Top.Mail.Ru

Германія ў крызісe: чаму эканоміка краіны стаіць на мяжы рэцэсіі і што з гэтым рабіць

Нямецкая эканоміка зноў стала драйверам у ЕС — на гэты раз у тэмпах падзення вытворчасці. Па апошніх даных агенцтва Eurostat, эканоміка еўразоны ў другім квартале 2025 года павялічылася толькі на 0,1 % да папярэдняга квартала. У сваю чаргу, кварталам раней ВУП еўразоны павялічыўся на 0,6 %. Прычым краінавая статыстыка сведчыць, што аднаўленне эканомікі ў дзяржавах еўразоны па-ранейшаму застаецца вельмі нераўнамерным. Іспанія ўзначаліла групу краін з квартальным ростам на 0,7 %, за ёй — Партугалія з прыростам у 0,6 %, а Францыя са сціплым ростам у 0,3 % заняла трэцяе месца. Германія і Італія, найбуйнейшая і трэцяя па велічыні (адпаведна) эканомікі еўразоны, прадэманстравалі спад на 0,1 %. Такім чынам, Еўрасаюз ужо чацвёрты год запар перажывае сістэмны крызіс развіцця: практычна не расце эканоміка ні блока ў цэлым, ні яго асобных членаў (за парай выключэнняў) — пачынаючы з 2022 года не было ніводнага квартала, у які ВУП Еўрасаюза вырас хоць бы на 1%.


shutterstock_1218311767-1.png

Мінус 196 тысяч прадпрыемстваў

Германія — найбуйнейшая эканоміка рэгіёна, на якую прыпадае амаль чвэрць ВУП Еўрасаюза, і трэці ў свеце экспарцёр пасля Кітая і ЗША, знаходзіцца ў зацяжным крызісе. Нямецкая эканоміка перажывае самую працяглую стагнацыю за ўсю сваю пасляваенную гісторыю. У 2024 годзе ВУП краіны знізіўся на 0,2 % пасля скарачэння на 0,3 % у 2023-м. Акрамя таго, Германія сутыкнулася з праблемай дэіндустрыялізацыі — па даных Цэнтра даследаванняў эканомікі Еўропы ZEW і нямецкай крэдытнай кампаніі Credіtreform, у мінулым годзе ў краіне было закрыта больш за 196 тысяч прадпрыемстваў, што стала рэкордам з 2011 года. У ліпені 2025-га, па звестках Федэральнага статыстычнага ўпраўлення (Destatіs), колькасць заяў аб банкруцтве павялічылася яшчэ на 19,2 % у параўнанні з ліпенем 2024-га. Акрамя таго, спажывецкія банкруцтвы таксама не адстаюць: у маі 2025 года іх зарэгістравана 6605, што на 16,1 % больш, чым летась.

Высокія цэны на энерганосьбіты, асабліва на прыродны газ і электрычнасць, працягваюць падрываць канкурэнтаздольнасць нямецкай эканомікі. Прытрымліванне валюнтарысцкай і папулісцкай парадыгмы Бруселя, недастатковы рост прадукцыйнасці працы ў традыцыйных сектарах эканомікі, нізкі ўзровень інвестыцый у хуткарослыя галіны, тарыфныя войны з Кітаем і Злучанымі Штатамі, аднабаковыя санкцыі з шэрагам краін — гэта далёка не поўны спіс прычын стагнацыі ў нямецкай прамысловасці.

Новы ўрад ФРГ на чале з канцлерам Фрыдрыхам Мерцам ва ўладзе ўжо больш як 100 дзён. Традыцыйна ён абяцаў вывесці краіну з эканамічнага крызісу і ўмацаваць яе абараназдольнасць. 

У планы Мерца таксама ўваходзіла ператварыць бундэсвер у «самую моцную армію Еўропы», спыніць нелегальную міграцыю і прымусіць немцаў больш працаваць. Пакуль яўнага поспеху няма ні па адным з пунктаў. Што датычыцца апошняга закліку, уяўляе цікавасць прапанаваны канцлерам «рэцэпт» — правесці рэформу цяперашняй сацыяльнай палітыкі. У прыватнасці змяніць сістэму выплаты дапамог па беспрацоўі (ням.: Burgergeld). А больш дакладна — плануецца скарачэнне сацыяльных расходаў і аслабленне дзяржрэгулявання ў гэтай адчувальнай сферы. Рэформа пачнецца ўжо восенню.

Наўрад ці нямецкія выбаршчыкі чакалі гэтага, калі галасавалі за цяперашняга канцлера. Як вынік, сам Мерц сёння займае толькі чацвёрты радок у рэйтынгу самых папулярных палітыкаў краіны. І толькі 32 % грамадзян ФРГ цяпер задаволены новым канцлерам, у той час як яго папярэднік пасля трох месяцаў на чале ўрада меў падтрымку 56 %.


