Top.Mail.Ru
0

БУТБ будзе супрацоўнічаць з Мазамбікскай таварнай біржай

27.08.2025 | 11:02

Беларуская ўніверсальная таварная біржа (БУТБ) і Мазамбікская таварная біржа (Bolsa de Mercadorіas de Mocambіque, BMM) аб’яднаюць намаганні па развіцці біржавога гандлю паміж Беларуссю і Мазамбікам, паведамілі на біржы.



Тут адзначылі, што гэта створыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання дзелавых кантактаў паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін, адкрые новыя магчымасці для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і паспрыяе росту ўзаемнага тавараабароту.

Такія стратэгічныя задачы замацаваны ў мемарандуме аб узаемаразуменні, падпісаным старшынёй праўлення БУТБ Аляксандрам Асмалоўскім і старшынёй BMM Вікторыяй Даніэль. Цырымонія падпісання прайшла ў анлайн-рэжыме ў рамках Міжнароднага гандлёвага кірмашу FACІM 2025 у Мапуту — сталіцы Мазамбіка.

— Біржа — дзяржаўная арганізацыя, якая працуе ў інтарэсах эканомікі краіны і якая спрыяе рэалізацыі яе экспартнага патэнцыялу. Таму мы гатовыя ўсталёўваць узаемавыгадныя партнёрскія адносіны з біржавымі пляцоўкамі па ўсім свеце, у тым ліку на афрыканскім кантыненце. Спадзяюся, што падпісаны дакумент стане надзейным падмуркам для будаўніцтва электроннага гандлёвага моста паміж Беларуссю і Мазамбікам, якім будуць актыўна карыстацца прадстаўнікі бізнесу абедзвюх краін, — падкрэсліў кіраўнік БУТБ.

Важнасць такога супрацоўніцтва ў кантэксце развіцця трансгранічнага гандлю адзначыла і кіраўнік BMM. Паводле яе слоў, біржы акумулююць попыт і прапановы, спрашчаючы пошук дзелавых партнёраў, а празрысты механізм цэнаўтварэння дазваляе ў свабоднай канкурэнцыі вызначаць рэальны кошт прадукцыі. У выніку павышаецца эфектыўнасць экспартна-імпартных аперацый, зніжаюцца рызыкі і забяспечваецца бесперашкодны рух тавараў.

— Я не хачу, каб супрацоўніцтва з Беларускай універсальнай таварнай біржай абмежавалася кансультацыямі і абменам інфармацыяй. У першую чаргу яно павінна дапамагчы мазамбікскім кампаніям выйсці на рынак Беларусі для продажу прадукцыі ўласнай вытворчасці і закупкі неабходных ім беларускіх тавараў. Менавіта ў гэтым бачу галоўную мэту нашага партнёрства, — заявіла Вікторыя Даніэль.

Трэба сказаць, што адпраўным пунктам для ўзаемадзеяння БУТБ і BMM стаў Міжнародны Біржавы форум, які адбыўся ў Мінску сёлета, 11 чэрвеня. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі біржаў краін СНД, Азіі і Афрыкі, уключаючы Мазамбік. Дамоўленасць аб супрацоўніцтве паміж беларускай і мазамбікскай пляцоўкамі была дасягнута на палях форуму.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю