Top.Mail.Ru
0

Сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2025» пройдзе з 12 да 16 верасня

Аб гэтым падчас брыфінгу паведаміў начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Валерый РАВЕНКА. Тэма вучэння — прымяненне груповак войск (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Агульная мэта манеўраў — праверка магчымасцяў Беларусі і Расіі па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, гатоўнасці да адбіцця магчымай агрэсіі.



Агрэсіўны характар дзеянняў суседзяў

Наша краіна праводзіць міралюбівую палітыку і ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне ваеннай бяспекі дзяржавы. Адной з форм рэалізацыі такой палітыкі з’яўляецца функцыянаванне рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, створанай у 2000 годзе. У рамках яе дзейнасці асноўнымі мерапрыемствамі сталі сумесныя вучэнні, якія па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў праводзяцца раз на два гады. Сёлета такое вучэнне пройдзе на тэрыторыі Беларусі.

У ходзе вучэння плануецца адпрацоўка наступных пытанняў: адбіццё ўдараў сродкаў паветранага нападзення праціўніка; вядзенне абарончага бою, разгром праціўніка, які ўклініўся ў абарону, і стварэнне ўмоў для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы; авіяцыйная падтрымка дзеянняў войскаў; барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка. Кіраўніцтва вучэннем ажыццяўляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

«Вучэнне „Захад“ — гэта планавы элемент сумеснай падрыхтоўкі сіл і сродкаў рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл), — падкрэсліў Валерый Равенка. — Яму папярэднічаў комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіліся як на тэрыторыі Беларусі, так і Расіі. Аднак з набліжэннем тэрмінаў правядзення вучэння дзеянні заходніх дзяржаў і, у першую чаргу, сумежных краін — членаў НАТА, пачалі набываць усё больш агрэсіўны характар».

Начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва праінфармаваў, што ў жніўні-верасні прадэкларавана павелічэнне колькасці вучэнняў аб’яднаных узброеных сіл альянсу, а таксама нацыянальных узброеных сіл — з шасці да дзесяці. Адно з такіх мерапрыемстваў — «Жалезны абаронца», якое пройдзе ў верасні на тэрыторыі Польшчы.

«Ваенна-палітычным кіраўніцтвам гэтай дзяржавы было заяўлена, што ў гэтай серыі вучэнняў прымуць удзел больш чым 34 тысячы вайскоўцаў і 600 адзінак ваеннай тэхнікі, што ў разы перавышае колькасць удзельнікаў вучэння „Захад-2025“, — праінфармаваў Валерый Равенка. — У мерапрыемствах будуць задзейнічаны воінскія фарміраванні са складу ўсіх польскіх дывізій, а таксама замежныя кантынгенты. Асноўнымі месцамі правядзення вучэнняў вызначаны ўсходнія раёны Польшчы. Гэта значыць, што манеўры пройдуць у непасрэднай блізкасці ад нашых граніц».

Аналагічныя мерапрыемствы запланаваны і на тэрыторыі Літвы. У гэту краіну чыгуначным транспартам дастаўлены ўзбраенне і тэхніка Бундэсвера ў рамках падрыхтоўкі да шматнацыянальнага вучэння «Вялікі арол-2025». Акрамя таго, як акцэнтаваў увагу генерал-маёр, літоўскае ваеннае ведамства размяшчае дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны каля граніц з Рэспублікай Беларусь, ажыццяўляе перанос шэрагу вучэнняў на жнівень і верасень, а таксама павялічвае інтэнсіўнасць сумесных мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі літоўскіх і амерыканскіх падраздзяленняў на палігоне Пабрадэ, што за 15 кіламетраў ад нашай граніцы.

Беларусь — гарант рэгіянальнай бяспекі

Па словах прадстаўніка Мінабароны, для ўтойвання сапраўдных мэт мерапрыемстваў, якія праводзяцца заходнімі дзяржавамі, працягваецца публікацыя асобнымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі супярэчлівых, правакацыйных матэрыялаў аб маючым адбыцца вучэнні на тэрыторыі нашай дзяржавы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

«З гэтага можна зрабіць выснову, што беларуска-расійскае сумеснае вучэнне выкарыстоўваецца ў якасці нагоды для бесперапыннай мілітарызацыі і росту ліку і маштабаў мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, — канстатаваў Валерый Равенка. — Падобнае ўжо было раней, перад сумеснымі вучэннямі папярэдніх гадоў, і прывяло да разгортвання ў сумежных дзяржавах баявых тактычных груп НАТА, колькасць якіх працягвае нарошчвацца».

Для падтрымання рэгіянальнай бяспекі і аднаўлення даверу і добрасуседскіх адносін у Еўропе Беларусь прадугледжвае забеспячэнне максімальнай адкрытасці і транспарэнтнасці ваеннай дзейнасці, якая праводзіцца. У сувязі з гэтым, зыходзячы з патрабаванняў Венскага дакумента аб мерах умацавання даверу і бяспекі, яшчэ ў 2024 годзе дзяржавы — удзельніцы АБСЕ былі апавешчаны аб правядзенні ў верасні бягучага года сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2025».

«31 ліпеня мы перадалі пашыраную інфармацыю аб вучэнні і запрасілі на назіранне за ім прадстаўнікоў усіх без выключэння дзяржаў — удзельніц Венскага дакумента, — звярнуў увагу начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. — Тыя краіны, якія накіруюць сваіх назіральнікаў, змогуць пераканацца ў адкрытасці і празрыстасці манеўраў. Акрамя таго, магчымасць назіраць за вучэннем будуць мець усе акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь замежныя ваенныя аташэ, сярод якіх — прадстаўнікі дзевяці дзяржаў — членаў НАТА».

Запрашэнні для назірання за асобнымі эпізодамі вучэння таксама накіраваны на адрас іншых краін і міжнародных арганізацый, у тым ліку АДКБ, СНД і ШАС. «Усё гэта — красамоўнае пацвярджэнне таго, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца прыхільнікам забеспячэння рэгіянальнай бяспекі, — падкрэсліў Валерый Равенка. — Мы выступаем катэгарычна супраць маштабнай мілітарызацыі, якая працягваецца і вядзе да парушэння балансу сіл у Еўропе. Яго вынікам, у сваю чаргу, з’яўляецца зніжэнне стратэгічнай стабільнасці ў свеце ў цэлым».

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю