Калі Францыск Скарына выдаў свой «Апостал» у Вільні ў 1525 годзе, то кніга магла патрапіць у Ліду. Горад на той час ужо быў уключаны ў актыўныя гандлёвыя шляхі і меў кантакты з тагачаснай Вільняй. Кніга, як бы цяпер сказалі, была прызначана для шырокага кола чытачоў.
У прынцыпе Скарына і думаў пра людзей, якім нёс святло веры і асветы..
І вось праз 500 гадоў мы згадваем пра адно з адметных выданняў нашага першадрукара, у тым ліку падчас Дня беларускага пісьменства, што пройдзе ў Лідзе 6 і 7 верасня. Гэта не адзіная адметная дата, якая надае сёлетняму святу асаблівы сэнс, бо літаратараў і кнігавыдаўцоў асабліва натхняе 80-годдзе Перамогі. У Лідзе прадставяць кнігі самага рознага зместу для аўдыторыі з рознымі зацікаўленасцямі.
Кожны горад, куды прыязджае свята, дадае яму сваю аўру. Лідскі замак — як напамін пра тую старажытнасць, дзе былі ў тым ліку вытокі нашай дзяржаўнасці. Варта чакаць, што ўрачыстасці, якія традыцыйна адбываюцца падчас свята, будуць прасякнуты гісторыяй Лідскага краю — з ёю нават збіраюцца пазнаёміць гасцей, арганізаваўшы адмысловы турыстычны тур, каб наведаць найбольш адметныя мясціны раёна. Яшчэ гістарычны акцэнт — інтэлектуальныя «Лідскія чытанні», таму што важна злучыць гісторыю з цяперашнім часам. Што ўжо разважаць пра тое, з якім настроем сёлета будуць атрымліваць свае ўзнагароды лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі, імёны якіх звычайна называюць перад шырокай аўдыторыяй. Фестываль кнігі і прэсы — таксама вельмі жывая традыцыя, бо калі свята асветы едзе ў горад, то кніга як найбольш яркі яго сімвал павінна ісці «ў народ». То-бок усе кніжныя навінкі айчынных выдавецтваў, а таксама выданні, што прымеркаваны непасрэдна да Дня беларускага пісьменства, павінны быць прадстаўлены.
З чым збіраецца ў Ліду «Выдавецкі дом «Звязда», расказвае намеснік дырэктара Святлана Ганцарэвіч:
— Адмыслова для сёлетняга свята беларускага пісьменства мы падрыхтавалі дзіцячую кнігу «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі». Выданне адметнае тым, што знаёміць з гісторыяй Лідскага краю, яе славутасцямі і асаблівасцямі сучаснага жыцця. Дзеці вучацца разумець сваю малую радзіму праз ілюстрацыі і фотаздымкі, віктарыны, крыжаванкі, размалёўкі... Кожны першакласнік Лідчыны атрымае гэту кнігу ад нас у падарунак. Але ў «Выдавецкага дома «Звязда» наогул каля 400 кніг для дзяцей і для дарослых — багаты выбар на любы інтарэс і густ: ад мастацкіх да грамадска-палітычных як выданне «Время выбрало», якое выйшла тыражом у 5000 экзэмпляраў. Вядома, прадставіць усю палітру прадукцыі ў Лідзе будзе складана, але на стэндзе «Выдавецкага дома «Звязда» можна будзе пазнаёміцца з найбольш адметнымі і папулярнымі кнігамі, набыць іх у сваю бібліятэку як падарункі для дарослых і дзяцей. Дарэчы, у нас ёсць серыя «Школьная бібліятэка класікі». Гэта кнігі, якія раяць для пазакласнага чытання вучням другога, трэцяга і чацвёртага класаў. Яны вельмі актуальныя на пачатку навучальнага года, што ацэняць клапатлівыя бацькі. Вядома, падчас свята кожнае выдавецтва імкнецца прыцягнуць увагу да сваёй прадукцыі праз прэзентацыі. У нас прадстаўляць кнігі будуць самі аўтары, пісьменнікі, якія прыедуць з розных рэгіёнаў Беларусі, каб узяць удзел у падзеях свята: Міхась Пазнякоў, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ірына Карнаухава — з Мінска, Людміла Кебіч — з Гродна, Таццяна Дземідовіч — з Брэста і іншыя... І гэта добрая магчымасць разам з кнігай атрымаць аўтограф аўтара. Мы разумеем: важна не толькі мець, што паказаць, але і прыцягнуць людзей і зацікавіць, таму плануем адмысловыя акцыі, сувеніры і падарункі найбольш актыўным наведвальнікам. Трэба, каб свята віравала ў кожным пункце і каля кожнага стэнда. Добра ўсведамляем, што важна наладзіць кантакт з людзьмі, каб кожны, хто да нас завітае, убачыў свята. Адчуваем вялікую адказнасць, таму што Дзень беларускага пісьменства адбываецца ў горадзе з багатымі культурнымі традыцыямі.
Ларыса ЦІМОШЫК