Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава павіншавала членаў асацыяцыі з юбілейнай датай, выказала ўдзячнасць за тое, што яны не проста прапагандуюць, як правільна выхоўваць дзяцей, а ўласным прыкладам паказваюць, як гэта трэба рабіць.
Па словах спікера, у Беларусі пражывае каля 123 тысяч шматдзетных сем’яў. «У многім дзякуючы палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне, — канстатавала спікер. — Наш Прэзідэнт вельмі пільную ўвагу ўдзяляе гэтаму пытанню, дэмаграфічнай бяспецы. Перш за ўсё, вы ведаеце, якія адносіны ў яго да шматдзетных сем’яў. Усё, што за гэтыя гады зроблена ў нашай краіне для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, дарагога варта».
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што выхаванне дзяцей — самая складаная праца ў свеце. «Гэта вельмі няпростая, але вельмі добрая справа, бо без гэтага няма жыцця на зямлі», — падкрэсліла Наталля Качанава. Спікер удакладніла ва ўдзельнікаў сустрэчы, якія пытанні хвалююць шматдзетных бацькоў. Абмеркавалі, як можна палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
Гэтай тэме сенатары ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Трэці год будзе праводзіцца форум «Шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», ініцыянаваны Саветам Рэспублікі сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. Форум накіраваны на далучэнне грамадства да духоўна-маральных вытокаў, захаванне асноўных сямейных каштоўнасцяў.
Як звярнула ўвагу старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна Краўчанка, вялізны ўклад у падтрымку шматдзетных сем’яў уносіць дзяржава. «У нас — сацыяльна-арыентаваная краіна, і льгот для шматдзетных вельмі шмат, — падкрэсліла яна. — Практычна няма чаргі на жыллё: на працягу года, калі шматдзетная сям’я становіцца на чаргу, ёй паступае прапанова пабудавацца. Вельмі добра, што жыллё здаецца з аздабленнем. Бо калі раней сям’я атрымлівала адны "сцены", вельмі шмат даводзілася ўкладваць сродкаў для таго, каб прывесці кватэру ў стан, прыдатны для жылля. Нават узяць дэкрэтны адпачынак: жанчына можа знаходзіцца ў ім да трох гадоў і на працягу ўсяго перыяду атрымліваць "заробак". Столькі шмат пераўтварэнняў у сямейным капітале: цяпер гэтыя грошы можна накіраваць і на будаўніцтва, і на навучанне, і на лячэнне, на іншыя патрэбы. Гэта вельмі істотная падтрымка для шматдзетных сем’яў».
Старшыня грамадскага аб’яднання дадала, што да пачатку новага навучальнага года кожная шматдзетная сям’я атрымала грашовую дапамогу. Не застаюцца без падтрымкі такія сем’і і на працягу года: для навучэнцаў са шматдзетных сем’яў прадастаўлена 50-працэнтная льгота на аплату падручнікаў, прадугледжана бясплатнае харчаванне ў школе, на палову зніжаны кошт харчавання ў дзіцячым садку.
«Цяпер шматдзетныя сем’і вельмі добра жывуць, — кажа Таццяна Краўчанка і адзначае негатыўную тэндэнцыю, звязаную з тым, што моладзь не спяшаецца нараджаць дзяцей. — Разглядаецца пытанне аб другой бясплатнай спробе ЭКА для сем’яў, у якіх няма дзяцей. Дзяржава ідзе на ўсё, каб мы мелі дзяцей. А дзеці — наша будучыня».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА