Пакуль у гаспадарках краіны завяршаецца жніво, і распачынаецца сяўба азімых, мы накіраваліся ў месца, дзе ўжо сёння клапоцяцца пра ўраджай будучага года. Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве забяспечвае ўсе гаспадаркі краіны якасным насенным матэрыялам. Дзякуючы перспектыўным распрацоўкам, глыбокаму аналізу і доследнай рабоце вучоных ствараецца насенне, якое з’яўляецца адным з найлепшых у свеце. Пра вопыт беларускіх вучоных,
пра тое, як закладваецца аснова будучых ураджаяў, мы пагаварылі з Эромай УРБАНАМ, першым намеснікам генеральнага дырэктара НПЦ па навуковай рабоце, доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
140 сартоў уласнай селекцыі
— Эрома Пятровіч, як вядома, у перыяд сяўбы азімых ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны аддаецца перавага сартам беларускай вытворчасці. Насенны матэрыял нашай краіны заўсёды меў высокую якасць...
— Так. Калі ў 2022 годзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Брэсцкую і Гродзенскую вобласці, перад аграрыямі краіны была пастаўлена задача зрабіць сарты беларускай селекцыі дамінуючымі. Таму ўся наша работа накіравана на тое, каб выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы. Можна меркаваць, што са сваёй задачай мы спраўляемся.
У цяперашні час у цэлым па рэспубліцы больш за 70 працэнтаў займаюць сарты беларускай селекцыі.
Як вядома, сорт у фарміраванні ўраджаю культуры складае да 30 працэнтаў. Таму вучоныя Навукова-практычнага цэнтра ствараюць канкурэнтныя сарты сельскагаспадарчых культур на пастаяннай аснове. Вядуцца селекцыя, а таксама арыгінальнае і элітнае насенняводства каля 40 відаў сельскагаспадарчых раслін. За перыяд з 1965 па 2025 гады селекцыянеры цэнтра стварылі каля 600 сартоў збожжавых, зернебабовых, кармавых, тэхнічных і крупяных культур.
— Калі казаць пра якасныя характарыстыкі, — гэта перш за ўсё ўраджайнасць...
— Усе зарэгістраваныя сарты цэнтра маюць высокі ўзровень ураджайнасці: у збожжавых — больш за 100 цэнтнераў з гектара, рапсу і зернебабовых культур — да 50-60 цэнтнераў, у льна-даўгунца ураджайнасць ільнотрасты на ўзроўні 46-51 цэнтнера з гектара, а гібрыды цукровага бурака — 60-75 тон з гектара. Усе раянаваныя айчынныя сарты паспяхова канкурыруюць з найлепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі.
Сёлета на палях краіны апрацоўвалася каля 140 сартоў сельскагаспадарчых раслін селекцыі РУП «Навукова-практычны цэнтр па земляробстве», якія займалі звыш за 70 працэнтаў пасяўных плошчаў у Беларусі (азімае трыцікале — 83 працэнты, жыта — 88, яравая пшаніца — 84, ячмень — 81, авёс — 98, а грэчка — 75 працэнтаў). За апошнія тры гады ў Дзяржаўны рэестр сартоў сельскагаспадарчых раслін Беларусі ўключана 47 новых сартоў селекцыі «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве».
Практычна па кожнай культуры, якая апрацоўваецца, створана сістэма айчынных сартоў. Гэта дазваляе максімальна выкарыстоўваць патэнцыял культуры і знізіць патрэбу ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Напрыклад, пры паспяванні ў розныя тэрміны, устойлівасці да розных узбуджальнікаў хвароб, а таксама дыферэнцыраванай патрабавальнасці да ўмоў вырошчвання.
Важнейшымі накірункамі пры селекцыі сельскагаспадарчых культур застаюцца іх ураджайнасць, адаптыўнасць да асяроддзя, якое мяняецца, талерантнасць да хвароб і ўзбуджальнікаў, а таксама высокая якасць прадукцыі. Так, селекцыя збожжавых каласавых у цяперашні час накіравана на патэнцыяльную ўраджайнасць не менш за 100 цэнтнераў з гектара.
— Некалькі гадоў назад даволі востра стаяла пытанне наяўнасці айчынных сартоў пэўнага назначэння, напрыклад, піваварнага ячменю...
— Стварэнне спецыялізаваных сартоў — адно з патрабаванняў у селекцыі. Таму ў вытворчасць укараняюцца сарты збожжавых культур, прызначаныя для хлебапякарства, фуражнага накірунку, а таксама для тэхнічнага выкарыстання — на спірт і крухмал.
У сучаснай селекцыі выкарыстоўваюцца навейшыя метады. Так, пры стварэнні новых сартоў піваварнага ячменю выкарыстоўваюцца гены тэрмастабільнай β-амілазы (Bmyl), якія дазваляюць адабраць генатыпы з высокімі піваварнымі якасцямі.
