Top.Mail.Ru

Гатоўнасць школ да новага навучальнага года і разнастайнасць школьнага асартыменту — у полі зроку парламентарыяў

Асаблівая ўвага — бяспецы і даступнасці

Ці хопіць на ўсіх прыгожых касцюмаў дзелавога стылю, афіцыйнага і спартыўнага абутку, сшыткаў, вокладак, ручак, пэндзляў і іншых атрыбутаў школьніка, правяраюць і парламентарыі. Асаблівую ўвагу члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў удзяляюць гатоўнасці школ да новага навучальнага года непасрэдна на месцах.

Усё для навучання і выхавання

Увага парламентарыяў скіравана як на гарадскія, так і сельскія навучальныя ўстановы. Напрыклад, член Савета Рэспублікі Андрэй КРЫВАНОСАЎ напярэдадні Дня ведаў наведаў Сасноваборскую сярэднюю школу і Светлагорскую сярэднюю школу № 11, якія, па яго словах, ззяюць свежасцю і чысцінёй.

«Да 1 верасня ў школах правялі капітальны рамонт: змяніліся навучальныя аўдыторыі, лабараторыі, спартыўныя залы, абнавіліся фасады, — канкрэтызаваў Андрэй Крываносаў. — У кожным кабінеце да работы гатова новае абсталяванне, а школьныя дошкі ўпрыгожваюць прывітальныя надпісы і віншаванні для вучняў».

  • Асаблівую ўвагу сенатар удзяліў кадраваму патэнцыялу школ. Ён распавёў, што ў Сасноваборскай школе захоўваюцца і прымнажаюцца найлепшыя традыцыі калектыву. «Яскравы доказ — неверагодна высокі працэнт настаўнікаў, якія з’яўляюцца тутэйшымі выпускнікамі, — падкрэсліў член Савета Рэспублікі. — Да 85 % педагогаў некалі самі сядзелі за партамі ў гэтых сценах, а сёння яны навучаюць новыя пакаленні дзяцей».

У новым навучальным годзе Сасноваборская сельская школа расчыніць свае дзверы для 190 вучняў. Сярод іх — 18 першакласнікаў. Сустракаць хлопчыкаў і дзяўчынак будзе дружная каманда з 28 педагогаў, гатовых весці сваіх падапечных да новых ведаў і дасягненняў.

«Абедзве школы чакаюць сваіх вучняў — будучых актывістаў, спартсменаў і выдатнікаў, — рэзюмаваў Андрэй Крываносаў. — Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці маглі атрымліваць якасную адукацыю і ўсебакова развівацца. Але галоўнае, што ў школах працуюць настаўнікі, для якіх прафесія стала прызваннем. Такія спецыялісты — асноўная каштоўнасць айчыннай сістэмы адукацыі».

Падчас работы ў сваёй Мазырскай выбарчай акрузе № 42 дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аксана КАВАЛЬКОВА наведала шэраг устаноў адукацыі раёна, ацаніўшы іх гатоўнасць да новага навучальнага года. Дэпутат адзначыла праведзеную маштабную работу, у выніку якой створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання і развіцця дзяцей.

27-13 копия.jpg

«Да пачатку навучальнага года ў школах абноўлены навучальныя класы, спартыўныя залы, сталовыя, іншыя памяшканні, — канстатавала Аксана Кавалькова. — Асобная ўвага была ўдзелена рамонту дахаў, сістэм ацяплення і электразабеспячэння. Каб зрабіць навучальны працэс больш цікавым і эфектыўным, набыты новая навучальная літаратура, сучасныя камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі, іншае неабходнае абсталяванне. Узмоцнены меры бяспекі: устаноўлены сістэмы відэаназірання, абноўлены супрацьпажарныя сістэмы. Прыведзены ў парадак прылеглыя тэрыторыі, спартыўныя пляцоўкі, створаны зоны адпачынку для вучняў. Асаблівая ўвага ўдзелена стварэнню ўмоў для інклюзіўнай адукацыі, каб кожнае дзіця незалежна ад сваіх асаблівасцяў магло атрымаць якасную адукацыю і развівацца ў камфортным асяроддзі».

Па словах парламентарыя, педагагічныя калектывы школ з энтузіязмам рыхтуюцца да сустрэчы з вучнямі, распрацоўваюць новыя адукацыйныя праграмы і методыкі, каб зрабіць навучальны працэс больш цікавым і эфектыўным. Дэпутат адзначае высокі ўзровень падрыхтоўкі асобных устаноў, творчы падыход педагагічных калектываў да арганізацыі адукацыйнага працэсу і актыўны ўдзел бацькоў у падрыхтоўцы да навучальнага года

У ходзе наведвання школ Аксана Кавалькова ўнесла шэраг прапаноў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў навучання і выхавання навучэнцаў, працы работнікаў. Прапановы і заўвагі прагучалі і ў адказ.

