Неад’емнае права на бацькоўскую любоў і клопат ёсць у кожнага дзіцяці. Права гэта прапісана ў міжнародных канвенцыях і канстытуцыях дзяржаў, але адносіцца, мабыць, да яшчэ больш высокай юрысдыкцыі: яно — ад Бога. А калі склалася так, што маленькі чалавек пазбаўлены бацькоўскай любові? На дапамогу можа прыйсці ўсынаўленне. Аднак гэта вельмі сур’ёзны крок. Як падрыхтавацца да ўсынаўлення, пра што падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы, мы спыталі ў дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяны Бялевіч.
— Таццяна Аляксееўна, давайце разбяромся з тэрмінамі. Што з юрыдычнага пункту гледжання азначае тэрмін «усынаўленне»?
— Згодна з заканадаўствам, усынаўленне — гэта заснаваны на судовым рашэнні юрыдычны акт, у сілу якога паміж усынавіцелем і ўсыноўленым узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж бацькамі і дзецьмі ў біялагічнай сям’і. Па сутнасці, гэта добраахвотнае прыняцце на сябе бацькоўскай ролі ў адносінах да чужога дзіцяці. Разам з тым у прыярытэце — нацыянальнае ўсынаўленне. Усынаўленне міжнароднае — з’ява рэдкая, паколькі наша мэта — каб беларускія дзеці заставаліся жыць у сваёй краіне. Увогуле, ключавы тэзіс, якім мы кіруемся ў дзейнасці, — «Кожнае дзіця павінна жыць у сям’і». Гэта глабальная місія датычыцца не толькі ўладкавання дзяцей у замяшчальныя сем’і, але і работы па прафілактыцы сямейнага недабрабыту. У ідэале кожнае дзіця павінна жыць у біялагічнай сям’і. Але, калі ўсё ж па нейкіх прычынах дзіця застаецца без бацькоўскага клопату, мы імкнёмся ўладкаваць яго на сямейныя формы выхавання. У рэспубліцы існуе некалькі форм сямейнага выхавання: усынаўленне (удачарэнне), апека (папячыцельства), прыёмная сям’я і дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Дзве апошнія формы ўяўляюць сабой інстытут так званага прафесійнага замяшчальнага бацькоўства, якому ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі — работнікі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі. Яны атрымліваюць зарплату, маюць працоўны стаж, а таксама працоўны водпуск.
— Усыноўленае дзіця мае права ведаць свае карані?
— Заканадаўства нашай краіны дае магчымасць захаваць таямніцу ўсынаўлення, але мы працуем над усвядомленасцю ўсынавіцеляў і грамадства ўвогуле, і людзі разумеюць: дзіця мае права ведаць свае карані. Як правіла, на ўсынаўленне ідзе невялікая колькасць дзяцей да года-двух, якія нічога не памятаюць аб кроўнай сям’і. У большасці ж выпадкаў гэта дзеці, якія прайшлі нялёгкі шлях, што не сцерці з памяці. Мы рэкамендуем усынавіцелям знайсці правільны падыход, каб паведаміць дзіцяці аб яго жыццёвым шляху. Расказваем, што псіхолагі нашага цэнтра нават могуць прысутнічаць пры такой размове. Дарэчы, найлепшы час для яе — узрост каля 10 гадоў.
— Наколькі папулярна ўсынаўленне ў нашай краіне? Сустракала інфармацыю, што жадаючых усынавіць дзіця ў Беларусі больш, чым дзяцей на ўсынаўленне...
— Гэта не зусім так, на жаль. Сапраўды, у лісце ўліку кандыдатаў ва ўсынавіцелі больш за 200 чалавек, якія «чакаюць сваё дзіця». Чаканне можа зацягнуцца на год і на два, бо ўсынавіцелі арыентуюцца на стэрэатып, што дзіця павінна быць зусім маленькім, каб яго мінулая гісторыя не замінала ў пабудове іх сям’і. З усіх кандыдатаў-усынавіцеляў 95 % мараць усынавіць дзіця да 6 гадоў, палова з іх мараць аб дзіцяці да 1-2 гадоў. А такіх у банку даных вельмі мала. І, вядома, сюды дабаўляецца пытанне здароўя дзіцяці — згодных усынавіць падлетка ці дзіця-інваліда няшмат.
Спецыялістам нашага цэнтра, праўда, удаецца часам пераканаць кандыдатаў ва ўсынавіцелі ссунуць узроставую планку дзіцяці хаця б да 5–6 гадоў. Між тым большасць дзяцей у рэспубліканскім банку даных дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што падлягаюць усынаўленню, — гэта падлеткі. Чаму так адбываецца? Дзіця не адразу пазбаўляецца біялагічнай сям’і. З праблемнымі сем’ямі працуюць спецыялісты, часам нават па некалькі гадоў. І ў банк даных дзіця трапляе ўжо ў дастаткова дарослым узросце. Тут на дапамогу прыходзіць рэсурс дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, апека (папячыцельства), патранат. Дзякуючы такім формам жыццеўладкавання, дзіця мае магчымасць атрымаць навыкі сацыялізацыі і сямейнага выхавання, каб у далейшым пабудаваць уласную сям’ю па правільных прынцыпах.
«Сярод усынавіцеляў — самыя звычайныя людзі»
— Які асноўны матыў у людзей, што адважыліся на ўсынаўленне?
— Асноўны матыў — гэта калі сямейная пара не можа мець дзяцей. Людзі хочуць рэалізавацца як бацькі, стаць паўнавартаснай сям’ёй. Ёсць тыя, хто дасягнуў кар’ерных вышынь і матэрыяльнага дастатку, але адчуваюць у душы незапатрабаваныя любоў і цеплыню, якімі
жадаюць падзяліцца. Гэтыя людзі часам ідуць на ўсынаўленне падлетка або дзіцяці з праблемамі са здароўем. Аднак такіх сярод усынавіцеляў не больш за 5 %.
— Наколькі тыя, каго ўсынаўляюць, а таксама кроўныя дзеці ўсынавіцеляў могуць паўплываць на сітуацыю ўсынаўлення?
— Калі ідзе працэс усынаўлення, у біялагічных альбо ўсыноўленых дзяцей усынавіцеляў пытаюць іх меркаванне. Дзеці нараўне з бацькамі праходзяць псіхалагічную дыягностыку. Суддзя, прымаючы рашэнне, мае заключэнне псіхолага: як дзеці рэагуюць на з’яўленне ў сям’і яшчэ аднаго чалавека. І калі рэакцыя негатыўная, суд у сукупнасці іншых фактараў можа прыняць рашэнне аб адмове ва ўсынаўленні. Што ж датычыцца дзяцей, у адносінах да якіх разглядаецца пытанне аб усынаўленні, пачынаючы з 10 гадоў іх меркаваннем цікавяцца, і, магчыма, яно будзе ключавым у прыняцці рашэння судом.
Станоўча зарэкамендаваў сябе правераны інструмент, які дазваляе актывізаваць сямейнае жыццеўладкаванне дзяцей-сірот — рэспубліканскі інфармацыйны партал dadomu.by.
За больш чым 10 гадоў працы кожнае трэцяе дзіця, анкета якога размешчана на партале, было ўладкавана ў сям’ю. З 10-гадовага ўзросту дзіця дае згоду (нязгоду) на размяшчэнне інфармацыі аб ім на партале. І дзеці часам адмаўляюцца. У дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых гарадках і вёсках у іх ёсць сябры, круг зносін, створаны ўсе матэрыяльныя, псіхалагічныя, бытавыя ўмовы. І калі, дапусцім, праз 2-3 гады яны атрымаюць пашпарт і стануць дарослымі, навошта ім прывыкаць да новай сям’і?
— Якія патрабаванні прад’яўляюцца да кандыдатаў: жыллёвыя ўмовы, матэрыяльны дастатак, узрост?..
— Ёсць нарматыўна-прававыя акты, якія рэгламентуюць гэтыя пытанні. Крытэрыі дакладныя, але яны невысокія па парозе. Сярод усынавіцеляў — людзі самыя звычайныя: касіры ў крамах, працаўнікі заводаў, работнікі сельгаспрадпрыемстваў, інжынеры, бухгалтары... Калі вы працаздольны і адказны чалавек без псіхічных захворванняў і шкодных звычак, у вас ёсць усе магчымаці стаць усынавіцелем.
— Колькі часу праходзіць з моманту, калі чалавек прымае рашэнне аб усынаўленні, і да моманту, калі ён становіцца ўсынавіцелем?
— Падрыхтоўка дакументаў доўжыцца каля трох месяцаў. Чалавек звяртаецца ва ўпраўленне адукацыі па месцы жыхарства. Спецыяліст апекі расказвае пра ўсе формы сямейнага ўладкавання, кансультуе аб той форме, якая цікавіць грамадзяніна. Выдае пералік дакументаў, якія трэба сабраць, запісвае чалавека ў групу падрыхтоўкі кандыдатаў-усынавіцеляў пры сацыяльна-педагагічным цэнтры раёна. Нацыянальны цэнтр усынаўлення таксама рыхтуе кандыдатаў ва ўсынавіцелі. У межах праграмы падрыхтоўкі праводзяцца юрыдычныя кансультацыі, псіхалагічная дыягностыка, па яе выніках — карэкцыйныя заняткі. Спецыялісты расказваюць аб рызыках, тонкасцях узроставай псіхалогіі. Наш прынцып — сумленна папярэджваць аб усіх сітуацыях, якія могуць узнікнуць пры выхаванні чужога дзіцяці. У тэорыі ўсе думаюць: проста буду любіць як свайго. Але ж, каб па-сапраўднаму палюбіць чужое дзіця, іншым разам патрабуецца працяглы час. Адаптацыя адбываецца ва ўсіх, і не заўсёды хутка.
— Як праходзіць знаёмства ўсынавіцеляў і дзіцяці?
