Яны аб’яднаныя ў больш як 130 арганізацыйных структур. «Міжнацыянальны мір і згода — адзін з самых галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі», — заўважыў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя. Ён адзначыў, што ў гэтым кірунку вядзецца вялікая праца яшчэ з часоў набыцця Беларуссю незалежнасці. У апараце Упаўнаважанага рэгулярна праводзяцца сустрэчы з кіраўнікамі нацыянальна-культурных аб’яднанняў, падчас якіх яны могуць падзяліцца сваімі напрацоўкамі, ідэямі, абмеркаваць агульныя планы. Шмат дабрачынных і культурных мерапрыемстваў прадстаўнікі розных дыяспар рэалізоўваюць разам.
6 верасня ў сталіцы, у Верхнім горадзе, адбудзецца ўрачыстае адкыццё Фестывалю нацыянальных культур, падчас якога можна будзе пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных народаў, якія пражываюць у Беларусі. Такія ж святы пазней пройдуць і ў іншых гарадах нашай краіны. Фінальнае мерапрыемства з яскравым тэатралізаваным шэсцем, канцэртам, падворкамі, дзе можна пачаставацца стравамі розных народаў і даведацца пра іх рамёствы, традыцыйна будзе наступным летам сустракаць Гродна.
Усё лета творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў радуюць публіку розных фестываляў. Сярод іх — «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім, сямейны фестываль у сталічным Батанічным садзе, «Разам як адна сям’я» — у Смілавічах. Заўсёды калектывам нацыянальна-культурных аб’яднанняў рады ў Моталі. Гэтым разам на «Мотальскія прысмакі» міжнацыянальны дэсант выправіўся цэлым аўтобусам у 50 чалавек. Калектывам было прапанавана далучыцца да фэсту «Палескае вяселле збірае гасцей» і паўдзельнічаць у тэатралізаваным шэсці «Высільны шпацыр» (асаблівасць Моталя ў тым, што тут захоўваюць не толькі традыцыі, але і адметную мясцовую гаворку). Для гасцей, якія прадстаўлялі розныя дыяспары, якія пражываюць у Беларусі, гэта выдатная магчымасць паказаць сваю культуру.
Як падзяліўся старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы, для ўдзелу ў «Мотальскіх прысмаках» калектывы выбіралі на конкурснай аснове. Якое ж вяселле раней абыходзілася без полькі і кракавяка? Гэтыя танцы ведалі па ўсёй Беларусі. Адгуляць з імі на імправізаваным палескім вяселлі на галоўнай сцэне фестывалю ў Моталі было даручана калектыву «Крэсовы забавы» з Ліды. Мечыслаў Лысы заўважыў, што беларускіх палякаў можна сустрэць і на іншых фестывалях, сярод якіх «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», «Паланэз» — у Слоніме, «Казюкі» — у Гродне. Кожнае такое свята, гэтак жа як і сустрэчы з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, надзвычай важныя для развіцця міжнацыянальнага міру і згоды, адзначылі ў апараце Упаўнаважанага: «Мы больш даведваемся адно пра аднаго, жывём адной дружнай шматнацыянальнай сям’ёй».
У фестывалі ў Моталі ўзялі ўдзел і малдаване. Старшыня грамадскага аб’яднання «Малдаўская дыяспара «Дойна» Антаніна Валько расказала, што спецыяльна для фестывалю быў падрыхтаваны новы танец. Прадстаўнікі дыяспары ўжо не першы раз далучаюцца да «Мотальскіх прысмакаў» і кожны раз захапляюцца, наколькі яскрава там прадстаўлена беларуская культура. Для Антаніны Валько Іванаўскі раён і Моталь — асаблівая любоў: з гэтых мясцін яе муж. Падчас аднаго з падарожжаў па раёне яна нават напісала песню. Жанчына падказала, што сакрэт міжнацыянальнай згоды не толькі ў тым, што для прадстаўнікоў дыяспар дзяржавай ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб яны маглі захоўваць сваю культуру і дзяліцца ёй. Відаць, многае залежыць і ад таго, што беларусы вельмі адкрытыя і шчырыя, заўсёды гатовы пазнаваць нешта новае. На канцэртах публіка падпявае і танцуе разам з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, шчыра сустракае і нават вітае на розных мовах калектывы дыяспар падчас шматнацыянальных шэсцяў. Важна і тое, што ўсюды прадстаўнікі нацыянальна-
культурных аб’яднанняў адчуваюць узаемапавагу і падтрымку — як ад арганізатараў канцэртаў, фестываляў, круглых сталоў, так і ад сваіх калег — прадстаўнікоў іншых народаў, якія ўжо сталі блізкімі сябрамі.
Алена Дзядзюля
Фота БелТА