Даведка. Ключавым фактарам распаўсюджвання крызісу па ўсім ЕС служыць структура рэгіянальнай эканомікі. Пры аб’ёме бюджэту ЕС на 2024 год у 143 млрд еўра з 27 краін-удзельніц 9 членаў ЕС унеслі больш, чым атрымалі. Асноўны ўклад зрабілі: Германія (30,3 млрд), Францыя (23,5 млрд), Італія (17,3 млрд). Разам яшчэ з васьмю краінамі яны забяспечылі тры чвэрці даходаў бюджэту саюза. А калі ўлічваць, што ўнутрыблокавы гандаль дасягае 60 % ад усяго тавараабароту краін — членаў ЕС, то крызіс у дзяржавах-донарах непазбежна распаўсюджваецца на ўсіх астатніх.


Шукай, каму выгадна

Напрыканцы паспрабую знайсці адказ яшчэ на адно адвечнае пытанне: хто вінаваты і што рабіць для выпраўлення сітуацыі ў нямецкай эканоміцы?

Своеасаблівым трыумфам новай тарыфнай палітыкі Трампа стала ўзгадненне на ўзроўні амерыканскага прэзідэнта і кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен 27 ліпеня гандлёвага пагаднення з «узаемнымі саступкамі». І адразу ўсім стала зразумела — Злучаныя Штаты відавочным чынам стымулююць дэіндустрыялізацыю Еўрасаюза — як за кошт тарыфных мер, так і заахвочваннем пераносу прамысловай вытворчасці ў ЗША. 

14-15-2.jpg

Рэч у тым, што прадпрыемствы, якія перамяшчаюцца з Еўропы за акіян, атрымліваюць таннейшую энергію, значна меншае падаткаабкладанне, а галоўнае — бесперашкодны доступ да амерыканскага рынку.

Але тут узнікае чарговае пытанне: такое грэбаванне інтарэсамі саюзнікаў тлумачыцца асабістымі якасцямі Дональда Трампа ці матывацыя значна глыбейшая?

Адказ можна атрымаць, азнаёміўшыся з дакладам, падрыхтаваным спецыялістамі аднаго з вядучых амерыканскіх аналітычных цэнтраў Rand corp ад 25 студзеня 2022 года «Выратаванне Амерыкі за кошт аслаблення Германіі», які трапіў у Інтэрнет. У якасці яго атрымальнікаў значацца АНБ, ЦРУ, Дзярждэп і ранейшая амерыканская адміністрацыя Джорджа Байдэна.

Аўтары даклада ў прэамбуле адзначаюць: «Сучасны стан эканомікі ЗША не дазваляе меркаваць, што яна зможа існаваць без фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі са знешняга свету. Павелічэння патоку рэсурсаў з Еўропы ў ЗША варта чакаць, калі Германія пачне зведваць кантраляваны эканамічны крызіс. А паколькі дабрабыт Еўропы, у прыватнасці Германіі як яе лакаматыва, грунтуецца на танных расійскіх энерганосьбітах і французскай электрычнасці, то рашэнне аўтар прапануе самае банальнае — разбурыць гэтае супрацоўніцтва. У заключнай частцы даклада прыводзяцца эканамічныя выкладкі. Страты нямецкай эканомікі арыенціровачна могуць дасягнуць 200-300 млрд еўра. Што прывядзе, на думку аўтара даклада, да калапсу еўрапейскай прамысловасці, росту беспрацоўя і міграцыі адукаваных еўрапейцаў у Злучаныя Штаты. У выніку амерыканская эканоміка зможа атрымаць дадатковы даход у 7-9 трлн».

Кожны вольны рабіць свае высновы са сказанага вышэй. Тым больш што Rand corp дастаткова аператыўна на сваім сайце назвала дадзеную публікацыю фэйкам. Але тое, што назіраецца цяпер, прымушае задумацца...

14-15-1.jpg

Выйсце ёсць

Такім чынам, Германія, зрэшты як і ўвесь Еўрасаюз, сутыкнулася з такой колькасцю праблем, што прымальнага адзінага рашэння без радыкальнага змянення як унутры, так і знешнепалітычнага курсу проста няма. Тым не менш пераламаць існуючы негатыўны трэнд можна. Аднаўленне ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў з Саюзнай дзяржавай і Кітаем дазволіла б адносна хутка знізіць выдаткі для нямецкай прамысловасці германскіх кампаній. Што неадкладна б вярнула эканоміку да росту і аднаўлення страчанага месца і аўтарытэту не толькі ў Еўропе, але і на сусветнай арэне.

Георгій ГРЫЦ, кандыдат эканамічных навук, эканамічны аналітык

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю