Заснавальнікамі фестывалю «Творчасць юных» з’яўляюцца Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. А арганізатарамі выступаюць міністэрствы культуры Беларусі і Расіі. Традыцыйна ўдзел бяруць і парламентарыі Беларусі. Гэты год выключэннем не стане. У фестывальных падзеях, якія адбудуцца 21–23 жніўня ў Маскве, возьме ўдзел Алена Патапава, намеснік старшыні камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў, член камісіі Парламенцкага сходу па культуры.
Правядзенне такога маштабнага творчага агляду маладых талентаў Беларусі і Расіі адыгрывае немалаважную ролю ў справе выхавання падрастаючага пакалення ў духу прыязнасці і ўзаемаразумення, талерантнасці і павагі да мастацтва і традыцый іншых народаў, пашырэння ведаў у галіне гісторыі і культуры дзвюх суседніх дзяржаў. Сёлета гэта асабліва сімвалічна: у 2025-м адзначаецца 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму ўдзельнікаў фестывалю чакае наведванне галоўных гістарычных ваенных музеяў, тэматычныя мерапрыемствы, экскурсіі.