Як паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі, намеснік міністра прыняла ўдзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і выканання бюджэту за першае паўгоддзе, а таксама ацэнена гатоўнасць адукацыйных устаноў да новага навучальнага года.
Пасля чаго Алеся Абраменка наведала шэраг мясцовых прадпрыемстваў, у ліку якіх — «Берасцейскі пекар» Ганцавіцкага хлебазавода, мясцовы лясгас, а таксама філіял РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, дзе дзякуючы ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект» хутка з’явіцца біяфармацэўтычная вытворчасць.
Намеснік міністра абмеркавала з іх кіраўнікамі актуальныя пытанні дзейнасці прадпрыемстваў і планы развіцця, азнаёмілася з ходам рэалізацыі праекта.
— Мы імкнёмся да максімальнай лакалізацыі вытворчых ланцужкоў у рэгіёнах, бо гэта стварае аснову для эканамічнага росту на месцах. Калі ўсе этапы — ад вытворчасці сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі — сканцэнтраваны ў межах аднаго раёна, гэта не толькі павышае эфектыўнасць і зніжае лагістычныя выдаткі, але і стымулюе развіццё малога і сярэдняга бізнесу, умацоўвае кадравы патэнцыял, — акцэнтавала яна.
Алеся Абраменка адзначыла, што ключавым аспектам для павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі з’яўляецца ўкараненне высокіх тэхналогій.
— Важна, каб інавацыі не заставаліся доляй буйных гарадоў і навуковых цэнтраў. Стварэнне біяфармацэўтычнай вытворчасці новага пакалення ў Ганцавічах — прыклад таго, як інавацыі могуць стаць драйверам рэгіянальнага развіцця. Праект рэалізуецца з выкарыстаннем кітайскіх высокіх тэхналогій, падобных да якіх няма ў нашай краіне і на прасторы СНД. Выхад прадпрыемства на праектную магутнасць дасць магчымасць не толькі забяспечваць попыт унутранага рынку, але і экспартаваць прадукцыю, — рэзюмавала Алеся Абраменка.