Збожжавыя і зернебабовыя культуры без кукурузы ўбраны з 76 працэнтаў плошчаў, што складае 1523 тысячы га. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа вышэйшая за леташнюю на 8,5 ц/га.
Пастаўлена ў лік дзяржзаказу: харчовага збожжа — 376 тысяч тон (54 працэнты ад плана), алейнага семя рапсу — 95 тысяч тон (99 працэнтаў ад плана).
Пасеяна азімага рапсу на зерне на плошчы 219 тысяч га, або 50 працэнтаў запланаванага. Нарыхтавана сена 360 тысяч тон (50 працэнтаў плана), сенажу — 11 мільёнаў 861 тысяча тон (85 працэнтаў плана), у тым ліку ў палімернай упакоўцы — 386 тысяч тон. Травяных кармоў нарыхтавана 3 мільёны 613 тысяч тон — 36 працэнтаў плана.
Новыя рэкорды
У Брэсцкай вобласці восем з шаснаццаці раёнаў у гэтым годзе намалацілі па 100 тысяч тон збожжа, паведамляе БелТА са спасылкай на першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага.
У гісторыі паўднёва-заходняга рэгіёна такі вынік атрыманы ўпершыню. Па 100 тысяч тон збожжа намалацілі Пружанскі, Камянецкі, Баранавіцкі, Іванаўскі, Столінскі, Драгічынскі і Кобрынскі раёны, следам за імі такую мяжу пераадолелі аграрыі Пінскага раёна — з гэтым дасягненнем хлебаробаў на адным з палёў учора павіншаваў Дзмітрый Гарадзецкі.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў мінулым годзе больш як 100 тысяч тон збожжа атрымалі тры раёны, а сёлета — восем. «Вядома, тут шмат складальнікаў. У першую чаргу гэта тэхналогіі, якія ўключаюць у сябе ўсё, пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы. Гэта і тэрміны сяўбы, сартавы склад збожжавых культур, рэпрадукцыя, абавязкова мінеральныя ўгнаенні, работы па доглядзе (трэба з хваробамі і шкоднікамі своечасова папрацаваць). Надвор’е, з аднаго боку, з азімымі адыграла дрэнную гісторыю. А яравым культурам (асабліва яравому ячменю) дала магчымасць вельмі добра раскрыцца. І вынік адпаведны ёсць», — звярнуў увагу першы намеснік старшыні аблвыканкама.
На Брэстчыне сярэдняя ўраджайнасць яравога ячменю складае 52 ц/га.
У гэтым годзе з аднаго круга атрымліваюць на 18,6 цэнтнера больш, чым летась.
«Але самае галоўнае — гэта людзі. Менавіта яны забяспечваюць усё: і падборку плошчаў, і падрыхтоўку тэхнікі, і выкананне тэхналогій і саміх работ на розных этапах», — падкрэсліў Дзмітрый Гарадзецкі.
Працаўнікі сяла адказна і з душой падыходзяць да справы. Шмат пра што гаворыць адзін прыклад. Зараз гарачая пара ўборкі супадае па часе з сяўбой азімага рапсу. Некаторыя работнікі з самай раніцы заняты на пасяўной, пакуль не спадзе раса, а потым перасаджваюцца на камбайны, грузавыя аўтамабілі і да вечара працуюць на жніве. «Ім паклон, гонар і хвала!» — дадаў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
Палова раёнаў, якія намалацілі па 100 тысяч тон збожжа, размешчаны на Палессі, дзе аграрыям даводзіцца працаваць у асаблівых умовах. У тым ліку на выніку адбілася рэканструкцыя меліярацыйных сістэм, правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі. «Кіраўніком дзяржавы ўдзяляецца шмат увагі меліярацыі. Гэта свой вынік, вядома, прынесла. Атрымаць сёння ўраджайнасць амаль 50 ц/га на іванаўскіх, драгічынскіх землях — гэта вельмі высокі вынік для гэтых рэгіёнаў, — заўважыў Дзмітрый Гарадзецкі. — Пры гэтым не забываем, што, атрымаўшы галоўны рэсурс у выглядзе зямлі, мы павінны забяспечыць якасныя пасяўны матэрыял, сяўбу, захаванне тэхналогій і ўборку без страт. Усё гэта ў сукупнасці дае эфект».
У Брэсцкай вобласці засталося ўбраць каля чатырох працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без грэчкі, проса і кукурузы). Намалочана 1442 тысячы тон збожжа. Гэта ўжо на 128 тысяч тон больш, чым у паўднёва-заходнім рэгіёне атрымалі ў мінулым годзе па выніках уборачнай кампаніі.
«Думаю, 1480 тысяч — 1,5 мільёна тон (каля гэтага) мы павінны атрымаць. Такі вынік будзе таксама гістарычным рэкордам для Брэстчыны. Сярэдняя ўраджайнасць цяпер — 45,3 ц/га.
Гэта на 7,5 ц/га вышэй за леташнюю», — падсумаваў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.
На фінішнай прамой
Гаспадаркі Гомельскай вобласці выканалі дзяржзаказ па здачы збожжа ўжо больш як напалову. Такую інфармацыю агучыў губернатар Іван Крупко на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме.
Як адзначыў кіраўнік рэгіёна, уборачная ў вобласці на фінішнай прамой — 82,3 працэнта плошчаў. «Сем-восем пагодлівых дзён, і можна закончыць уборку. Сканцэнтруйце ўвагу на кожнай гаспадарцы, паглядзіце, дзе трэба ўзмацніць», — паставіў задачу адказным Іван Крупко.
Паводле яго слоў, дзе неабходна, ідзе перакідка тэхнікі: напрыклад, з Жыткавіцкага — у Петрыкаўскі раён, а таксама ўнутры раёнаў, — плюс яшчэ ў некаторых раёнах свае сілы сканцэнтруюць мехатрады.
«Што датычыцца дзяржзаказу, на сёння ў нас 52 працэнты. Мы максімальна зробім усё, каб за гэты тыдзень здаць дзяржзаказ», — сказаў кіраўнік вобласці.
Сярод важных пытанняў для аграрыяў — уборка саломы. «Яе драбненне на палях, рулоны, звоз. Задача — максімальна вызваліць палі да 15 верасня», — агучыў арыенціры Іван Крупко.
Гаворачы аб сяўбе азімага рапсу, кіраўнік рэгіёна нагадаў: вызначаны тэрмін завяршэння гэтай работы да 25 жніўня. «У нас усё неабходнае ёсць: угнаенні, сродкі абароны куплены, трэба толькі правесці дакладна работу», — зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама.
«І яшчэ адно з найбольш важных пытанняў — восеньская пасяўная. Як паказвае практыка, дзе сур’ёзна ставяцца да выканання тэхналогіі, там дастойны ўраджай», — падкрэсліў Іван Крупко.
Тым часам
Камбайнер з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна Мінскай вобласці Павел ШУЦІЛА ўсталяваў новы рэкорд Беларусі, намалаціўшы 7000 тон збожжа.