Top.Mail.Ru

«Маштабна, прыгожа, інфарматыўна і даступна»

117 супрацоўнікаў ААТ «Гродна Азот» — аднаго з флагманаў хімічнай прамысловасці Беларусі — прыехалі на экскурсію ў Палац Незалежнасці.



Гасцей сустрэлі высокія столі, бляск мармуру і незвычайная светласць зал, у якіх вырашаюцца пытанні дзяржаўнай важнасці. Па асабістым распараджэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі самы вядомы сімвал суверэнітэту і незалежнасці Беларусі ва ўстаноўлены час адкрыты для грамадзян, якія жадаюць дакрануцца да гісторыі і сучаснасці сваёй краіны. Прычым папулярнасць такіх экскурсій расце з кожным годам — наведвальнікі імкнуцца на свае вочы ўбачыць велічныя інтэр’еры Палаца, даведацца пра работу кіраўніка дзяржавы, месца правядзення самітаў і міжнародных сустрэч, зрабіць памятныя фатаграфіі. 

Першым уражаннем для ўдзельнікаў экскурсіі стала Зала ўрачыстых цырымоній. Светлая, прасторная, з вокнамі, што адкрываюць від на плошчу Дзяржаўнага сцяга, яна здзіўляе сваёй велічнасцю: «Я ўпершыню ў Палацы Незалежнасці. Вельмі рада, што наша прадпрыемства дало такую магчымасць. Усё маштабна, прыгожа, вельмі інфарматыўна і даступна», — падзялілася лабарант хімічнага аналізу Кацярына Жамойда. Аказваецца, толькі рэдкасці накшталт мармуру прывезеныя з-за мяжы, у асноўным жа Палац Незалежнасці пабудаваны з беларускіх матэрыялаў мясцовымі майстрамі. Галоўная зала Палаца ўпрыгожана копіяй знакамітага слуцкага пояса — сімвала нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны. У снежні ў Зале ўрачыстых цырымоній праходзяць дзіцячыя ранішнікі і штогадовы навагодні баль для моладзі.

Зялёная зала Палаца Незалежнасці вядомая, мабыць, ва ўсім свеце. Менавіта тут 11–12 лютага 2015 года прайшла большая частка перагавораў «нармандскай чацвёркі» — прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі. У зале працягваюць прымаць прыватныя сустрэчы ў вузкім коле. Яе круглую планіроўку вянчае камін з барочным гадзіннікам. Не меней знакаміты і яе бакавы пакой, куды лідары «нармандскай чацвёркі» сыходзілі абмяркоўваць самыя далікатныя пытанні. Сёння ж убачыць, дзе былі прыняты рашэнні сусветнага маштабу, жадаюць многія журналісты. 

Не менш уражвае Чырвоная зала: счытваецца імкненне архітэктараў крочыць у нагу з часам, аберагаючы пры гэтым шматвяковыя традыцыі. У гэтым памяшканні часта праходзяць кадравыя дні Прэзідэнта, назначаюцца новыя кіраўнікі, а за масіўным сталом Вялікай залы перагавораў праводзяцца ключавыя нарады ўнутранай павесткі дня і міжнародныя сустрэчы.

Залу ўручэння дзяржаўных узнагарод часцей называюць проста: зала «Беларусь». Менавіта тут, ва ўрачыстай цішыні і пад успышкі фотакамер, з рук Прэзідэнта атрымліваюць узнагароды тыя, кім ганарыцца краіна. Шматдзетныя маці, ваенныя, вучоныя, спартсмены, дзеячы культуры і мастацтва. Кожны, хто ўваходзіць у гэтую залу, адчувае: тут ушаноўваюць найлепшых. На гэта працуе інтэр’ер: аздабленне з цёмна-зялёнага мармуру, трыццаць дзве калоны ўздоўж сцен, а на іх — выявы дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь: 

— Я ўжо быў у Палацы Незалежнасці, але тады, у студэнцкія гады, пабываў не ва ўсіх яго залах, — дзеліцца ўражаннямі Мікіта Нічыпар, майстар участка цэха водазабеспячэння. — Вярнуцца сюды зноў, ужо ў якасці маладога спецыяліста, — асаблівае задавальненне. Існуе нават прымета: калі зрабіць фота на памяць у гэтай зале, то ўзрастае шанц самому атрымаць дзяржаўную ўзнагароду. Я таксама зрабіў здымак і цяпер буду старацца апраўдаць чаканні. Дарэчы, ужо ўдзельнічаю ў розных конкурсах, працую на карысць дзяржавы

Пад шкляным купалам вышынёй 18 метраў адкрываецца цэлы аазіс. Гэта Зімовы сад, уздоўж якога цягнуцца тэрасы з экзатычнымі раслінамі. Іх тут больш за 150 відаў. Увагу гасцей прыцягнуў фантан, аздоблены бронзавымі скульптурамі «Нёман» і «Прыпяць» — дзве ракі, два сімвалы Беларусі. А на трэцім паверсе экскурсантаў сустракае Музей падарункаў — летапіс дыпламатыі ў сотнях экспанатаў. Тут знаходзяцца дары кіраўніку дзяржавы ад лідараў іншых краін, вядомых палітыкаў, дэлегацый, дыпламатаў, спартсменаў, а таксама простых беларусаў і працоўных калектываў краіны. Цікавасць выклікаюць і іншыя лакацыі.

Увогуле, экскурсія падарыла шмат станоўчых эмоцый. Гэта адзначыў і Дзмітрый Самарын, намеснік начальніка аддзела маркетынгу: «Калі казаць шчыра, то ўражанні вельмі станоўчыя. Гэта настолькі магутнае і велічнае месца, што часам нават і не знаходзіш слоў, каб апісаць свае ўражанні». І сапраўды: веліч зал, урачыстасць інтэр’ераў пакідаюць цёплы гонар за працу суайчыннікаў — мабыць, адчуванне гэтага выносіць з сабой кожны, хто крочыць па калідорах Палаца Незалежнасці. 

Аміна НАЗАРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю