Асноўныя мэты мерапрыемства — стварэнне камунікацыйнага асяроддзя для абмеркавання інавацыйных ідэй, абмену інфармацыяй аб вытворча-тэхналагічных дасягненнях у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, садзейнічанне каардынацыі намаганняў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Беларусі.
Як расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван ПРЫХОДЗЬКА, запланавана шырокая выставачная і дзелавая праграма, правядзенне пленарных дыскусій, круглых сталоў, бізнес-сустрэч. Вызначальнымі стануць дзевяць асноўных тэматычных кірункаў: развіццё экалагічных тэхналогій, тэхналогіі экалагічна дружалюбнага будаўніцтва, адходы і другасная сыравіна, экатранспарт, экаасяроддзе, экахарчаванне і экаўпакоўка, экатурызм, адукацыя і асвета ў сферы экалогіі, ахова і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў. У рабоце выстаўкі таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Бразіліі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Узбекістана.
Па словах Івана Прыходзькі, ECOLOGY EXPO — гэта не проста выстаўка, а сапраўдны цэнтр прыцягнення для рэальнага вырашэння сучасных экалагічных выклікаў. Дынаміка развіцця праекта паказвае, што з кожным разам ён ахоплівае ўсё больш удзельнікаў. У гэтым годзе іх колькасць павялічылася на 50 экспанентаў, а выставачная плошча ўзрасла з 3 да 6 тыс. м2, што сведчыць аб росце цікавасці і статусу пляцоўкі як адной з асноўных у сферы экалогіі. Дэвіз цяперашняй экспазіцыі — «Зялёныя інавацыі для ўстойлівай будучыні».
У рамках дзелавой праграмы плануецца сем ключавых мерапрыемстваў. Сярод іх — адкрытае пасяджэнне Каардынацыйнага савета па пытаннях абыходжання з адходамі пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ІІ навукова-практычная канферэнцыя «Аб далейшым развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы аховы і рацыянальнага выкарыстання трансгранічных водных аб’ектаў», семінар «Лічбавізацыя галіны экалогіі і прыродакарыстання». Будуць адкрыты дыялогавыя пляцоўкі «Аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер (санкцый) на рэалізацыю дзяржаўнай і міжнароднай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання прыродных рэсурсаў, змякчэння наступстваў змянення клімату і пераадолення іх наступстваў» і «Трэці ўклад Рэспублікі Беларусь у Парыжскае пагадненне (АНУВ), які вызначаецца на нацыянальным узроўні». Пройдуць круглыя сталы «Экалагічны турызм: перспектывы і тэндэнцыі развіцця» і «Фарміраванне экалагічнай адказнасці ў бізнесе з дапамогай сацыяльна-адукацыйных ініцыятыў у рэгіёне».
На трох інтэрактыўных пляцоўках у займальнай гульнявой форме прадэманструюць работу ўстаноў адукацыі, маладзёжных паслоў МУР, экаваланцёраў, маладзёжных аб’яднанняў. Будуць прэзентаваны сістэмы экавыхавання дзяцей і моладзі і адпаведныя педагагічныя практыкі, паспяховы вопыт і актуальныя падыходы да заняткаў па папулярызацыі экалагічнага парадку дня ў мэтах максімальнага ўключэння моладзі ў экарух, фарміравання экадружалюбнага ладу жыцця. Акрамя традыцыйных «Зялёнай школы» і «Зялёных класаў беларускай сталіцы», дзе можна будзе пазнаёміцца з практычнымі аспектамі экалагічнай дзейнасці, прадставяць «Алею адукацыі». Тут студэнты вядучых ВНУ пакажуць свае навуковыя распрацоўкі і інавацыйныя ідэі ў галіне экалогіі. А на сцэне ў рамках дзелавой праграмы запланаваны прэзентацыі экалагічных праектаў ад школ і ўдзельнікаў «Алеі адукацыі».
Паводле слоў начальніка ўпраўлення выставак і кірмашоў РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Вольгі КРАСОЎСКАЙ, выстаўка будзе цікавая не толькі спецыялістам, але і ўсім, хто неабыякавы да пытанняў экалогіі. Уваход вольны з папярэдняй рэгістрацыяй на сайце і афармленнем запрашальнага білета. Для зручнасці дастаўкі ўдзельнікаў і гасцей на час работы выстаўкі будуць арганізаваны спецыяльныя аўтобусныя маршруты 912э (ад ст. м. «Акадэмія навук») і 962э (ад ст. м. «Пушкінская»).
Андрэй АКІМАЎ.