Не памятаеце? Дык і мы б век пра тое не згадалі, калі б не кур’ёзны выпадак, з імі звязаны.
Нядаўна ў маёй любімай цётухны быў дзень нараджэння. Жанчына яна ўжо ў гадах, але яшчэ вельмі жвавая і гаспадарлівая. Таму падарункі ёй стараюся рабіць карысныя, а каб ужо дакладна ўгадзіць, заўсёды пытаю, што яна хацела б. Гэтым разам цётка папрасіла сушылку — «такую, як у вас». Сушылку дык сушылку — якраз сезон нарыхтовак, будзе грыбы-яблыкі на зіму сушыць. Цэлы вечар з мужам па інтэрнэт-магазінах лазілі, шукалі прыдатны варыянт. Нарэшце знайшлі — кампактная, але не малая, сучасная, з рознымі электроннымі «прыбамбасамі», толькі што не размаўляе. Забралі мы падарунак з пункту вывазу, яшчэ спецыяльна заехалі ў гандлёвы цэнтр, каб прыгожа нам яго запакавалі.
І вось прыязджаем мы да імянінніцы ў госці, а там ужо ўсе за сталом сядзяць. Урачыста ўручаем ёй тую закручаную ў бліскучую паперу каробку з каментарыем: маўляў, тое, што заказвала. Цётухна каробку ўзяць узяла, але неяк насцярожана. Я кажу: купілі самую сучасную, нават з таймерам. Імянінніца на падарунак здзіўлена так паглядзела, пасля з сумненнем спытала: «Нейкая яна малаватая?» Не, кажу, не малаватая, такая ж як у нас — шэсць кругоў. «Якіх кругоў?» — на твары цёткі было ўжо не здзіўленне, а хутчэй спалох. Такіх, кажу, на якіх сушыць. «А, ну ясна», — адказала яна і падарунак так асцярожненька на канапу паставіла. Пасля, нібы рашыўшыся, пачала тую абгортку здымаць...
Далей было ну вельмі смешна. «Вой, дык вы мне для агародніны сушылку купілі?» «Ну так, а ты якую хацела?» «Для бялізны»... Рагаталі мы за сталом цэлы вечар. Дзіва што ў цёткі вочы на лоб лезлі — яна ж уяўляла складную сушылку, якая змясцілася ў невялікую каробку, з таймерам і з кругамі, і прыкідвала, як на яе бялізну памытую будзе вешаць...
Тады ж за сталом нехта гэта слова забытае — амонімы — і прыгадаў. Навука на далейшае будзе — лепш лішні раз перапытаць, што маецца на ўвазе, а то раптам акажацца, што зусім не тое, што ты падумаў.
Ілона ВАСІЛЕЎСКАЯ
Уздзенскі раён