Любое кніжнае выданне дае магчымасць сустрэчы аўтара са сваёй аўдыторыяй. Незалежна ад зместу кнігі, узросту чытача і кантэксту іх першага знаёмства заўсёды адбываюцца цуды і адкрыцці рознага маштабу. Мы знаходзім новае альбо па-іншаму глядзім на знаёмае, разумеем сутнасць, адшукваем патрэбныя адказы ці проста вучымся, назіраючы за героямі... Да такіх карысных кніжных крыніц можна аднесці і навінкі Выдавецкага дома «Звязда», пра якія расказваем сёння.
Усё пачынаецца са звычкі
Менавіта такую выснову можа зрабіць чытач падчас знаёмства з новай кнігай Ірыны
Зарэцкай «Усё пачынаецца з фанціка!». Галоўны герой фантастычнага апавядання Віця — хлопчык, які не любіць наводзіць парадак у сваім пакоі. І, як тое часта здараецца, там пасяліліся Гармідар і Сумятня. Ды не проста з’явіліся, а пачалі лічыць сябе паўнавартаснымі гаспадарамі чужой жылплошчы... Каб пазбавіцца ад няпрошаных гасцей, нашаму герою давядзецца прыкласці шмат намаганняў. А сам ён такім чынам набудзе новую карысную звычку.
Выданне адрасавана дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Гісторыя наглядна паказвае, што любы поспех і пераўтварэнні ў жыцці пачынаюцца з маленькіх крокаў. Кніга прывучае сваіх чытачоў да працы, парадку, стараннасці і няспыннай штодзённай работы над сабой.
Таямніца свету літар
Кніга «Займальная азбука» Міхаіла Дзеравянкі стане выдатным спадарожнікам дзеткам дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, якія толькі пачынаюць знаёміцца з сусветам чытання, дзе з дапамогай літар, слоў, сказаў можна спазнаваць навакольную рэальнасць у новых фарбах. На старонках выдання дзеці не проста знойдуць літары, але і пазнаёмяцца з імі праз вершы і заданні. Асаблівае аздабленне кніга мае і дзякуючы ілюстрацыям мастака Алены Лукоўскай.
Малады погляд на вечнае
А вось кніга «Праз фортку сэрца» Наталлі Святловай — гэта сапраўдная знаходка для аматараў паэзіі. У дэбютным паэтычным зборніку чытачы знойдуць інтымную і філасофскую лірыку, што дазволіць пазнаёміцца з творчасцю маладога аўтара, дзе вершы напоўнены шчырасцю, як на споведзі, дзе душа наросхрыст і прагне пакаяцца, а пасля ачышчаная ўзлятае на новыя вышыні.
Аднак, як тое часта бывае, чытаючы думкі паэта, можна так шмат знайсці таго, што адгукнецца асабістым, што абудзіць успаміны, разважанні і эмоцыі. Паэзія Наталлі Святловай — новы, малады погляд на актуальныя тэмы: прызнанне, каханне, сумленне. «Няма нічога больш каштоўнага,/ чым імгненне:/ дзе я,/ дзе ты,/ дзе мы,/ дзе нашы рукі,/ дзе іх цалуеш ты». І тонкае сузіранне, і глыбокая рэфлексія ў вершах аўтара ўвасабляюцца ў радкі, дзе праз усе выпрабаванні мы знаходзім прагу жыць.
Алена ДРАПКО