У суботу міністр з рабочым візітам наведваў гаспадаркі Быхаўскага, Кіраўскага, Бабруйскага раёнаў Магілёўскай вобласці і ўзнагародзіў лепшых хлебаробаў.
У Быхаўскім раёне Юрый Горлаў назіраў за ўборкай на палетках СК «Дуброва» ААТ «Магілёўліфтмаш» і ўручыў Падзякі міністэрства трактарыстам-машыністам Яўгену Нікіціну і Аляксандру Зычкову.
— Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб атрымаць добры хлеб, — падкрэсліў міністр. — Трэба сказаць, што ў гэтым сезоне нам вельмі пашчасціла. У многіх краінах будзе недаатрыманне ўраджаю. Наша Беларусь — такі астравок бяспекі, на якім, дзякуючы працавітасці нашых людзей, атрыманы цудоўны ўраджай. Засталося літаральна дзесяць дзён, можа, крыху больш, і мы завершым уборку збожжавых і зернебабовых культур і годна адзначым «Дажынкі».
- Выключнасць сёлетняга ўраджаю пацвярджаюць і хлебаробы. Аляксандр Зычкоў упершыню намалаціў 1700 тон. Раней планку ў 1300 не пераадольваў. Дарэчы, працуе ён на новым камбайне, які атрымаў летась, і гэта таксама спрыяе выніку. А яшчэ дапамагае тое, што ў якасці памочніка сёлета з ім на поле выйшаў родны брат Арцём Зычкоў — кіроўца гаргаза. Разам яны як адно цэлае.
Міністр застаўся задаволены якасцю ўборкі збожжа.
— Мы не толькі вырасцілі добры ўраджай, але і ўбіраем яго без страт, — падкрэсліў ён. — Зрабілі зрэз па якасці ўборкі збожжа і бачым, што яе стан ідэальны. Гэта сведчыць, што мы сапраўды шануем працу, якая была ўкладзеная нашымі спецыялістамі. Сёння ўмовы надвор’я, асабліва па поўначы краіны, у Віцебскай вобласці, не самыя лепшыя: ападкі. І мы павінны падставіць плячо віцебскаму краю, каб убраць хлеб без страт.
Юрый Горлаў запэўніў, што дапамога будзе аказана ўсім раёнам, якія маюць патрэбу, бо нагрузка на тэхніку вельмі вялікая. У Быхаўскім раёне на адзін збожжаўборачны камбайн яна складае 500 гектараў.
У пятніцу з Кіраўскага, Бабруйскага і Глускага раёнаў на дапамогу Мсціслаўскаму і Горацкаму цэнтралізавана адправіліся 8 камбайнаў.
— Шэраг гаспадарак Кіраўскага і Глускага раёнаў ужо завяршылі ўборку, некаторыя набліжаюцца да завяршэння, — праінфармаваў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі. — Каб аператыўна завяршыць уборачную кампанію, аблвыканкам прыняў рашэнне 20 камбайнаў перакінуць у раёны, дзе больш нізкі працэнт уборкі. Сказаць, што нехта глабальна адстае ці нехта дрэнна спрацаваў, нельга. У пачатку жніва былі створаны мехатрады ААТ «Задняпроўскі межаграсэрвіс» і холдынга «Аграмашсэрвіс», 18 камбайнаў якіх адразу ж накіраваліся ў гаспадаркі. Акрамя іх, дапамогу на 19 камбайнах аказваюць супрацоўнікі МНС і МУС. Невялікая карэкціроўка патрэбная для таго, каб завяршыць уборачную ў Магілёўскай вобласці раўнамерна.
На пятніцу найбольш высокі працэнт прыбраных плошчаў — 80 % — быў у Кіраўскім раёне. У Горацкім і Мсціслаўскім, куды адправілася тэхніка, каля 50 %. Дапамога накіраваная і ў Чавускі раён, дзе вялікая нагрузка на тэхніку.
Па прынцыпе ўзаемадапамогі раёны Магілёўскай вобласці працуюць не першы год. Трактарыст-машыніст КСУП «Жылічы» Аляксандр Казека трэці год запар, як толькі заканчваецца ўборка ў роднай гаспадарцы, адпраўляецца ў іншыя. Працаваў у Слаўгарадскім, Круглянскім, Чавускім раёнах. Прызнаецца, што робіць гэта з разуменнем справы і поўнай адказнасцю. Убіраць прыходзілася на розных камбайнах — «Ніва», «Дон» , цяпер — «Палессе GS12». Сучасная тэхніка вельмі зручная і камфортная.
Сярод тых, хто адправіўся на дапамогу паўночным раёнам, — механізатары ААТ «Глускі райаграпрамтэхзаб» Васіль Патачыц і Аляксандр Аляхно. Яны таксама лічаць, што ўборка збожжа — справа агульная. І чым хутчэй яно будзе сабрана з палеткаў, тым менш будзе страт і тым большы агульны каравай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
фота аўтара
Кіраўскі, Быхаўскі раёны.