«Для мяне вельмі важны прамы дыялог з тымі, хто кожны дзень працуе на перадавой нашай адукацыі — з педагогамі і кіраўнікамі, — звяртае ўвагу дэпутат. — Іх прапановы — не абстрактныя ідэі, а рэальныя шляхі вырашэння набалелых праблем. Усе агучаныя прапановы і заўвагі будуць прааналізаваны, вынесены на абмеркаванне ў рамках профільных ведамстваў для пошуку механізмаў іх рэалізацыі. Наша агульная задача — стварыць для падрастаючага пакалення ўмовы для атрымання якаснай адукацыі і гарманічнага развіцця асобы».

Адзенне і канцылярыя — усім па кішэні

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Пухавіцкай выбарчай акрузе № 65 Алена ПАРХІМЧЫК ажыццяўляла маніторынг школьнага асартыменту ў гандлёвых аб’ектах Старадарожскага раёна, які разам з часткай Слуцкага таксама ўваходзіць у зону яе адказнасці. Найперш парламентарыя хвалявала разнастайнасць тавараў, якія задавальняюць патрэбы кожнага пакупніка.

27-15 копия.jpg

«Крамы прапануюць шырокі выбар: пачынаючы ад канцтавараў і заканчваючы адзеннем, аксесуарамі, — расказвае дэпутат. — Цэнавы дыяпазон прымальны для людзей з розным узроўнем дастатку, што дазваляе кожнай сям’і знайсці ідэальныя рашэнні для падрыхтоўкі сваіх дзяцей да новага навучальнага года. Вялікі выбар тавараў айчыннай вытворчасці выдатнай якасці і дызайну. У нас ёсць усё неабходнае, каб зрабіць пачатак навучальнага года камфортным і радасным для ўсіх».

Азнаёмілася Алена Пархімчык і з гатоўнасцю да новага навучальнага года шэрагу школ, якія знаходзяцца ў выбарчай акрузе. Для былога галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Пухавіцкага раёна падобнае мерапрыемства не ў навінку. Дзякуючы папярэдняму вопыту, дэпутат добра ведае, з якімі праблемамі сутыкаюцца школы напярэдадні чарговага 1 верасня.

«Праведзены рамонтныя мерапрыемствы, абнаўленне школьнай мэблі, абсталявання, задзейнічанага ў навучальным працэсе, — канкрэтызуе парламентарый. — У прыватнасці, у гімназіі горада Старыя Дарогі заменены агароджа, уваходная група, разбіты прыгожыя сучасныя клумбы. Літаральна на ўваходзе ва ўстанову адукацыі і ў школьнікаў, і ў настаўнікаў будзе панаваць святочны настрой».

Пры наведванні школ найперш дэпутат звяртае ўвагу на стварэнне бяспечнага асяроддзя для навучэнцаў. «Асаблівая ўвага ўдзяляецца асвятленню ў класах, падбору мэблі згодна з індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці — усё для таго, каб, наведваючы ўрокі, школьнікі не толькі атрымлівалі веды, а і захоўвалі сваё здароўе, — адзначае Алена Пархімчык. — Праводзіцца кантроль харчблокаў: наколькі эфектыўна працуюць абсталяванне, вентыляцыйная сістэма, наяўнасць дастатковай колькасці сталоў, крэслаў, посуду, тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання».

Дэпутат падкрэслівае, што ў ходзе маніторынгу праблемных момантаў не было выяўлена. Шчыльнае ўзаемадзеянне навучальных устаноў з раённымі органамі ўлады дазваляе не чакаць падрыхтоўчых мерапрыемстваў да новага навучальнага года, а вырашаць праблемы па меры іх паступлення.

Падчас маніторынгу коштаў і асартыменту школьнай формы ў адным з гандлёвых цэнтраў Кобрына член Савета Рэспублікі Аляксандр ПІШЧ быў здзіўлены разнастайнасцю швейных вырабаў для дзяцей школьнага ўзросту, а таксама невысокімі цэнамі на іх.

27-16 копия.jpg

«У адной краме можна набыць як абутак і адзенне для школьнікаў, так і канцылярскія прыналежнасці, — заўважыў сенатар. — Да таго ж тут рэгулярна праводзяць акцыі, аб’яўляюць зніжкі».

