Top.Mail.Ru
0

Кампетэнтныя каментарыі да Указа Прэзідэнта «Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі»

12.08.2025 | 17:27

У мэтах паскарэння праектавання і будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі і стварэння ўмоў для іх уводу ў эксплуатацыю непасрэдна з завяршэннем будаўніцтва аб’ектаў жылога і нежылога фондаў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2025 года № 301 «Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі».



Дакумент падпісаны ў мэтах развіцця інфраструктуры сетак электрасувязі, укаранення новых тэхналогій, павышэння якасці і даступнасці паслуг, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Указ прадугледжвае стварэнне ўмоў для спрашчэння будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў сотавай рухомай электрасувязі, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, неабходнай для забеспячэння іх функцыянавання. Акрамя таго, вызначаюцца асаблівасці прыёмкі такіх аб’ектаў у эксплуатацыю», — сказана ў каментарыі да дакумента.

У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі патлумачылі: 

  1. «Указам прадугледжваецца развіццё тэхналогіі сотавай рухомай электрасувязі адначасова з будаўніцтвам жылых дамоў, забаўляльных і гандлёвых цэнтраў, спартыўных комплексаў.
  2. Зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў сотавай сувязі і іх інфраструктуры даюцца аператарам у арэнду тэрмінам на 99 гадоў.
  3. Зніжана колькасць дакументацыі, неабходнай для будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі і іх інфраструктуры.Адменена неабходнасць правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе адносна аб’ектаў сотавай сувязі і іх інфраструктуры.
  4. Устаноўлены асаблівасці прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў сотавай сувязі і іх інфраструктуры.
  5. Вызначана, што ўстаноўка аб’ектаў сотавай сувязі ў (на) існуючых капітальных пабудовах (будынках, збудаваннях), іх частках, іншых інжынерных аб’ектах і тэхналагічных пляцоўках не адносіцца да будаўнічай дзейнасці.
  6. Прадастаўленне аператару агульнай маёмасці сумеснага домаўладання (яго частак) у мэтах устаноўкі аб’ектаў сотавай сувязі ажыццяўляецца на падставе грамадзянска-прававога дагавора з удзельнікамі сумеснага домаўладання, кіруючай арганізацыяй, з упаўнаважанай мясцовым выканаўчым і распарадчым органам асобай, з таварыствам уласнікаў, забудоўшчыкам.
  7. Аператарам дадзена права па ўзгадненні з заказчыкам будаўніцтва ажыццяўляць устаноўку і эксплуатацыю аб’ектаў сотавай сувязі на аб’ектах, якія будуюцца, а таксама ў палосах адводу, у тым ліку чыгунак і аўтамабільных дарог».

Калі на сёння працэс праектавання і будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі да іх уводу ў эксплуатацыю займаў ад паўтара да двух гадоў, то, паводле ацэнкі Мінсувязі, рэалізацыя палажэнняў указа дасць магчымасць скараціць гэты тэрмін да аднаго года, што станоўча паўплывае на паляпшэнне якасці аказання паслуг сотавай сувязі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, асабліва ў сельскай мясцовасці.

«Дакумент значна спросціць працэдуру выбару зямельнага ўчастка для будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі, афармлення дакументаў, само будаўніцтва, — пракаментаваў палажэнні прававога акта намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір БАРАВЕНКА. — Ён дае пэўныя прэферэнцыі і значна паскарае, што немалаважна, вырашэнне пытанняў будаўніцтва такіх аб’ектаў. Мы нярэдка сутыкаемся з запытамі нашых выбаршчыкаў пра якасць сотавай сувязі, вырашэнне гэтага пытання патрабуе будаўніцтва дадатковых аб’ектаў».

Акрамя таго, Прэзідэнтам і кіраўніцтвам краіны прынята рашэнне аб укараненні тэхналогіі 5G, мэта якой глабальнае паляпшэнне сотавай сувязі, нагадаў парламентарый. «Гэта выкарыстанне прынцыпова новых тэхналогій, што таксама патрабуе аператыўнага будаўніцтва адпаведных аб’ектаў, — дадаў дэпутат. — Вядома, указ, які падпісаў кіраўнік дзяржавы, значна спросціць працэдуры, што праходзяць аператары і зацікаўленыя асобы».

У выніку аператары і ўладальнікі аб’ектаў сотавай сувязі атрымаюць магчымасць аператыўнага вырашэння праблем, а насельніцтва Беларусі атрымае больш дасканалыя паслугі, рэзюмаваў Уладзімір Баравенка.

Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю