Top.Mail.Ru

Правядзенне ў жніўні свят вёскі на Расоншчыне стала добрай традыцыяй

26.08.2025 | 19:03
Маё сяло, ты песня і легенда

Гэта той летні месяц, калі падворкі поўняцца людзьмі. Ужо зладзілі фэсты аграгарадкі Клясціцы і Сяляўшчына. А Янкавічы сабралі аднасяльчан на ўрачыстасць пад паэтычнай назвай «Маё сяло — ты песня і легенда».

Добрае слова аб тутэйшых работніках вёскі і ветэранах працы сказаў старшыня Расонскага раённага Савета дэпутатаў Генадзь ФЁДАРАЎ. З яго рук падзяку атрымала старэйшына вёскі Ганна Пазнякова. Само мерапрыемства праводзілася ў актавай зале Янкавіцкага клуба-бібліятэкі (падстрахаваліся на выпадак бясконцых дажджоў), але на тэрыторыі размясціліся атракцыёны і гандаль.

Надвор’е выпала сонечнае і цёплае, быццам спрыяла добразычлівай атмасферы свята. Работнікі ўстановы культуры падзякавалі вяскоўцам за нялёгкую працу на зямлі, успомнілі добрым словам не толькі работнікаў нівы, але і мясцовага лясніцтва, гандлю, медыцыны, ветэранаў працы, маладыя сем’і, якія засталіся жыць і працаваць у вёсцы, тых, хто ўзорна трымае свае дамы і прысядзібныя тэрыторыі, а таксама шматлікіх юбіляраў.

Добрыя словы і пажаданні чаргаваліся з творчымі нумарамі работнікаў клуба-бібліятэкі і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. На высокім узроўні выконваў песні Станіслаў Казлоў, якога ў нас называюць не інакш як залатым голасам Расоншчыны. Радуе, што ён пражывае ў вёсцы Янкавічы. Не засталіся ў пазыцы перад вяскоўцамі і гасцямі свята ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Крыніца», які ў сёлетнім сакавіку адзначыў 25-гадовы юбілей з дня прысваення высокага звання «народны». Нязменным кіраўніком гэтага калектыву з’яўляецца Надзея Кавалёва. Прыемна здзівіла прысутных удзельніца «Крыніцы» Любоў Паўлава, якая па-майстэрску выконвала ў песнях бадзёры свіст. Давялося і аўтару гэтых радкоў прамовіць сваё вершаванае слова:

«У любові табе прызнаюся,

Дарагая навекі зямля.

Да цябе ўсёй душою хінуся —

Ты з маленства калыска мая...»

Урачыстая частка свята завяршылася танцамі «падэспань» і «зялёная дуброва». Тут ужо прыйшлося і старшыні райсавета выйсці ў агульны круг тых, хто танцуе. На тэрыторыі клуба-бібліятэкі жыхары і госці вёскі мелі магчымасць пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам мясцовых гаспадынь і пакаштаваць сапраўднай юшкі. Вячэрнія мерапрыемствы пад кіраўніцтвам загадчыцы Янкавіцкага клуба-бібліятэкі Алены Хамчаноўскай працягнуліся гульнямі і дыскатэкай. Урачыстасць яшчэ раз паказала, што ў вёсцы жыццё працягваецца, там пануе атмасфера творчасці, адзінства і гонару за сваю малую радзіму.

Аляксандр Матошка,

в. Янкавічы, Расонскі раён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю