Сёлета па стане на 12 жніўня перавысіў двухтысячную планку, што для паўночнага рэгіёна зусім нядрэнна. Сярэдняя ўраджайнасць у «Віцебскаграпрадукце» складае 52 цэнтнеры з гектара, а жыта — каля 70 цэнтнераў. Дадзеныя паказчыкі — лепшыя ў Чашніцкім раёне, які ўваходзіць у лік лідараў па тэмпах уборкі: зжата каля 60 % плошчаў.
Ураджай, вырашчаны і сабраны Аляксандрам Зябко з таварышамі, пойдзе на прыгатаванне кармоў для жывёлы. Мужчыны кормяць народ не хлебам, а мясам: прадпрыемства, на якім яны працуюць, уваходзіць у склад аграпрамысловага холдынга «Славянскі велес» — буйной прыватнай кампаніі ў айчыннай сельскагаспадарчай галіне, што спецыялізуецца на вырошчванні і перапрацоўцы свініны. Там аддаюць перавагу азімым культурам, якія даюць большыя ўраджаі. Увесну сеюць толькі кукурузу.
— Гэты год для аграрыяў складаны па-свойму: занадта багата было дажджоў, таму зацягнуліся тэрміны яравой сяўбы, — расказвае Аляксандр Зябко. — Гэта на жніве я камбайнер, а наогул — механізатар на энерганасычаным трактары «Кіравец К-742М»: займаюся падкормкай і апрацоўкай пасеваў, рыхтую глебу.
З прычыны дажджоў пачыналася жніво цяжка: на палях было так мокра, што тэхніка загразала, моцныя вятры паслалі калоссе. Добра, што мой камбайн на паўгусенічнай хадзе і абсталяваны сцеблапад’ёмнікамі. Радуе, што надвор’е ўрэшце ўсталявалася. Таму спяшаемся.
Аляксандр Зябко не ўяўляе, чым бы яшчэ мог займацца, акрамя як шчыраваць на бацькаўскім полі. Для яго работа — адзінае і найлепшае хобі: камбайнер з кагорты сапраўдных сялян, якіх не трэба пераконваць у тым, як важна сеяць і жаць хлеб. Такія — надзея і апора сям’і, прадпрыемства, краіны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА