Практыка калегіяльнага абмеркавання асабліва важных і вострых тэм, якія арыентаваны на прыняцце рашэнняў кіраўніка дзяржавы, працягваецца. У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў па двух пытаннях, па якіх хацеў бы параіцца.
Ад практыкі «падтрымання штаноў» трэба пазбаўляцца
Адным з пытанняў, вынесеных на парадак дня нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Урада, стаў праект Указа аб забеспячэнні ўстойлівай работы холдынга «АМКАДОР». Гэту праблему кіраўнік дзяржавы назваў найважнейшай. Ён адзначыў, што на сёння холдынг з амаль векавой гісторыяй (першы завод быў пабудаваны ў 1927 годзе) з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам дарожна-будаўнічай, лясной і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і ў краінах СНД.
«Найважнейшы і найкаштоўнейшы завод. Ад якасці тэхнікі залежаць хуткасць уборкі бураломаў, будаўніцтва дарог і элементарная чысціня на вуліцах, ды і наяўнасць хлеба ў засеках, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Прычым лінейка прадукцыі ў "АМКАДОРа" пастаянна пашыраецца. За апошнія гады створана нямала навінак. Гэтая пагоня за разнастайнасцю, магчыма, і стала адной з прычын складанай фінансавай сітуацыі. Магчыма, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Паколькі ранейшыя ўладальнікі холдынга сумленна прызналі, што больш не могуць забяспечваць вяртанне запазычаных сродкаў (гэта значыць, прызналі, што даўгі ўзялі, а вярнуць не могуць), было вырашана прыняць кіруючую кампанію ва ўласнасць дзяржавы. Мы ж не можам калектыў кінуць — гэта ж тысячы людзей. І самае галоўнае, што прадукцыя гэтая нам патрэбна».
Па даручэнні Прэзідэнта было распрацавана комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні «Амкадора». Асноўныя ўмовы простыя — захаваць вытворчасць, не страціць напрацаваныя кампетэнцыі і галоўнае — абараніць працоўны калектыў. «Людзі ні ў чым не вінаватыя. Тым больш, людзі моцныя, адукаваныя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў чарговы раз «перахопліваць» грошы, а потым казаць пра тое, што іх немагчыма вярнуць, — не атрымаецца.
«Цяпер, дарэчы, не час нам распыляцца, спрабуючы за адзін раз задаволіць запыты ўсіх спажыўцоў. Трэба забяспечыць вытворчасць самых запатрабаваных і, адпаведна, буйнасерыйных мадэляў тэхнікі, якасць іх забяспечыць трэба і канкурэнтаздольнасць. Калі вы зможаце выпускаць касмічныя ракеты — калі ласка, толькі за свой кошт. Каб не залежаць ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў камплектуючых, патрэбныя ўласныя распрацоўкі і рост лакалізацыі. Імкнуцца трэба да 100 працэнтаў, каб усё выраблялі самі, у крайнім выпадку з расіянамі», — арыентуе Прэзідэнт.
Урадам падрыхтаваны праект указа, які забяспечвае вырашэнне крызіснай сітуацыі ў холдынгу «Амкадор». Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што дасць гэты ўказ.
«Я ўжо неаднаразова адзначаў: ад практыкі "падтрымання штаноў" трэба пазбаўляцца. Бюджэтныя грошы — грошы народныя. У нас ёсць шмат куды ўкладваць гэтыя грошы», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар удакладніў, што зроблена ўрадам і новым кіраўніцтвам «Амкадора» на сваім узроўні? Ці ёсць станоўчыя якасныя змены?
Турызм — нацыянальны праект
Яшчэ адно пытанне нарады — рэфармаванне сферы турызму. Саветам Міністраў падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае перадачу функцый рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме, якое прапануецца перападпарадкаваць непасрэдна ўраду. «Калі так папросту кажучы, стварыць новае падабенства міністэрства пры ўрадзе», — удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўказ яшчэ не падпісаны, таму ён запрасіў кіраўніцтва Савета Міністраў, каб атрымаць канкрэтныя адказы на шэраг пытанняў. "Першае пытанне — што цяпер перашкаджае дзейнаму рэгулятару эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем указа? Наогул, адкуль усё гэта пайшло і навошта ўсё гэта трэба. Які будзе вынік?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Ён таксама спытаў, які практычны механізм рэалізацыі заяўленых мэт: як і за кошт чаго айчынны турызм атрымае новы імпульс для развіцця?
«Нагадаю, на наступную пяцігодку ўраду пастаўлена задача зрабіць турызм нацыянальным праектам, рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял па максімуме. Беларусь, мы гэта ведаем, вельмі цікавая краіна для турыстаў», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння назіраецца вялікая цікавасць да турыстычнага патэнцыялу нашай краіны. У гасцініцах няма свабодных месцаў, усё загружана. «Так, для таго, каб пашыраць турыстычныя паслугі, прыток турыстаў, нам спатрэбіцца павышэнне якасці паслуг і дадатковае развіццё інфраструктуры індустрыі гасціннасці. Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць прусакі, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся, якіх канкрэтных эканамічных паказчыкаў урад плануе дасягнуць у галіне да канца пяцігодкі і на сярэднетэрміновую перспектыву. «Нельга забываць пра найважнейшы складнік — кадравае пытанне. Хто будзе рэалізоўваць вашы планы і праграмы? Як будзе наладжана ўзаемадзеянне з рэгіёнамі? Якая пазіцыя губернатараў па пытанні гэтай рэарганізацыі? — пазначыў яшчэ шэраг пытанняў беларускі лідар. — Паўтараю, нам не патрэбная рэформа дзеля рэформы. Стварэнне новай кіраўніцкай структуры ў сферы турызму не можа абмежавацца перайменаваннем і перападпарадкаваннем».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму як унутры краіны, так і на знешніх рынках.
Неабходна павысіць даходнасць турыстычнай сферы
Аб усіх пытаннях далажыў першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. У сваім дакладзе ён адзначыў, што турызм — гэта эканоміка. Ён, як лакаматыў, цягне за сабой развіццё іншых сфер. "Турыстычнае спажыванне, як ніякая іншая галіна эканомікі, уключае ў сябе 55 відаў эканамічнай дзейнасці", - падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер. Прэзідэнт з гэтым тэзісам пагадзіўся і прывёў паказальны прыклад: у эканоміцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў першае месца займае турызм.
Мікалай Снапкоў адзначыў, што ў Беларусі ў турызме занята 230 тысяч чалавек, гэта 5,5 % занятых ва ўсёй эканоміцы нашай краіны. «Турызм забяспечвае каля 2 % ВУП, што не адпавядае яго патэнцыяльнаму ўзроўню і магчымасцям. Якасная структура турыстычнага патоку неспрыяльная. Па-першае, колькасць выязных тураў амаль у два разы перавышае колькасць уязных тураў у Беларусь. Аб’ём вывезеных беларускімі турыстамі сродкаў у 12 разоў большы, чым аб’ём увезеных сюды замежнымі турыстамі. Наша задача — змяніць баланс, які склаўся, пакінуць больш валюты ў краіне», — далажыў першы віцэ-прэм’ер.
Для гэтага, па яго словах, трэба вырашыць дзве задачы. Першая — павялічыць працягласць знаходжання турыстаў. Другая — павялічыць сярэдні чэк, гэта значыць суму, якую пакідае турыст за час свайго падарожжа. У Беларусі на гэты момант дамінуюць кароткатэрміновыя паездкі як у нашых грамадзян, так і ў замежнікаў. «У выніку замежны турыст пакідае ў Беларусі ўсяго 125 долараў у сярэднім за суткі, беларускі турыст — 47», — прывёў лічбы Мікалай Снапкоў. У выніку праз кароткатэрміновасць знаходжання даходы турызму меншыя, чым маглі б быць. Таму мэта рэфармавання сферы — павысіць даходнасць турызму.
Мікалай Снапкоў расказаў пра механізм: «Часу на разварушванне ў нас няма. Трэба хутка перафарматаваць галіну ў рэальную вертыкаль. З улікам статусу Нацыянальнага агенцтва па турызме і яго новых функцый — аб’яднаць намаганні дзяржавы і прыватнага бізнесу. Без удзелу прыватнага бізнесу гэту галіну не падняць. Сумесна трэба шукаць і стымуляваць пункты росту. Неабходная канцэнтрацыя ўсіх кіраўніцкіх рэсурсаў у адным цэнтры прыняцця рашэнняў, каб каардынаваць дзясяткі галін, забяспечваць экспартны рост і стымуляваць інвестыцыі ў гэтай сферы».
Таму прапануецца стварыць цэласную сістэму кіравання турыстычнай галіны, аб’яднаць Дэпартамент па турызме і Нацыянальнае агенцтва па турызме ў адзіную структуру. Аб’яднаную структуру — Нацыянальнае агенцтва па турызме — прапануецца падпарадкаваць непасрэдна Савету Міністраў.
Самае галоўнае — мабілізаваць рэсурсы «АМКАДОРА»
Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч расказаў, што праект указа, які забяспечвае комплекснае рашэнне па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў холдынга «АМКАДОР», канцэптуальна падтрыманы, але з аператыўнай дапрацоўкай асобных палажэнняў.
«Асноўныя кірункі, прадугледжаныя ўказам, — гэта рэструктурызацыя даўгавых абавязацельстваў з мэтай іх далейшага эфектыўнага выкарыстання ў частцы павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, збалансаванасці фінансавых патокаў і кіравання гэтымі даўгавымі абавязацельствамі ў будучым. Маецца на ўвазе таксама рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, якія знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, — гэта імпартазамяшчальныя праекты, якія павінны даць аддачу ўжо з 2026 года», — расказаў Віктар Каранкевіч.
Паводле яго слоў, тэхніка «АМКАДОРа» запатрабаваная пастаянна, і не толькі на беларускім, але і на расійскім рынках. «Самае галоўнае — мабілізаваць рэсурсы прадпрыемства, накіраваныя на выпуск гэтай тэхнікі для выканання кантрактаў, якія ўжо заключаны.
І задача нязменная — працаваць як на ўнутраным рынку, так і на асноўных рынках за межамі Беларусі. Тэхніка запатрабаваная, таму трэба нарасціць аб’ёмы вытворчасці. Выйсці на аб’ёмы, якія забяспечваюць збалансаванасць фінансавых патокаў, прыбытковую работу прадпрыемства.
І рухацца далей, пашыраючы наменклатуру, павялічваючы аб’ёмы вытворчасці. У развіццё ўказа будзе прынятая стратэгія развіцця прадпрыемства, якая будзе прадугледжваць эфектыўнасць работы холдынга», — адзначыў Віктар Каранкевіч.
Аляксандр Яфімаў, генеральны дырэктар ААТ «АМКАДОР» — кіруючай кампаніі холдынга, расказаў, што прадпрыемства нацэлена на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці да 2030 года не менш чым у два разы. «Будзе працягнуты курс на пашырэнне наменклатуры прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы заўсёды ставіць гэту задачу і сёння яшчэ раз падкрэсліў, што максімальная лакалізацыя павінна быць забяспечаная. Мы традыцыйна выкарыстоўваем у вытворчасці ўласную кампанентную базу, яна ў нас актыўна развіваецца, што дазволіла стабільна функцыянаваць у няпросты час пасля ўвядзення пэўных абмежаванняў. Курс у гэтым кірунку будзе працягнуты на пашырэнне лінейкі, але пры гэтым найбольш маржынальных відаў прадукцыі, лакалізоўваць іх будзем на нашых прадпрыемствах, якія выпускаюць кампанентную базу. Мы працягнем завяршэнне інвестыцыйных праектаў, у тым ліку імпартазамяшчальных, якія фінансуюцца Расійскай Федэрацыяй і накіраваныя на забеспячэнне рынкаў Беларусі і Расіі і канчатковымі прадуктамі, і камплектуючымі», — адзначыў ён.
Кіраўнік кампаніі звярнуў увагу, што ў сучасным свеце на навейшых рынках вельмі складана ўтрымлівацца без пашырэння наменклатуры прадукцыі.
І на кожны яе від ёсць свой кліент. «АМКАДОР» імкнецца заняць усе нішы. «Ключавое, што мы будзем ацэньваць, — маржынальнасць нашай прадукцыі і максімальную прыбытковасць пры праектаванні і стварэнні вытворчасцяў. Мы сканцэнтруемся на самых эканамічна-навуковых тэмах у частцы пашырэння нашай наменклатуры. І, вядома, частка наменклатуры павінна замяняць ужо састарэлую прадукцыю. Без руху наперад не будзе развіцця прадпрыемства, але пры гэтым усё будзе выверана і ўзважана», — заявіў кіраўнік «АМКАДОРа».
Журналісты пацікавіліся, як холдынг будзе вытрымліваць вялікую канкурэнцыю. «Канкурэнцыя на самай справе сёння дастаткова сур’ёзная на ўсіх рынках збыту. І аптымальныя суадносіны сабекошту і якасці прадукцыі вызначаюць перавагу на той ці іншай рынкавай нішы. У гэтай частцы мы праводзім вялікую работу па аптымізацыі выдаткаў з мэтай зніжэння цаны нашых вырабаў для канчатковых спажыўцоў. І пры гэтым набліжаемся да тэхнічных патрабаванняў машын сусветнага ўзроўню. У сукупнасці гэтыя два падыходы прывядуць да таго, што мы не проста захаваемся, а паступова будзем павялічваць нашу долю прысутнасці ў першую чаргу на традыцыйным для нас экспартным рынку Расійскай Федэрацыі», — патлумачыў Аляксандр Яфімаў.
Валерыя СЦЯЦКО