Для параўнання Аляксандр Пішч наведаў сельскую краму ў вёсцы Верхалессе, у якой, па словах парламентарыя, прапануецца шырокі асартымент харчовых і нехарчовых тавараў. Безумоўна, ёсць тут і школьны асартымент. «Вельмі важна, каб і ў сельскай мясцовасці людзі мелі магчымасць рабіць для сябе неабходныя пакупкі, не выязджаючы для гэтага ў горад», — адзначыў сенатар.

Нядорага, выгадна і зручна

Член Савета Рэспублікі Ігар СЯРГЕЕЎ правёў маніторынг цэн і асартыменту школьнага адзення ў Касцюковіцкім раёне. Сенатар падкрэсліў, што пытанне забеспячэння навучэнцаў школьным адзеннем і канцылярскімі прыладамі застаецца актуальным для бацькоў і іх дзяцей.

27-14 копия.jpg

«На парозе — новы навучальны год, і школьнікі павінны быць цалкам падрыхтаваны да навучальнага працэсу, — лічыць парламентарый. — Асартымент тавараў і іх цэнавы дыяпазон вар’іруецца ў залежнасці ад вытворцаў, складу і ўзроставай катэгорыі. У наяўнасці ёсць усё: штаны і пінжакі, спадніцы і жакеты, сукенкі, сарафаны, камізэлькі. На леташнія мадэлі прадугледжаны зніжкі. Немалаважна, што вытворцы ўлічваюць каляровую гаму: чорны ці цёмна-сіні колер у залежнасці ад запыту ўстаноў адукацыі».

Па назіранні сенатара, пакупнікі аддаюць перавагу школьнаму адзенню з натуральных тканін беларускай вытворчасці. «На тэрыторыі раёна можна падрыхтаваць дзяцей да школы без неабходнасці выезду ў абласны цэнтр», — лічыць Ігар Сяргееў.

Чарговы маніторынг цэн і асартыменту школьных тавараў у родным Гомелі правяла дэпутат па Гомельскай-Прамысловай акрузе № 35 Анжэліна СЫРАМЯТНІКАВА. Парламентарый нагадала, што галоўная мэта такой ініцыятывы — стварыць умовы для таго, каб кожнае дзіця мела магчымасць атрымаць базавы школьны набор і з радасцю пачаць навучальны год незалежна ад фінансавага становішча сям’і.

27-12 копия.jpg

«Патрабаванні да школьнай формы на 2025 год засталіся ранейшымі: дзелавы стыль, спакойныя колеры і адпаведнасць узросту вучняў, — праінфармавала дэпутат. — Па выніках маніторынгу ў найбуйнейшым гандлёвым цэнтры Гомеля „Мандарын Плаза“ магу ўпэўнена сказаць, што вытворцы значна прасунуліся наперад, прапаноўваючы сучасную і зручную форму. Кошты на адзенне вар’іруюцца ў залежнасці ад брэндаў, матэрыялаў і ўзроставых груп. Пры гэтым прадаўцы адзначаюць, што менавіта цана адыгрывае вырашальную ролю пры выбары пакупнікоў».

Набываючы школьны партфель першакласніку для ўдзелу ў акцыі «Збяром партфель школьніку», парламентарый удакладніла кошты на ранцы і іх змесціва. Так, кошт партфеля вар’іруецца ад 30 да 150 рублёў. Сярэдні чэк за змесціва паводле абавязковага пераліку — 70–130 рублёў.

«Цяпер у навучэнцаў і іх бацькоў ёсць магчымасць набыць усё неабходнае да школы ў адным месцы, каб сэканоміць час і сілы на пошукі, — зрабіла ў выніку маніторынгу і зносін з пакупнікамі выснову Анжэліна Сырамятнікава. — У нашым горадзе працуюць школьныя кірмашы на Цэнтральным рынку, у мінулую нядзелю адбыўся вялікі школьны кірмаш побач з супермаркетам „Алмі“, асаблівасцю якога стала рэалізацыя тавараў наўпрост ад вытворцаў без пасярэднікаў».

Дэпутат мае намер і далей сачыць за сітуацыяй з цэнамі і асартыментам, садзейнічаць развіццю любых разумных ініцыятыў, накіраваных на тое, каб зрабіць працэс падрыхтоўкі да школы даступным, зручным і выгадным для ўсіх катэгорый сем’яў.

Вераніка КАНЮТА

Фота дадзена героямі публікацый

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю