядзіць у байдарцы. Хочацца яшчэ больш працаваць і бачыць, як дзеці растуць.
У цэнтры алімпійскага рэзерву хлопцы і дзяўчаты не толькі вучацца тэхніцы веславання, але і развіваюць фізічную сілу, цягавітасць, каардынацыю і камандны дух. Гэта дапамагае ім дасягаць высокіх вынікаў на спаборніцтвах. Трэнеры ў сваю чаргу рэгулярна павышаюць кваліфікацыю, праходзяць курсы і семінары, удзельнічаюць у канферэнцыях. Гэта дазваляе ім быць у курсе найноўшых методык трэніровак і прымяняць іх на практыцы. Трэнеры працуюць і над псіхалагічным станам дзяцей: вучаць іх спраўляцца са стрэсам, падтрымліваць матывацыю і верыць у свае сілы.
Вяслярны спорт: адзінства на вадзе
Веславанне — гэта не проста пераадоленне дыстанцыі на байдарцы або каноэ, гэта мастацтва, дзе кожны рух, кожны ўзмах вясла — частка вялікага сімфанічнага твора. У цэнтры алімпійскага рэзерву дзеці вучацца не толькі тэхніцы веславання, але і мастацтву супрацоўніцтва, якое становіцца іх галоўным саюзнікам на шляху да перамог.
— Саперніцтва паміж дзецьмі тут не ўспрымаецца як нешта негатыўнае. Наадварот, яно становіцца магутным каталізатарам для росту і развіцця. Уявіце сабе хвалю, якая падштурхоўвае лодку наперад, дапамагаючы ёй пераадольваць перашкоды. Менавіта такое пачуццё адзінства і падтрымкі адчуваюць дзеці, калі выходзяць на ваду, — адзначыў Павел Нікіціч.
Кожнае дзіця, пачатковец або дасведчаны спартсмен, адчувае сябе часткай каманды. Гэта атмасфера згуртаванасці, як трывалы канат, звязвае іх, робячы мацней. Усе разумеюць, што поспех залежыць не толькі ад індывідуальных намаганняў, але і ад зладжанасці дзеянняў кожнага. Давер становіцца нябачнай сілай, якая дапамагае ім пераадольваць любыя перашкоды і дасягаць новых вышынь. Адзінаццацікласніца Кацярына Мялешка — бронзавы прызёр спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь гэтага года, два гады займаецца веславаннем на байдарцы.
— У веславанні я паспрабавала сябе даўно, яшчэ ў 3 класе, — расказвае дзяўчына. — Мне сяброўка расказала пра гэты від спорту. І я займалася, але не прафесійна. А калі пераехала жыць у Масты, вырашыла, што хачу стаць спартсменкай. Трэніровачны працэс няпросты, але нашы настаўнікі падтрымліваюць нас. Ды і сама я люблю гэты спаборніцкі момант, люблю перамагаць. Я раней займалася лёгкай атлетыкай, валейболам. І вось цяпер знайшла сваё прызванне ў веславанні. На маім шляху мне дапамагае смага да перамогі.
Дух адзінства і падтрымку таварышаў адчувае і пятнаццацігадовы Арсеній Церабей, сярэбраны прызёр спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь гэтага года.
— Мне гэты від спорту спадабаўся з першай трэніроўкі, — дзеліцца хлопец. — Ніякіх роздумаў не было, адразу вырашыў, што буду займацца. Сам я з Азёраў, але для таго, каб трэніравацца, пераехаў у Масты. Спачатку бацькі не надта хацелі адпускаць мяне. Але потым убачылі, наколькі гэта для мяне важна. Вельмі рады, што я трапіў у цэнтр. У мяне класныя трэнеры і таварышы!
Вяслярны спорт у цэнтры алімпійскага рэзерву — гэта не проста трэніроўкі, гэта шлях да сябе, да сваіх магчымасцяў і да перамогі. І кожнае дзіця, якое праходзіць гэты шлях, нясе з сабой не толькі медалі, але і бясцэнны вопыт, які дапамагае яму стаць мацнейшым, больш упэўненым і шчаслівым.
Вераніка Казлоўская,
г. Масты.