— Знаёмства — правільнае слова. Мы не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме. Калі падыходзіць чарга кандыдата, старшыя інспектары па ахове дзяцінства Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення прапануюць анкеты тых дзяцей, якіх на дадзены момант можна ўсынавіць. Калі кандыдат-усынавіцель выказвае згоду на сустрэчу з канкрэтным дзіцем, яму выдаецца накіраванне, ён едзе ў тую ўстанову, дзе знаходзіцца дзіця. Знаёмства адбываецца ў прысутнасці спецыялістаў. Калі ўсё складваецца паспяхова, бацькі даюць згоду на ўсынаўленне і праходзяць усе ўстаноўленыя заканадаўствам юрыдычныя працэдуры.
«Правільны матыў — жаданне дарыць цеплыню і клопат, нягледзячы ні на што»
— Ці бывае, што ўсыноўленае дзіця бацькам так і не ўдалося палюбіць?
— Бывае. Бывае і адваротны варыянт: дзіця не змагло прывязацца да ўсынавіцеляў. Але такія выпадкі рэдкія. Да гонару нашага грамадства хачу сказаць: беларусы — адказныя, спагадлівыя людзі, і выпадкі адмены ўсынаўлення ў нас сапраўды адзінкавыя.
— Чаму яны ўсё ж здараюцца?
— Часам бацькі не спраўляюцца з дыягназам дзіцяці: некаторыя дыягназы патрабуюць сур’ёзных матэрыяльных і фізічных выдаткаў. Але бацькі не застаюцца сам-насам з праблемамі. Дзяржава прадастаўляе і педагагічную падтрымку, і сацыяльную, і медыцынскую, і матэрыяльную. Так, да 16 гадоў на ўсыноўленае дзіця па заяве ўсынавіцеля выплачваецца штомесячная дапамога (сёння яна складае каля 500 рублёў). Наладжана сістэма сацыяльна-педагагічных цэнтраў, якія аказваюць комплексную псіхолага-педагагічную падтрымку па любой праблеме. Але больш частая прычына адмены ўсынаўлення — класічная неадпаведнасць «чаканне — рэальнасць». Пераацэнка сваіх сіл. Усынавіцель прымае трохгадовага «анёла», а праз 10 гадоў той становіцца яршыстым падлеткам. Калі гэта біялагічнае дзіця, максімум што мы можам сказаць — «татавы гены». А калі ўсыноўленае, закрадаецца думка: «Гэта гены яго асацыяльных бацькоў». Педагогі-псіхолагі працуюць з такімі сем’ямі і ў многіх выпадках адводзяць іх ад няправільнага рашэння, наладжваюць паразуменне ў бацькоўска-дзіцячых адносінах. Хачу падкрэсліць, што дзеці, за плячыма якіх няпросты вопыт жыцця ў біялагічнай сям’і — больш эмпатычныя, чым тыя, у каго з самага пачатку ўсё было добра. Яны схільны цаніць дабро і спагаду. Усыноўленае дзіця хутчэй, чым кроўнае, даруе маці, нават калі яна ў нейкі момант сарвецца.
— А наколькі важная генетыка?
— Важная. Але сацыяльны аспект адыгрывае непараўнальна больш значную ролю. Генетыка — гэта нават не 50 % таго, якім вырасце чалавек, а значна менш. Калі дзіця трапляе ў сям’ю, дзе яго выхоўваюць з любоўю і клопатам, то становіцца добрым чалавекам і паўнавартасным грамадзянінам.
— Каму б вы не раілі ўсынаўляць дзіця?
— Людзям, якія дакладна не вызначыліся, для чаго ім гэта трэба. У некаторых выпадках сапраўдныя матывы хаваюцца ўсынавіцелямі. Пераважна таму, што ўсынавіцель усведамляе: з такім матывам яму ніхто дзіця не аддасць. А часам чалавек і сам не ўсведамляе, што ім кіруе. Да такіх матываў адносяцца: жаданне захаваць сям’ю, утрымаць мужа (жонку); самазацвердзіцца ў вачах навакольных; атрымаць сацыяльную павагу за добры ўчынак; пазбавіцца ад комплексу непаўнавартаснасці (у прафесіі я адбылася, замуж выйшла, а вось у пытанні бацькоўства — прочырк). За кожным з гэтых матываў стаіць чаканне, што ўсынаўленне дапаможа вырашыць праблему і адчуць сябе шчаслівым. Але спробы вырашыць такія праблемы ўсынаўленнем, як паказвае вопыт, асуджаны на няўдачу, бо корань — не ў адсутнасці дзяцей, а ў асобе ўсынавіцеля або яго ўнутрысямейных адносінах. Пакуль вы не разбярэцеся ў сваіх праблемах, пабудаваць паўнавартасную сям’ю, дзе шчаслівыя і бацькі, і дзіця, не атрымаецца. Правільны матыў усынаўлення — жаданне дарыць цяпло душы, любоў і клопат, нягледзячы ні на што. І, на шчасце, гэта самы распаўсюджаны матыў людзей, якія звяртаюцца да нас.
Аляксандра Анцэлевіч