Як звярнуў увагу віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў, Джакарта з’яўляецца важным знешнепалітычным партнёрам Мінска. Наша краіна, па яго словах, зацікаўлена ў актывізацыі ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. «У Міжпарламенцкім саюзе і асабліва ў Міжпарламенцкай асамблеі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), — канкрэтызаваў намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў, удакладніўшы, што каля вытокаў апошняй стаіць Інданезія. — Наша сустрэча — гэта магчымасць прасоўваць сумесныя ініцыятывы і аказваць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне. У цэлым наша краіна імкнецца да ўмацавання партнёрства з АСЕАН. Для гэтага ў 2020 годзе Беларусь падала заяўку на далучэнне да Дагавора аб сяброўстве і супрацоўніцтве ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Спадзяёмся на падтрымку інданезійскім бокам нашай ініцыятывы».
Беларускі бок, у сваю чаргу, вітае найхутчэйшае заключэнне пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Інданезіяй. «2025 год — год старшынства Беларусі ў гэтай арганізацыі, адным з кірункаў дзейнасці бачым умацаванне сувязяў па лініі ЕАЭС — АСЕАН», — сказаў Вадзім Іпатаў. Віцэ-спікер перакананы, што сумеснымі намаганнямі атрымаецца зрабіць парламенцкі складнік беларуска-інданезійскіх адносін больш змястоўным, што будзе адпавядаць інтарэсам нашых краін і народаў.
Падчас візіту парламентарыяў Інданезіі ў Беларусь на парадку дня — не толькі абмеркаванне шырокага кола пытанняў, якія датычацца міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і абмену вопытам заканатворчай дзейнасці. У прыярытэце — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва: гасцямі запланавана наведванне шэрагу вытворчасцяў. Культурна-гуманітарнае ўзаемадзеянне таксама ўваходзіць у спектр інтарэсаў інданезійскіх парламентарыяў.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА