Мерапрыемства адбылося на базе аддзялення Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД). У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі абласнога і мясцовых Саветаў дэпутатаў, эксперты БІСД, лідары маладзёжных арганізацый, аналітыкі і моладзь, якая працуе на вядучых прадпрыемствах і ў арганізацыях рэгіёна.
Абмеркаванне адбылося ў рамках сацыялагічнага даследавання «Аб жыццёвых стратэгіях працоўнай моладзі Гродзенскай вобласці». Дыялогавая пляцоўка стала заканамерным працягам даследчай працы.
У даследаванні ўдзельнічалі больш за 2000 рэспандэнтаў. Яго вынікі ляглі ў аснову абмеркавання найважнейшых вектараў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Асаблівая ўвага ўдзялялася маладым сем’ям, працаўладкаванню, а таксама пытанням грамадзянскага і патрыятычнага выхавання.
Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта адзначыла, што на Гродзеншчыне дэпутаты ўдзяляюць шмат увагі моладзі:
— Наша місія заключаецца ў фарміраванні ўмоў для ўзаемадзеяння і ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці краіны. Размова дае магчымасць адкрыта прадставіць ідэі, якія могуць быць рэалізаваны на Гродзеншчыне. Мы разумеем, што моладзь — гэта ключавы рэсурс, ад якога залежыць будучыня дзяржавы. Меркаванні маладых людзей улічваюцца, іх пажаданні вітаюцца, а ініцыятывы падтрымліваюцца.
Сяргей Валчкевіч, аналітык Гродзенскага аддзялення БІСД, падкрэсліў, што ў нашай краіне работа з моладдзю заўсёды была і будзе прыярытэтным кірункам:
— Удзельнікамі дыялогу стала актыўная моладзь рэгіёна. Нам цікава паслухаць іх меркаванне аб рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў Беларусі. Мы атрымалі вынікі даследавання, на іх аснове выбудавалі адносіны па ключавых аспектах, звязаных з сямейнымі каштоўнасцямі, самарэалізацыяй і працоўнай дзейнасцю.
- Маладыя людзі актыўна ўключаліся ў дыялог, дзяліліся сваімі думкамі. Спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Марыя Шмыгіна зазначыла, што ў Беларусі моладзь атрымлівае значную падтрымку, а такія мерапрыемствы паказваюць, што меркаванне кожнага мае значэнне, што маладых людзей чуюць, аказваюць дапамогу.
— У Зэльвенскім раёне я займаюся грамадзянскай ініцыятывай па ўвекавечанні памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя ўлады актыўна падтрымалі маю ідэю, і мы цяпер працуем над стварэннем помніка каля дарогі Р-99, дзе праходзілі важныя стратэгічныя бітвы ў гады вайны.
Мацвей Лянцэвіч, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і супрацоўнік хуткай медыцынскай дапамогі, упэўнены, што беларуская моладзь валодае велізарным патэнцыялам і мноствам яркіх ідэй.
— У Беларусі ініцыятыўная і прадпрымальная моладзь. Маладыя людзі, якія валодаюць ведамі ў розных галінах — ад навукі і тэхналогій да мастацтва, — аб’ядноўваюцца для абмену ідэямі і супрацоўніцтва. Гэты рух становіцца ўсё больш прыкметным і значным, спрыяючы развіццю грамадства і краіны ў цэлым. Дыялогавая пляцоўка — гэта яркі прыклад такога ўзаемадзеяння. Яна аб’яднала прадстаўнікоў розных людзей, ствараючы прастору для адкрытага абмеркавання актуальных пытанняў і пошуку канструктыўных рашэнняў. Тут маладыя людзі маглі прадставіць свае ідэі, атрымаць зваротную сувязь ад больш вопытных калег і наладзіць карысныя кантакты для далейшага развіцця.
Падобныя ініцыятывы адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні актыўнай грамадзянскай супольнасці, дзе кожны чалавек мае магчымасць зрабіць свой унёсак у агульную справу. Яны спрыяюць развіццю крытычнага мыслення, крэатыўнасці і лідарскіх якасцяў у моладзі, што асабліва важна ва ўмовах хутка зменлівага свету.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