З мэтай зніжэння затрат пры вытворчасці крупяной прадукцыі створаны сарты галазерневага ячменю і аўсу, якія маюць павышаную харчовую якасць і не патрабуюць лушчэння зерня пры перапрацоўцы. Выкарыстоўваюцца метады геномнай тэхналогіі атрымання зыходнага матэрыялу для гетэразіснай і папуляцыйнай селекцыі жыта з маркер-спадарожным адборам.
Створаны першыя гібрыды F1 на аснове азімага жыта, кукурузы, а таксама цукровых і кармавых буракоў. Разгорнуты селекцыйныя працэсы па 19 відах шматгадовых бабовых і зёлкавых траў. Сарты селекцыі цэнтра ўсё больш распаўсюджваюцца ў краінах СНД. 55 сартоў уключаны ў Дзяржаўныя рэестры для выкарыстання ў Расіі ў 37 рэгіёнах і ў агульнай складанасці займаюць больш за два мільёны гектараў.
Ураджайная Стася і каша з Зеніту
— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра новыя сарты збожжавых культур.
— Асаблівую значнасць у селекцыйным працэсе набывае выкарыстанне ў селекцыі новых генетыка-біятэхналагічных метадаў. Створаныя новыя сарты азімай пшаніцы (Грэя, Лея, Стася і Ілві) з ураджайнасцю 150 цэнтнераў з гектара, сорт яравой пшаніцы Прыгажуня з высокімі хлебапякарнымі якасцямі — усе яны адпавядаюць узроўню найлепшых сартоў замежнай селекцыі пшаніцы і могуць годна выкарыстоўвацца ў якасці імпартазамяшчэння для атрымання высакаякасных хлебабулачных вырабаў без дабаўлення мукі сартоў-«філераў».
У адпаведнасці са стратэгіяй адаптацыі да змяненняў клімату вядучым накірункам у селекцыі з’яўляецца стварэнне сартоў, прыстасаваных да лімітуючых фактараў навакольнага асяроддзя. Так, новыя сарты азімага трыцікале Экватар, Авеню адрозніваюцца нізкаросласцю, буйным зернем, экалагічнай стабільнасцю, пластычнасцю і засухаўстойлівасцю, а сорт азімага жыта Жалейка — устойлівасцю да снежнай цвілі, мучністай расы і спарынні. Сорт аўсу Зеніт харчовага і фуражнага выкарыстання ўключаны ў Пералік сартоў збожжавых, крупяных і зернебабовых раслін, якія маюць найбольш каштоўныя паказчыкі якасці. Гэты сорт характарызуецца высокай устойлівасцю да палягання, павышанай устойлівасцю да чырвона-бурай плямістасці і карончатай іржаўчыны. Гэты сорт забяспечвае высокую якасць зерня. Яно буйное, мае высокія паказчыкі для вытворчасці камбікармоў і прадуктаў харчавання, пры нізкай пленчатасці (24, 3 працэнта) у ім утрымліваецца 13, 3 працэнта бялку і 3, 9 працэнта алею. Каша з такіх круп мае выдатны смак
Па выніках дзяржаўнага сортавыпрабавання ў Дзяржаўны рэестр сартоў уключаны для выкарыстання на 2025 год дзесяць новых сартоў сельскагаспадарчых культур селекцыі нашага цэнтра. Да іх адносяцца сорт азімага жыта Залеснае, сорт яравой мяккай пшаніцы Гайна, сарты яравога ячменю Фунцік, Спікер, Дэлегат, райграс пашавы Нёманскі, райграс гібрыдны Выбар, а таксама люцэрна зменлівая Чакрыта.
Трэба ўзгадаць таксама сорт азімага жыта Залеснае — універсальнага (харчовага, кармавога і тэхнічнага) накірунка. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа за 2022-2024 гады яго выпрабавання склала 55, 52 цэнтнера з гектара, а максімальная — 76, 2 ц/га была атрымана летась на Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі. Сорт яравога ячменю Фунцік мае высокую ўраджайнасць у 51, 7 цэнтнера з гектара. Максімальная ўраджайнасць гэтага сорту складае 81, 6 цэнтнера з гектара. Сорт характарызуецца высокай устойлівасцю да палягання і мучністай расы.
Сорт яравога ячменю Дэлегат адрозніваецца высокай стабільнасцю і пластычнасцю. Ён быў уключаны ў Дзяржаўны рэестр па выніках двухгадовага выпрабавання датэрмінова. Сорт характарызуецца вельмі высокай устойлівасцю да палягання і мучністай расы. Высокай стабільнасцю і пластычнасцю адрозніваецца таксама сорт яравога ячменю Спікер.
Сёлета мы атрымалі выдатны ўраджай — нашмат лепшы, чым у папярэднія гады. Прыемна адзначыць, што ўсе нашы сарты маюць высокі ўзровень ураджайнасці, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я — і замаразкі, і ліўні, і шквалісты вецер.
Штогод мы накіроўваем на сортавыпрабаванне каля 20 сартоў культур. На сённяшні дзень ужо перададзена на выпрабаванне больш за дзесяць сартоў азімых культур і рапсу.
Вядома, што на якасць ураджаю значны ўплыў аказваюць умовы надвор’я і генетыка. Аднак пры захаванні тэхналогій вырошчвання нашы сарты добра адаптуюцца да ўмоў надвор’я.
620 гектараў штогод — пад новыя сарты
— Вядома, што высокіх паказчыкаў удаецца дасягнуць дзякуючы высокай кваліфікацыі супрацоўнікаў цэнтра, якія пастаянна ўдасканальваюць сваю прафесійную падрыхтоўку. Раскажыце, калі ласка, пра дасягненні сваіх калег.
— Мы ганарымся поспехамі вучоных цэнтра, якія актыўна ўдзельнічаюць у розных навуковых мерапрыемствах і конкурсах. Так, сорт азімай мяккай пшаніцы Асіма створаны калектывам аўтараў нашага цэнтра і Інстытута генетыкі і цыталогіі, летась прызнаны Нацыянальнай акадэміяй навук найлепшым селекцыйным дасягненнем. Патэнцыяльна ўраджайнасць сорту Асіма ў Дзяржаўным сортавыпрабаванні склала 122 цэнтнеры з гектара, што з’яўляецца рэкордам сярод усіх сартоў азімай пшаніцы, уключаных у Дзяржаўны рэестр. Работа аўтарскага калектыву, у якой удзельнічалі я і Аляксандр Зубковіч, загадчык аддзела ячменю, кандыдат сельскагаспадарчых навук, пад назвай «Распрацоўка метадаў селекцыі, стварэнне сістэмы сартоў і гібрыдаў жыта, ячменю — стратэгічнага фактару імпартазамяшчэння і забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь» удастоена Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў мінулым годзе ў галіне аграрных навук.
- Аўтары распрацавалі і ўкаранілі ў селекцыйны працэс новыя генетыкабіятэхналагічныя метады селекцыі, якія абумоўліваюць павышэнне яе выніковасці, стварэнне сартоў і гібрыдаў новага пакалення адпаведных сусветнаму ўзроўню з патэнцыяльнай ураджайнасцю 8-12 тон на гектар збожжа, зімастойкіх, устойлівых да палягання і абіятычных фактараў асяроддзя з высокімі тэхналагічнымі якасцямі збожжа. Гэта, канешне, з’яўляецца асновай павелічэння валавых збораў, паляпшэння якасці збожжа, імпартазамяшчэння і ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі.
У выніку селекцыйнай работы ў гэтым накірунку за 2000-2024 гады было распрацавана 28 сартоў жыта, 21 сорт ячменю, а таксама атрымана 36 патэнтаў на сарты, апублікавана больш за 230 навуковых работ. Пасевы пад новымі сартамі гэтых культур у Рэспубліцы Беларусь за перыяд з 2018 па 2024 гады склалі больш за 4 мільёны трыста тысяч гектараў (больш за 620 тысяч гектараў штогод), а таксама за яе межамі — каля аднаго мільёна гектараў, у асноўным у Расіі. Эканамічны эфект ад імпартазамяшчэння новых сартоў і гібрыдаў складаў штогод 24 тысячы тон насення эліты на суму больш за 24 мільёны рублёў. Створаны таксама новыя сарты ячменю піваварнага накірунку выкарыстання. Солад з зерня сорту Літвін адпавядае характарыстыкам найлепшых замежных сартоў і патрабаванням міждзяржаўных стандартаў для атрымання соладу вышэйшага класа. Гэты сорт можа цалкам замяніць усе замежныя піваварныя сарты ячменю.
Заўважу таксама, што на працягу многіх гадоў мы вядзём плённае супрацоўніцтва з Расіяй, Казахстанам, Літвой, Латвіяй, Польшчай, Германіяй, Венгрыяй, Эстоніяй. Нашаму збожжу даюць высокую ацэнку таксама ў Чэхіі, Балгарыі, Арменіі, Кыргызстане, Сербіі, Славакіі, Італіі, Францыі, Малдове, Іраку, Кітаі, Тунісе і г. д.
Я ўпэўнены, што дзякуючы далейшай планамернай дзейнасці беларускіх вучоных нам удасца ажыццявіць яшчэ шмат карысных праектаў і распрацаваць не адзін сорт збожжа, які будзе прызнаны найлепшым не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні.
Актуальна
Для забеспячэння ўнутранага рынку Беларусь з 1 верасня 2025 года на шэсць месяцаў уводзіць ліцэнзаванне вывазу яблыкаў
Адпаведную пастанову падпісаў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Тут патлумачылі, што вываз гэтай прадукцыі незалежна ад краіны яе паходжання за межы Беларусі будзе ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца МАРГ па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
Рашэнне аб магчымасці выдачы такой ліцэнзіі будзе прымацца ўпаўнаважанымі органамі зыходзячы з ацэнкі суадносін свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі ў Беларусі і патрэбы краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі.
Ва ўрадзе дадалі, што пастанова прынята ў мэтах забеспячэння ўнутранага рынку яблыкамі ў міжсезонны перыяд у поўным аб’ёме.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара Іванчыкава