Як расказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, рашэнне аб рэканструкцыі аб’екта прынялі ў мінулым годзе. «Мы зрабілі праектна-каштарысную дакументацыю, прайшлі экспертызу і дакладна абазначылі, што павінна быць на аб’екце. У 2025 годзе пачалі рэканструкцыю. У сакавіку гэтага года правялі першы суботнік, сабралі каля 5 млн рублёў. І фактычна з сакавіка да ліпеня ўзнік (музейны. — „Зв“.) аб’ект, дзе будзе размешчана экспазіцыя», — расказаў губернатар.
У суботніку ўзялі ўдзел і жыхары, і грамадскія арганізацыі Гомельскай вобласці, і моладзь, і парламентарыі. Дэпутацыя Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскай вобласці прапанавала выехаць на абласны суботнік у паўднёва-ўсходні рэгіён іншым дэпутатам, работнікам сакратарыята Палаты. У выніку сабраўся вялікі працоўны дэсант на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам. Члены Савета Рэспублікі таксама не засталіся ўбаку ад мерапрыемства — рупіліся сенатары, якія прадстаўляюць Гомельскі рэгіён.
Дарэчы, за апошнія гады ў рэгіёне новае аблічча набылі мемарыялы «Ала», «Партызанская крынічка», «Азарычы», «Дзецям — ахвярам вайны». Як адзначалі парламентарыі — удзельнікі суботніка ў Светлагорскім раёне, праца на мемарыялах — гэта даніна павагі пакаленню пераможцаў і пасільны ўклад кожнага ў захаванне гістарычнай памяці.
Плануецца, што абноўлены комплекс «Баграціён» будзе адкрыты 23 чэрвеня 2026 года — у дзень пачатку аперацыі.
Фота БелТА