Top.Mail.Ru
0

Маладыя спецыялісты прыехалі па размеркаванні ў адзін з самых маляўнічых куткоў краіны

12.08.2025 | 15:34

У Нацыянальны парк «Нарачанскі» сёлета прыбылі на працу 15 маладых спецыялістаў з розных рэгіёнаў, каб пачаць прафесійны шлях у адной з самых прыгожых і ўнікальных прыродных мясцін Беларусі. Новыя супрацоўнікі ўжо падзяліліся першымі ўражаннямі, распавялі пра свае абавязкі, умовы працы і планы на будучыню.



Нацыянальны парк «Нарачанскі» — для маладых спецыялістаў гэта не толькі месца працы, але і прастора для асабістага развіцця, дзе можна спалучаць набыццё прафесійнага вопыту з пазнаннем жывой прыроды.

Камфорт і дастатак

Сёлета калектыў Нацыянальнага парку папоўніўся 15 маладымі работнікамі. Сярод іх — пакаёўкі, навуковыя супрацоўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі, слесар, трактарыст, павары і афіцыянты. Менавіта такія прафесіі сёння найбольш запатрабаваныя ў вялікім і разнастайным калектыве. Як адзначае Наталля ВАСІЛЕВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку, частка спецыялістаў з лясной галіны традыцыйна прыходзіць крыху раней, бо ў іх іншы час выпуску. Сёлета толькі адзін з прыбыўшых — мясцовы жыхар, астатнім было прадастаўлена арэнднае жыллё. Пры засяленні маладыя спецыялісты атрымліваюць не пустыя кватэры, а ўжо абсталяваныя ўсім неабходным для жыцця: ёсць халадзільнік, мэбля і іншыя прадметы інтэр’ера. Разам з гэтым усе яны атрымліваюць выплаты і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам: падтрымку ў сувязі з пераездам, дапамогу маладому спецыялісту і іншыя.

Кожнаму маладому спецыялісту прызначаецца настаўнік — вопытны работнік, які суправаджае пачаткоўца ў прафесійнай дзейнасці і дапамагае вырашаць бытавыя пытанні. Як тлумачыць Наталля Васілевіч, гэта важна не толькі для асваення прафесіі, але і для хутчэйшай адаптацыі да дарослага працоўнага жыцця. Настаўнік з большым жыццёвым досведам падкажа, да каго звярнуцца ў выпадку непаладак у кватэры, паломкі або іншых бытавых праблем. Нацыянальны парк «Нарачанскі» — гэта вялікая арганізацыя, у якой працуе больш за 700 чалавек. Ёсць асобныя адказныя супрацоўнікі, якія займаюцца забеспячэннем жылля, кантралююць яго стан і камфорт.

Вялікая ўвага ўдзяляецца і сацыяльнаму жыццю. Для моладзі праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Новыя супрацоўнікі толькі нядаўна прыступілі да працы: для большасці размеркаванне пачалося 1 жніўня, але некаторыя прыехалі крыху раней, у ліпені, адразу пасля атрымання дыпломаў.

Многія з маладых спецыялістаў ужо праходзілі тут практыку: хто адзін раз, а хто і двойчы. Некаторых запрашалі ў зімовы перыяд, напрыклад, на Новы год. Гэта дапамагло маладым людзям лепш падрыхтавацца да будучай працы: яны ўжо ведалі сваіх калег і разумелі, якія задачы іх чакаюць. Гэты вопыт, як сцвярджае Наталля Васілевіч, значна спрасціў працэс адаптацыі. Хлопцы і дзяўчаты прыязджалі ўжо з разуменнем, у якія ўмовы трапяць, і без страху перад новым калектывам. «Мне здаецца, што яны адчуваюць сябе вельмі спакойна», — дзеліцца Наталля Васілевіч.

«Думаю, далей будзе толькі лепш»

Разам з маладымі спецыялістамі ў Нацыянальны парк прыходзіць свежая энергія, новыя мары і надзеі. Пахне сасновай смалой, а з возера даносіцца ціхі плёскат хваль. Сярод гэтага спакою і прыгажосці пачынаюць сваю працу дзве дзяўчыны, якія прыбылі сюды па размеркаванні — Дзіяна Мосіна і Кацярына Мірончык. Абедзве — выпускніцы Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, спецыялісты па гасцінічным сэрвісе.

— Я яшчэ падчас вучобы марыла сюды трапіць, — усміхаецца Дзіяна. — Пра Нарач мне шмат расказвалі бацькі. Я люблю прыроду, таму хацела ўбачыць гэта месца на свае вочы. 

Калі прыехала ўпершыню на практыку, зразумела: тут сапраўды неверагодна прыгожа.

Кацярына ўпершыню даведалася пра парк ад знаёмых. «Казалі, што прырода тут асаблівая, а паветра — як у дзяцінстве, калі выязджаеш у вёску на лета. І праўда: прастор, свежасць, возера... Тут нават дыхаецца інакш».

Абедзве дзяўчыны ўжо не чужыя: яны двойчы праходзілі ў парку практыку. Таму першыя крокі былі ўпэўненымі, хоць і не без хвалявання. Дзіяна працуе на комплексе, дзе галоўная яе задача — падтрымліваць парадак. «Гэта не проста прыборка, гэта клопат пра тое, каб госці адчувалі сябе камфортна. Першымі днямі было няпроста, але калі ўжо ведаеш месца і людзей, усё ідзе лягчэй». Кацярына працуе ў гасцініцы «Нарач». «Тут сезонная праца, таму нагрузка вялікая. Але мы ўжо падрыхтаваныя — практыка шмат чаму навучыла. Думаю, далей будзе толькі лепш».

Месца жыхарства для маладых спецыялістаў — асобная тэма: як адзначаюць дзяўчаты, умовы цалкам камфортныя. Але яшчэ больш важна тое, што ў калектыве пануе сапраўдная падтрымка. «Можна звярнуцца да любога кіраўніка, нават да намесніка дырэктара, — цябе выслухаюць. Калі ўзнікаюць цяжкасці — дапамогуць. Гэта вельмі важна, асабліва спачатку», — кажа Дзіяна Мосіна.

Кацярына дадае: «Калектыў тут унікальны. Калі ў кагосьці менш працы, ён дапаможа іншаму. Гэта рэдка дзе сустрэнеш. Ты адчуваеш сябе часткай адной вялікай каманды».

Канешне, без цяжкасцяў не абышлося. Найперш — вялікі аб’ём працы, які адрозніваецца ад вучэбнай практыкі. Але дзяўчаты кажуць, што гэта вырашаецца з цягам часу. «Спачатку ўсё новае: людзі, рытм, патрабаванні. Але праз некаторы час разумееш, што ўсё на сваім месцы. І нават самыя цяжкія задачы перастаюць здавацца непераадольнымі», — дзеліцца Кацярына Мірончык.

Абедзве бачаць сваю будучыню ў Нарачы. Дзіяна прызнаецца, што хацела б у будучыні, праз некаторы час адаптацыі, паспрабаваць сябе ў ролі адміністратара, але пакуль галоўнае — упэўнена стаць на ногі. Кацярына разважае гэтак жа: «Мінімум на два гады планую застацца. А там — паглядзім. Калі спадабаецца, магчыма, застануся і надоўга. Хацелася б калісьці атрымаць новую кваліфікацыю, забяспечыць для сябе кар’ерны рост».

На пытанне, што для іх галоўнае ў гэтай працы, абедзве адказваюць аднолькава: «Людзі і прырода». Бо калі кожны дзень бачыш сонца над возерам і сустракаеш усмешкі калег, цяжка не палюбіць месца, дзе ты працуеш. І, магчыма, праз гады яны будуць успамінаць гэтыя дні як пачатак свайго прафесійнага шляху, шчырага, часам няпростага, але поўнага надзеі і свежага ветру з Нарачы.

Папаўненне калектыву Нацыянальнага парку «Нарачанскі» новымі спецыялістамі з’яўляецца важным этапам у развіцці гэтай установы. Як адзначаюць самі маладыя работнікі, падтрымка адміністрацыі і цёплая атмасфера ў калектыве дапамагаюць хутка адаптавацца і ўпэўнена рухацца наперад. Праца ў такім месцы патрабуе не толькі прафесійных навыкаў, але і любві да навакольнага асяроддзя, адказнасці і жадання рабіць свой унёсак у агульную справу. Гэтыя маладыя спецыялісты ўжо сёння развіваюць патэнцыял парку, а іх планы і надзеі на будучыню сведчаць аб тым, што Нацыянальны парк «Нарачанскі» будзе заставацца месцам, дзе спалучаюцца прыродная прыгажосць і чалавечы клопат.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю