Top.Mail.Ru

Сяўба азімага рапсу ідзе нават ноччу

19.08.2025 | 16:24

Уборачная ў Беларусі ў разгары, але адначасова ідзе і пасяўная — важна паклапаціцца аб ураджаі наступнага года. Цяпер на палях сеюць азімы рапс. Наступленне цемры для аграрыяў таксама не становіцца перашкодай — сяўба працягваецца дапазна, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны. Карэспандэнты БелТА пабывалі ў Чэрвеньскім раёне і даведаліся, як аграрыям удаецца працаваць нават ноччу.


Мы прыехалі на эксперыментальную базу «Натальеўск» на захадзе сонца. Сяўба ішла поўным ходам, і спыняцца аграрыі не планавалі.

Як расказаў галоўны аграном Сяргей Бабіновіч, у дзень механізатар працуе мінімум 12 гадзін. Работы ў гарачую пару пачынаюцца раніцай і могуць працягвацца да 23.00 і нават да паўночы. Працоўны рэжым залежаць ад мноства фактараў: ад умоў надвор’я, ад таго, ці трэба пераязджаць з поля на поле, ці ўзнікае неабходнасць у рамонце тэхнікі.

«У нас ёсць разлічаны графік сяўбы — з 6 да 25 жніўня. І механізатару трэба сеяць кожны дзень па 50–60 га», — тлумачыць Сяргей Бабіновіч.

Сеяць ноччу ўдаецца ў тым жа тэмпе, што і днём. Рабіць сваю працу дакладна і эфектыўна нават у цёмны час сутак аграрыям дапамагаюць тэхналогіі — GPS-навігатар, аўтапілот для трактара і добрае асвятленне ад фар. Як растлумачыў галоўны аграном, уборка сельгаскультур таксама ідзе дацямна, але тут больш складана з тэхналагічнага пункту гледжання: ноччу выпадае раса, бывае туман. А для сяўбы вільготнасць не перашкода, і можна паўнавартасна працаваць да пазнейшага часу.

256775-01.jpg

256775-14.jpg

У Беларусі робяць асаблівую стаўку на азімы рапс. Культура дазваляе атрымліваць вельмі карысны алей і бялок для патрэб жывёлагадоўлі. Да таго ж на палях пасля апрацоўкі рапсу выдатна растуць збожжавыя культуры.

«Ураджайнасць азімага рапсу ў нас 43 ц/га. А яравым мы ўвогуле не займаемся. Быў вопыт, але землі Чэрвеньскага раёна лёгкія, і, на маю думку, яны не вельмі добра падыходзяць для яравога рапсу. Ды і яго ўраджайнасць заўсёды ніжэйшая. Так, цяпер ёсць ужо гібрыды, перспектыўныя, з высокай ураджайнасцю. Але я на сёння разглядаю яравы рапс як страхавую культуру, калі азімы рапс дрэнна перанёс зіму», — з веданнем справы гаворыць аграном.

Механізатар Аляксей Клімовіч працуе ў гаспадарцы ўжо восем гадоў. Ён мясцовы. Пасля вучобы ў тэхнікуме вярнуўся па размеркаванні і так і застаўся працаваць на малой радзіме. «Пасеў, ворыва, культывацыя — займаюся ўсім. Мне падабаецца. Заработная плата добрая, пастаянна прэміруюць. Умовы добрыя, адносіны таксама. Чаму б і не працаваць? Азімы рапс сёлета сею з 6 жніўня. У дзень працую гадзін 12, бывае і больш. Чым хутчэй пасеем, тым лепш, каб паспець у агратэхнічныя тэрміны. У цемры працуецца таксама нармальна, розніцы няма. Трактары аснашчаны ўсім, чым трэба, што аблягчае працу механізатару. Уключыў фары — і далей сей. Мой трактар абсталяваны аўтапілотам, ёсць GPS-навігатар», — распавёў ён.

Аўтапілот забяспечвае прамалінейнасць сяўбы, і механізатар не робіць памылак, не можа праехаць крыва, двойчы пасеяць на адным і тым жа месцы. «Гэта эканомія насення, эканомія паліва, эканомія часу. Больш сеецца з гэтай прыладай», — тлумачыць Аляксей Клімовіч.

256775-10.jpg

Прылада выкарыстоўваецца ў гаспадарцы ўжо 5-6 гадоў і, паводле слоў галоўнага агранома, акупілася ў першы ж год. «Мы эканомім на насенні. Плюс прыстасаванне пакідае тэхналагічны след, па якім потым ідзе хімпраполка. Можна яго выкарыстоўваць не толькі з сеялкай, але і з культыватарам. Вельмі эфектыўная рэч. Лічу, што кожны трактар, які задзейнічаны на палявых работах, павінен аснашчацца аўтапілотам», — падкрэсліў Сяргей Бабіновіч.

У гэтым годзе на эксперыментальнай базе «Натальеўск» запланавана пасеяць азімы рапс на плошчы 1 тысяча га — на 100 га больш, чым у мінулым годзе. У планах — завяршыць сяўбу да 25 жніўня. У верасні будуць сеяць азімую пшаніцу, трыцікале, жыта.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА

Фота Максіма ГУЧАКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю