Top.Mail.Ru

Антон Кулісевіч: Вельмі важна, каб людзі бачылі свайго дэпутата

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Антон Кулісевіч быў выбраны грамадзянамі ў Палату прадстаўнікоў па Гродзенскай пагранічнай акрузе № 53. Гэтыя мясціны яму добра знаёмыя, бо ён жыў і працаваў тут шмат гадоў. Дэпутат прайшоў вялікі кар’ерны шлях, але пры гэтым яго галоўнае крэда ніколі не мянялася — не быць абыякавым.


У межы акругі ўваходзяць Бераставіцкі раён, амаль увесь Гродзенскі раён і амаль увесь Свіслацкі. Як адзначае Антон Кулісевіч, акруга гэта сельскагаспадарчая, што яму вельмі блізка.

— Усё маё жыццё цесна звязана з сельскай гаспадаркай. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «Аграномія», а працоўны шлях пачынаў з пасады трактарыста. Так што гэта тэма мне цікавая, я з вялікім задавальненнем працую. Тым больш што акруга мне знаёмая, можна сказаць, што яна родная мне. Я шмат гадоў прапрацаваў у Бераставіцкім раёне, а тут побач і Свіслацкі, і Гродзенскі раёны, — расказвае дэпутат.

У акрузе больш за 56 000 чалавек, перад якімі дэпутат адчувае адказнасць. Чытачу можа здацца, што гэта дзяжурная фраза, якая так ці інакш з’яўляецца ў падобнага кшталту публікацыях. Але, як паказвае досвед камунікату з дэпутатамі, для іх гэта не пустыя словы. Гэта бачна і па дзеяннях, і па тым, як яны расказваюць аб сваёй працы. Антон Кулісевіч — не выключэнне.

— Вельмі важна, каб людзі бачылі свайго дэпутата, таму выязныя прыёмы — аснова работы. Людзям важна пагутарыць твар у твар. І мне, канешне, прыемна, што ёсць давер. Часта грамадзяне звяртаюцца адразу да мяне па якіх-небудзь пытаннях, хоць іх можна было б вырашыць і ў райвыканкаме. А гэта маркер таго, што людзі ведаюць мяне і не баяцца звяртацца, — гаворыць Антон Станіслававіч. Да таго ж, перад кожным прыёмам я сустракаюся са старшынёй райвыканкама, старшынямі сельсаветаў. Заўсёды ў кантакце з кіраўніцтвам, мы падтрымліваем адно аднаго, разам вырашаем праблемы грамадзян.

А хвалююць людзей традыцыйныя пытанні — сфера ЖКГ, дарогі, цеплазабеспячэнне, добраўпарадкаванне. Усё вырашаецца па меры магчымасцяў, а важная частка работы складаецца ў гутарках і тлумачэнні. Часам чалавеку проста трэба, каб яго выслухалі. А калі па яго пытанні можна нешта аператыўна зрабіць, рашэнні прымаюцца хутка.

— Доўгі час хадзіў аўтобус Канюхі — Пагранічны праз Індуру. Пасля яго адмянілі, бо нагрузка на маршруце знізілася. Тым не менш людзі ім карысталіся. Думаў, як можна развязаць гэта пытанне. Пагутарыў з зацікаўленымі інстанцыямі, вырашылі вярнуць у выхадныя дні, калі найбольшая колькасць людзей. Бывае, што трэба пачакаць рашэння пытання. Вось, напрыклад, у Індуры на прыём прыйшла жанчына. Яе цікавіў капітальны рамонт дома, калі ён пачнецца. Сталі высвятляць, аказалася, дом значыцца ў планах. Расказалі, што трэба яшчэ пачакаць, патлумачылі пра планавасць. Калі чалавек прыйшоў на прыём, значыць, яго нешта хвалюе, для яго гэта праблема, якую нельга пакінуць без увагі.

Да таго як стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Антон Кулісевіч працаваў старшынёй Бераставіцкага райвыканкама. Рашэнне балатавацца на выбары ў парламент далося яму лёгка.

— Зразумеў, што змагу быць яшчэ больш карысным людзям, зрабіць для іх нешта добрае. І не толькі ў плане зваротаў. Да заканатворчай дзейнасці таксама падыходжу адказна, каб потым людзі не казалі, маўляў, ну што гэта за законы такія прымаюць. Да работы трэба падыходзіць з усёй адказнасцю, не важна, на якой ты пасадзе.

Калі спытала ў майго суразмоўцы, якога дэпутата можна назваць добрым, ён адказаў, што гэта павінны вырашаць людзі. Менавіта выбаршчыкі даюць самую дакладную ацэнку рабоце.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю