У ведамстве канстатавалі працяг паскарэння гадавой інфляцыі: у ліпені прырост індэкса спажывецкіх цэн (ІСЦ) у гадавым выражэнні склаў 7,4 % супраць 7,3 % месяцам раней. Да снежня мінулага года прырост ІСЦ склаўся на ўзроўні 5,6 %, да папярэдняга месяца — 0,2 %.
Рэгулятар звяртае ўвагу на той факт, што па выніках справаздачнага месяца гадавая інфляцыя ў Беларусі склалася ніжэйшай, чым у Расіі (дзе яна 8,94 %), Казахстане (11,8 %), Кыргызстане (8,8 %).
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што з усіх краін еўразійскай «пяцёркі» самы нізкі гадавы прырост ІСЦ у Арменіі — 3,4 %. Гэта значыць, наш узровень інфляцыі перадапошні сярод удзельніц ЕАЭС.
Што паўплывала на паскарэнне інфляцыйных працэсаў?
Як адзначаецца ў аналітычнай інфармацыі МАРГ, асноўны ўплыў на паскарэнне гадавой інфляцыі аказала павелічэнне ў параўнанні з папярэднім месяцам укладу тарыфаў на паслугі — на 0,13 працэнтнага пункта да 1,92 %. Уклад на харчовыя тавары скараціўся на 0,05 працэнтнага пункта да 4,39 %, уклад на нехарчовыя тавары — на 0,01 працэнтнага пункта да 1,10 %.
Найбольшы ўклад у гадавую інфляцыю забяспечылі цэны на мяса-малочную прадукцыю, каву і кандытарскія вырабы, плодаагароднінную прадукцыю, прадукцыю грамадскага харчавання, а таксама тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.
- У прыватнасці, у ліпені ў адносінах да папярэдняга месяца адзначаецца павелічэнне індэксаў цэн на малако і малочныя прадукты (на 0,3 %), а таксама мяса і мясапрадукты (на 1 %) з прычыны павышэння адпускных цэн вытворцамі; кандытарскія вырабы (на 1,5 %); яблыкі (на 8,4 %), каву (на 3,6 %), рыбу і рыбапрадукты (на 0,51 %) з прычыны росту цэн імпарту.
Разам з тым варта сказаць і пра тое, што ў ліпені ў адносінах да папярэдняга месяца адзначалася сезоннае зніжэнне індэкса цэн на плодаагароднінную прадукцыю (на 5,3 %). Больш за ўсё патаннелі капуста белакачанная (на 32,7 %), агуркі свежыя (на 26,5 %), памідоры свежыя (на 16,3 %) і бульба (на 5 %).
У МАРГ нагадалі, што ў ліку мер, якія перашкаджаюць росту цэн, дзейнічае сістэма іх рэгулявання на тавары практычна ўсяго спажывецкага кошыка — як айчынныя, так і імпартныя (гэта вядомая пастанова ўрада № 713). Таксама на ІІ паўгоддзе бягучага года прадоўжана магчымасць атрымання сацыяльнай скідкі на пэўныя групы сацыяльна значных тавараў пенсіянерам, інвалідам, бацькам (законным прадстаўнікам), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, шматдзетным сем’ям, малазабяспечаным слаям насельніцтва ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Не варта скідаць з рахункаў і кантрольную дзейнасць ведамства. Так, за перыяд са студзеня да ліпеня ў сферы кантролю за цэнаўтварэннем МАРГ устаноўлены парушэнні ў 149 суб’ектаў гаспадарання; выдадзена 46 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў; прыменены меры адміністрацыйнай адказнасці і прафілактычнага характару ў дачыненні да 242 вінаватых асоб; штрафныя санкцыі па разгледжаных адміністрацыйных справах склалі больш за 255 тысяч рублёў (у тым ліку па матэрыялах мінулых гадоў).
У тэму
Рост ВУП у Беларусі склаў 1,3 % у студзені — ліпені 2025-га пасля 2,1 % за студзень — чэрвень (з разліку год да года)
— Рост фарміруюць сектары, арыентаваныя на ўнутраны попыт, — адзначаюць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця ў сваім штотыднёвым макрааглядзе. — Рознічны тавараабарот павялічыўся на 8,6 % (год да года), тавараабарот грамадскага харчавання — на 5,1 %. Устойлівы рост захоўваецца ў будаўніцтве і інвестыцыях (9,9 % і 13,6 % адпаведна).
На думку аналітыкаў, негатыўны ўплыў на дынаміку ВУП аказала зніжэнне выпуску прамысловасці на 0,3 % за студзень — ліпень на фоне скарачэння аб’ёмаў экспарту і росту запасаў гатовай прадукцыі.
— Таксама на 12,7 % знізіўся выпуск у сельскай гаспадарцы, што звязана з больш познімі тэрмінамі ўборкі ўраджаю, — адзначаецца ў аглядзе.