Бадай, самы яскравы прыклад — прадпрыемства «БЕЛДЖЫ» і аднайменныя аўто, якія там выпускаюць. На вытворчасці ўсталявана найноўшае абсталяванне, мадэрнізаваны вытворчыя лініі і аптымізаваны тэхналагічныя працэсы. Як вынік — пашыраны мадэльны рад аўтамабіляў, а іх папулярнасць расце не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пашырэнне дылерскай сеткі ў сваю чаргу — гэта грунтоўная канкурэнцыя звыклым аўтабрэндам.
Ад запуску да нашых дзён
Сапраўды, за адносна кароткі час завод «БЕЛДЖЫ» стаў адным з ключавых гульцоў беларускай аўтамабільнай галіны. Галоўнае ў гэтай справе — устойлівае развіццё, высокая якасць прадукцыі і стварэнне годных умоў для працаўнікоў. Сучасныя тэхналагічныя рашэнні і акцэнт на сацыяльную адказнасць фарміруюць аснову паспяховай стратэгіі прадпрыемства, якое сёння ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Кампанія пачала дзейнічаць у 2017 годзе, а ўжо ў 2018-м дзяржаўная камісія афіцыйна прыняла першыя мадэлі аўтамабіляў. Шлях да поспеху не быў лёгкім: вытворцу прыйшлося пераадольваць шматлікія выклікі: гэта і аб’ектыўныя складанасці ў супрацоўніцтве з партнёрамі, і неабгрунтаваны санкцыйны ціск, што запаволіў пастаўкі камплектуючых... Пераход на ўласны брэнд «БЕЛДЖЫ», што дазволіла павялічыць адказнасць за якасць і развіваць лакалізацыю, таксама быў пэўным выклікам для калектыву. Але ж усё атрымалася. Сёння завод знаходзіцца на фінальнай стадыі першага этапу рэканструкцыі: мадэрнізаваны цэхі афарбоўкі і зваркі.
«Мы імкнёмся да таго, каб наша прадукцыя была даступнай і канкурэнтаздольнай», — адзначыў генеральны дырэктар СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свідзерскі. Па яго словах, прадпрыемства працуе ў рэжыме пастаяннага ўдасканалення, а тэхналагічнае развіццё — адзін з галоўных прыярытэтаў. Кампанія арыентуецца на тое, каб кожны аўтамабіль, які сходзіць з канвеера, быў не проста таварам, а сімвалам адказнасці перад пакупніком. Гэта значыць — якасць, надзейнасць і сучасныя тэхналогіі: такі падыход дазваляе прадпрыемству не толькі ўпэўнена трымаць заваяваныя пазіцыі, але і працаваць на перспектыву. І сёння кампанія ўспрымаецца не проста як аўтавытворца, але і важная частка беларускай эканомікі, што фарміруе імідж краіны.
У рытме тэхналогій
Генадзь Свідзерскі падкрэслівае, што завод «БЕЛДЖЫ» — максімальна высокатэхналагічная вытворчасць. Так, на пачатку яго дзейнасці тут было 38 робатаў (што на самай справе на той час даволі нямала), зараз статыстыка іншая: у рамках развіцця прадпрыемства з’явіліся: 27 новых робатаў у зварным цэху (у тым ліку лазерная зварка), 10 робатаў у фарбавальным цэху, а таксама адзін робат у цэху зборкі. Увогуле ж цяпер на прадпрыемстве больш за 70 прамысловых робатаў, што дазволіла падвоіць магутнасці. Напрыклад, фарбавальны цэх на сёння можа выпускаць да 120 тысяч аўтамабіляў у год (раней — 60 тысяч). На найбліжэйшую будучыню запланавана будаўніцтва інавацыйнага штамповачнага цэха, а гэта ў сваю чаргу яшчэ больш павысіць якасць прадукцыі.
Падчас размовы з журналістамі Генадзь Свідзерскі расказаў таксама пра планы па пашырэнні мадэльнага раду і павелічэнні вытворчасці.
У верасні прадпрыемства выведзе на рынак гібрыдны красовер BelGee X80 з запасам ходу больш за 900 кіламетраў, камп’ютарным кіраваннем, функцыяй эканоміі паліва і іншымі «наваротамі».
У кастрычніку на рынак выйдзе электрамабіль Geely E22H. Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства, гэта дастаткова бюджэтны аўтамабіль, даступны па цане, але з добрымі функцыянальнымі магчымасцямі.
Гаворачы аб аб’ёмах вытворчасці, Генадзь Свідзерскі адзначыў, што яны адпавядаюць чаканым паказчыкам. Брэнд паступова нарошчвае сваю прысутнасць на рынку, прычым не толькі на ўнутраным. Увогуле ж, асноўнымі кірункамі продажаў з’яўляюцца: Беларусь (30-35 % ад агульнага выпуску), у нашай краіне марка займае першае месца сярод новых аўтамабіляў; Расія (65-70 %) — там брэнд уваходзіць у топ-6 па папулярнасці; трэці напрамак — краіны ЕАЭС, якія лічацца вельмі перспектыўным рынкам.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД