За кожным законам — жыццёвая сітуацыя
У Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы адначасова кіпіць работа адразу над некалькімі заканадаўчымі ініцыятывамі. Сярод іх — змяненні ў Кодэкс аб зямлі, законапраект, звязаны з рэгістрацыяй і ідэнтыфікацыяй жывёл. На стадыі распрацоўкі абсалютна новы Закон «Аб аквакультуры». Апошнім, у прыватнасці, прапануецца стварыць дакладнае празрыстае прававое поле, калі хочаце, правілы гульні, для ўсіх зацікаўленых у гэтай сферы аграрнай вытворчасці.
«Жыццё мяняецца, людзі становяцца больш законапаслухмянымі і патрабавальнымі да заканадаўства, часцей карыстаюцца прававым полем, — звяртае ўвагу член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Юрый КОРСІК. — Адпаведна ўзнікае нямала пытанняў. Гэта датычыцца і сферы землекарыстання. Напрыклад, шмат праблем завязана з пачаткам 1990-х, калі не існавала дакладнай сістэмы вымярэння, не былі вызначаны ўзаемаадносіны паміж карыстальнікамі зямлі. Разам з зыходам постсавецкай сістэмы памяняліся і адносіны да зямлі. Мы можам на розных падставах ёй карыстацца: напрыклад, з’явілася прыватная ўласнасць. Ёсць нямала зацягнутых пытанняў, звязаных з тым, што пераемнікі таго ці іншага ўчастка зямлі, уступіўшы ў спадчыну, яго не афармлялі. У абноўлены кодэкс закладваюцца нормы, якія ўдасканаляць прававыя адносіны, дазволяць развязаць вузельчыкі, якія завязваліся гадамі, дзесяцігоддзямі. Грамадзяне сталі разумець каштоўнасць зямлі, шанаваць намаганні сваіх продкаў».
Увага да любога ўзросту
Важны складнік дзейнасці дэпутацкага корпуса — работа з выбаршчыкамі. І міжсесійны перыяд — не нагода змяншаць градус актыўнасці ў сваёй акрузе. Парламентарыі едуць у акругу, каб не толькі праінфармаваць аб апошніх заканадаўчых рашэннях, але і на месцах даведацца, што не працуе на практыцы, ці сапраўды ёсць неабходнасць таго ці іншага новаўвядзення.
«Нярэдка змяненні ў заканадаўчым полі ўспрымаецца людзьмі як нейкае ўварванне дзяржавы ў іх жыццё, — кажа Юрый Корсік. — Тлумачу ім, што большасць законапраектаў накіравана на тое, каб спрасціць сённяшнюю сістэму, выключыць дубліраванне, прыбраць непатрэбныя і застарэлыя нормы, узмацніць заканадаўчыя рашэнні і адказнасць грамадзян, прымусіць да канкрэтных дзеянняў. Напрыклад, Закон „Аб рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй“ мае „плюшку“ ў выглядзе таго, што звяртацца па паслугі рэгістратара можна не па месцы знаходжання аб’екта нерухомасці, а па месцы жыхарства грамадзяніна. Пры гэтым прадугледжвае закон і свайго роду „пугу“, якая паскарае праваўладальніка, што ўступіў у спадчыну або набыў яе, зарэгістраваць маёмасць, абмяжоўваючы пры гэтым тэрмінам рэгістрацыі, чаго раней не было».
Работа ў акрузе — гэта не толькі тлумачальная дзейнасць, але і вырашэнне канкрэтных пытанняў і праблем. Дарэчы, Бярэзінская акруга № 61, якую прадстаўляе Юрый Корсік, уключае Бярэзінскі, Крупскі і Чэрвеньскі раёны і часткова Барысаўскі. Па словах дэпутата, як правіла, людзі прыходзяць да яго з простымі, зямнымі пытаннямі. Напрыклад, у вёсцы Дзмітравічы Бярэзінскага раёна камунальшчыкі праклалі трасу, а пра асфальт забыліся. Пасля таго як у справу ўмяшаўся заканадаўца, асфальт аператыўна аднавілі.
«У адным з раёнаў узнікла сітуацыя з сістэмай водаадвядзення ў прыватным сектары, — расказвае член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. — У свой час з дазволу кіраўніцтва гаспадаркі сістэма была створана сіламі грамадзян, у пэўны перыяд яна перастала нармальна функцыянаваць. Як высветлілася, сістэма нідзе на ўліку не значыцца. Давялося пагрузіцца ў гэта пытанне. Цяпер распрацоўваецца адпаведная дакументацыя, каб было што прыняць на абслугоўванне».
З падачы дэпутата прапрацоўваецца пытанне і ўстаноўкі павільёна на прыпынку ў невялікім населеным пункце. Ім карыстаюцца і дзеці, якія чакаюць там аўтобуса, што падвозіць іх у школу. Бяспека дзяцей — заўсёды ў полі зроку Юрыя Корсіка. Як і ўвага да старэйшага пакалення. На днях дэпутат віншаваў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сафію Пятроўну Стасевіч са стагоддзем. Адзначыў, што вельмі важна мець зносіны з такімі людзьмі, якія з’яўляюцца скарбонкай каштоўнага жыццёвага вопыту.
На педагагічным падмурку
Не адпускае дэпутата і ўласны вопыт папярэдняй работы. За яго плячамі — амаль 30-гадовая педагагічная дзейнасць у Смілавіцкім дзяржаўным каледжы, дзе ён прайшоў шлях ад выхавальніка да дырэктара.
«Мне падабаецца мець зносіны з моладдзю, камфортна сябе адчуваю і на сустрэчах у працоўных калектывах, — заўважае Юрый Корсік. — Падчас працы ў акрузе стаўлю задачу максімальна асветніцкай работы. Моладзі важна казаць аб тым, што вельмі важна знайсці сябе на першапачатковым перыядзе жыцця. Імкнуся данесці, што няма ў сучасным свеце адукацыі канчатковай: увесь час трэба вучыцца. Нашы бабулі і дзядулі жылі ў іншай сістэме каардынат. Іх жыццё нагадвала паездку ў цягніку: селі на станцыі „радзільны дом“, потым перасаджваліся на пунктах „дзіцячы садок“, „школа“, „вучылішча“ або „ўніверсітэт“, на работу выйшлі на станцыі „пенсія“. Сённяшнія дзеці нарадзіліся на „стадыёне“. Не ў глядзельнай зале, а на стометроўцы. Пісталет стрэльнуў — і яны ўжо бягуць. Нехта бяжыць добра, а хтосьці яшчэ на старце шнуркі завязвае. Імкнуся данесці моладзі: нельга ўпускаць свой залаты час».
Кажучы аб прафарыентацыі, дэпутат у кожнай аўдыторыі падкрэслівае: Беларусь — унікальная краіна, у тым ліку і таму, што ў нас захавана цудоўная прафесійная школа, створана выдатная сістэма вышэйшай адукацыі. «Пры гэтым яна стала настолькі даступнай, што, калі ў чалавека ёсць хоць нейкі талент, каб атрымаць той ці іншы ўзровень кваліфікацыі, тую ці іншую спецыяльнасць, няма сёння такой сілы, якая перашкодзіла б яму гэта ажыццявіць, — удакладняе парламентарый. — Гэта датычыцца не толькі атрымання адукацыі, але і яе рэалізацыі. Чалавекам нарадзіцца было проста (нас нават не спыталі), а вось застацца ім — гэта вельмі важна».
Вераніка КАНЮТА.
Фота з архіва дэпутата.