Top.Mail.Ru

«Дынама-Мінск» у прадчуванні новага сезона КХЛ

Хакей вярнуўся ў Мінск

Рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі яшчэ не пачаўся, а хакейны клуб «Дынама-Мінск» ужо ў страі. На мінулым тыдні «зубры» выступілі на перадсезонным турніры «Кубак Мінска» з удзелам чатырох каманд КХЛ.

Першым сапернікам мінскіх хакеістаў стала «Лада» з Тальяці. Колеры «Дынама-Мінск» у гэтым матчы абаранялі напалову члены асноўнай каманды, напалову — маладыя хакеісты клубнай сістэмы і гульцы на праглядальных кантрактах — для іх турнір стаў своеасаблівай праверкай. І яны яе вытрымалі: вынік матчу з «Ладай» — 3:2 на карысць «Дынама».

Адметны факт. Першапачаткова квіткі на матч прадаваліся толькі на ніжні ярус «Чыжоўка-Арэны», але з-за ажыятажу аматараў былі адкрыты і верхнія сектары.

«Мінск даўно стаў практычна родным горадам для многіх клубаў КХЛ. І гэта невыпадкова, бо тут створаны выдатныя ўмовы для гульні ў хакей. Таксама невыпадкова аднаўленне правядзення Кубка Мінска, паколькі ў нас выдатныя арэны і самыя лепшыя балельшчыкі. Жадаю, каб сталічны лёд быў для ўдзельнікаў бяспечным і гасцінным, а турнір стаў традыцыйным», — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый БАСКАЎ.

На жаль, у наступных матчах «зубры» ўжо не так радавалі сваіх аматараў. У другім яны ўступілі «Адміралу» з Уладзівастока з вынікам 5:2. Дарэчы, у гэтай гульні за «Дынама-Мінск» дэбютавалі галкіпер Зак Фукале і абаронца Дарэн Дзіц.

Трэцім сапернікам мінчан на дамашнім турніры стаў «Металург» з Магнітагорска. Але і ў гэтым матчы родны лёд не дапамог. Вынік — 1:3 на карысць гасцей.

Па традыцыі, паводле вынікаў турніру вызначаюцца лепшыя гульцы. Найлепшым брамнікам прызнаны Адам Хуска («Адмірал»), найлепшым абаронцам — Джош Брук («Дынама-Мінск»), найлепшым нападаючым стаў Дзмітрый Сіланцьеў («Магнітагорск»). MVP (самы цэнны ігрок) — Раман Канцараў («Металург»).

Што датычыцца гульні «Дынама-Мінск», то не варта забываць, што зараз усе сілы каманды скіраваны на рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі, які стартуе ў пачатку верасня. А такія турніры, як «Кубак Мінска» — гэта выдатная магчымасць паглядзець на сябе збоку, вызначыць памылкі і недахопы і аператыўна іх выправіць. Ды і работа над саставам каманды яшчэ не скончылася.

«У міжсезонне мы дастаткова плённа папрацавалі. Здолелі захаваць касцяк каманды. Так, некаторыя хакеісты пакінулі каманду, але мы дзейнічаем зыходзячы з сітуацыі. Працэс фарміравання каманды яшчэ не завершаны. Думаю, у бліжэйшы час варта чакаць новыя набыцці. Мы да гэтага ідзём, даследуем рынак, работа скаўцкага аддзела працягваецца кругласутачна. У бліжэйшы час мы, думаю, кропкава ўзмоцнімся, каб каманда выглядала больш збалансаванай», — адзначыў генеральны дырэктар «Дынама-Мінск» Арцём КАРКОЦКІ ў інтэрв’ю «Вынікам тыдня» на тэлеканале «Беларусь-5».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю