Top.Mail.Ru

У Смалявіцкім раёне стартавалі здымкі беларуска-расійскага фільма пра Бацьку Міная

18.08.2025 | 16:00

З памяццю аб легендзе



Кінастужка «Бацька Мінай. Партызанская легенда» раскажа гісторыю Героя Савецкага Саюза, беларускага партызана Міная Шмырова. Як паведамляе БелТА, рэжысёрам карціны выступае народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў, які ўдзельнічаў у стварэнні фільмаў «У чэрвені 41-га» і «Брэсцкая крэпасць». Бацьку Міная на экране ўвасобіць народны артыст Расіі Аляксей Краўчанка, які выканаў галоўную ролю ў легендарнай ваеннай драме «Ідзі і глядзі», па сцэнарыі беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.

Па словах генеральнага дырэктара студыі «ВаенФільм» рэжысёра Ігара Угольнікава, для вытворчасці і стварэння гэтай карціны аб’ядналі свае намаганні студыі «Беларусьфільм» і «ВаенФільм». Вельмі старанна падышлі да пошуку ўсіх матэрыялаў, напісання сцэнарыя і падбору акцёраў, а 17 жніўня пачалася работа на натурнай пляцоўцы «Беларусьфільма». Здымачнай камандзе выдзелена 

80 гектараў зямлі і натуральныя дэкарацыі, у тым ліку зямлянкі і партызанскі лагер. У стварэнні кіно ўдзельнічаюць каскадзёры, выкарыстоўваецца ваенная тэхніка. Ігар Угольнікаў таксама падкрэсліў, што роля Бацькі Міная пісалася менавіта для Краўчанкі.

Расійскі акцёр у сваю чаргу заўважыў, што ўпершыню за 40 гадоў ён апынуўся на месцы здымак фільма «Ідзі і глядзі» і гэта, безумоўна, абудзіла ў яго асаблівыя пачуцці. «Наперадзе вялізная, цяжкая работа. Рэдка здараецца, што ты хочаш не проста акунуцца з галавой, а патануць у рабоце ў добрым сэнсе слова, але гэта той выпадак», — дадаў артыст.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Дзмітрый Сямёнаў падкрэсліў, што здымкі фільма пра Бацьку Міная — знакавая падзея, бо ён прысвечаны агульнай Перамозе і тым памятным датам, якія братэрскія народы заўсёды адзначаюць разам.

Ён зазначыў, што ўжо праведзена вялікая работа па падборы каманды і падрыхтоўцы да здымак, бо тое, якім мы ўбачым кіно, залежыць ад якасці каманды, якая сабрана менавіта пад гэты праект. Сярод артыстаў ёсць як расійскія, так і беларускія

«Варта заўважыць, што два бакі працуюць на агульны вынік. Самааддана рухаемся да нашай мэты. Здымкі будуць дастаткова складаныя, тым больш што тэма Вялікай Айчыннай вайны для беларусаў не проста нешта ў падручніку або навінавай стужцы. Яна важная для нас на генетычным узроўні, у сэрцы, у крыві», — заўважыў Дзмітрый Сямёнаў.

На яго думку, першая сумесная работа «Беларусьфільма» і «ВаенФільма» можа стаць добрым пачаткам для працяглага супрацоўніцтва і новых яркіх праектаў. Дзмітрый Сямёнаў падкрэсліў, што на гэты момант на «Беларусьфільме» ідзе работа над дзевяццю праектамі, тры з іх — дакументальныя. Ён спадзяецца, што партызанская кінастужка, якая павінна выйсці на экраны ў маі-чэрвені наступнага года, запомніцца гледачам і знойдзе водгук у іх сэрцах.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю