У каго прыярытэт?
— На падставе пастановы Савета Міністраў № 269 ва ўстановах адукацыі распрацаваны лакальныя нарматыўныя акты: аб правілах унутранага распарадку, парадку ўліку жадаючых атрымаць інтэрнат, прадастаўленні ім жылой плошчы. У першую чаргу засяляюцца юнакі і дзяўчаты, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу, — падкрэслівае Віялета Краўцова, кансультант упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.
У прыярытэце — іншагароднія навучэнцы з ліку дзяцей-сірот, інвалідаў з дзяцінства, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, студэнты з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Маюць ільготы на засяленне таксама пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і тыя, хто ўваходзіць у лік таленавітай моладзі, або актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці ВНУ.
Стан — задавальняючы
Міністэрства адукацыі сумесна з Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы рэгулярна інспектуе гатоўнасць інтэрнатаў да новага навучальнага года. Правяраюцца будынкі, прылеглая тэрыторыя, стан пакояў, кухань і санвузлоў, а таксама памяшканні для самападрыхтоўкі, адпачынку і вольнага часу — усё ад афарбоўкі фасадаў да стану мэблі, сантэхнікі і інжынернага абсталявання. У канцы рабочая група дае рэкамендацыі па выпраўленні недахопаў.
— Па выніках праверкі стан інтэрнатаў прызнаны здавальняючым. У многіх з іх праведзены бягучыя і касметычныя рамонты, набыты новая мэбля, інвентар, пасцельныя прыналежнасці, — адзначае Іна Галавач, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Рэспубліканскага інстытута вышэйшай адукацыі. — Устаноўлены турнікеты і камеры відэаназірання, дзейнічае прапускны рэжым. Пытанне стварэння бяспечных і камфортных умоў пражывання знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Некалькі слоў пра ўмовы
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт мае дзевяць інтэрнатаў, сярод якіх ёсць як старыя карпусы, так і новыя. У цэнтры горада — інтэрнат № 1, за сваё размяшчэнне любімы і студэнтамі, і выкладчыкамі. У цэлым жа іншагароднія студэнты БДУ пражываюць у розных раёнах Мінска: на вуліцах Курчатава, Кастрычніцкай, у жылым комплексе «Студэнцкая вёска», дзе знаходзяцца самыя сучасныя інтэрнаты ВНУ кватэрнага тыпу. Паводле слоў намесніка начальніка па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Студэнцкага гарадка БДУ Таццяны Яшынай, атрымаць месца ў адным з іх можа кожны, але — на працягу навучальнага года.
Не варта хвалявацца будучым медыкам: Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт засяляе ўсіх іншагародніх незалежна ад курса і наяўнасці льгот.
Студэнты Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта пражываюць у 15 інтэрнатах розных умоў. Сапраўдным гонарам стаў інтэрнат № 19, разлічаны больш як на тысячу чалавек і здадзены ў эксплуатацыю ў лютым гэтага года. Апроч жылых памяшканняў кватэрнага тыпу тут ёсць пральныя пакоі, спартыўныя, навучальныя зоны і інш. Усё — для максімальнага камфорту навучэнцаў.
Міжнародны ўніверсітэт «МІПСА», у сваю чаргу, абсталяваў у інтэрнаце кінапакоі, прызначаныя і для правядзення культурных мерапрыемстваў. У крокавай даступнасці — фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Да таго ж, адміністрацыя ўніверсітэта з першага дня засялення падтрымлівае камунікат з бацькамі. На зборах ім тлумачацца асноўныя правілы і іншыя важныя арганізацыйныя моманты.
Каб не сумаваць
Асаблівая ўвага ўсімі ўстановамі вышэйшай адукацыі ўдзяляецца сацыяльнай адаптацыі. Педагогі-арганізатары, выхавальнікі і куратары дапамагаюць першакурснікам прывыкнуць да новага рытму жыцця. У БНТУ, напрыклад, за непаўналетнімі замацоўваюць настаўнікаў з ліку старэйшых хлопцаў і дзяўчат, якія дапамагаюць не толькі з побытам, але і з вучобай. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі выдзяляе для першакурснікаў асобныя інтэрнаты, што дазваляе арганізаваць мэтанакіраваную працу па адаптацыі нядаўніх школьнікаў.
Не застаюцца без увагі і замежныя студэнты. У інтэрнатах Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта яны складаюць трэць жыхароў. Для іх адаптацыя асабліва важная: адрозненне менталітэтаў і моўны бар’ер могуць стаць прычынай дадатковага стрэсу. У БДМУ праблему вырашаюць інтэграцыяй замежнікаў у сістэму выхаваўчай працы, а таксама сумесным іх пражываннем з беларускімі студэнтамі. БДУІР, у сваю чаргу, прапануе цікавую практыку «пакояў зямляцтваў». У трэцім інтэрнаце ўніверсітэта студэнты з Узбекістана, Казахстана, Туркменістана і В’етнама праводзяць кулінарныя вечары, адзначаюць нацыянальныя святы, дзеляцца сваімі традыцыямі з беларусамі. Супрацоўніцтвы з пасольствамі таксама дапамагаюць маладым людзям адчуць сябе часткай супольнасці.
Але прадстаўнікі ўсіх універсітэтаў адзначаюць: камфортнасць умоў інтэрнатаў залежыць не толькі ад намаганняў адміністрацыі, але і ад іх жыхароў. Чысціня пакояў, выкананне правіл і павага да суседзяў — адказнасць кожнага студэнта. У адваротным выпадку нават самы сучасны інтэрнат не зможа стаць утульным домам, у які заўсёды будзе жаданне вярнуцца.
Аміна НАЗАРАВА